Выбрать главу

Што за сіла гэтак усіх зраўняла?

Ад маўклівай таямніцы, што дыхала на мяне з жаўтавата-арэхавых і аж палакіраваных крывулін ды распісаных зігзага-ватымі радочкамі швоў на бліскучых чарапных гарбузіках, замірала сэрца, а цела агортвалі дрыжыкі.

Покуль хлопцы рыхтавалі ношу, іхні прафесар з выразным армянскім акцэнтам, з заразлівымі маладымі агеньчыкамі ў вачах колеру пераспелай вішні павёў са мной гутарку:

— Гэтыя будынкі службы вашыя збіраюцца доўга рэстаўраваць?

— Гадоў з шэсць.

— Жартуеце?!

— Ані крыхі.

— Ха, Гасподзь Бог за шэсць дзён увесь свет стварыў, а вы так размахнуліся?!

— Стварыў-то стварыў, Армэн Мікалаевіч, толькі ж і браку дапусціў многа — усе пакаленні боскае тварэнне паляпшаюць ды паляпшаюць. I работы такой, напэўна, хопіць яшчэ нават праўнукам нашым, калі і не на далей.

— Ха-ха-ха-ха! Хвалю за дасціпнасць, ха-ха-ха-ха! Вядома, рэстаўраваць — не разбураць, зараз часу давядзецца пакласці нямала!

— Я і кажу.

— Але ж пра стварэнне свету сказалі трапна, ха! Нічога, адбудуеце! Сцены манастыра яшчэ здаровыя, як у замку якім! I скажыце, мой дарагі, умелі калісьці людзі ды любілі будаваць — на вечнасць, не тое што зараз!

— Яшчэ пані Моніка заўважыла: каб тыя майстры замкі будавалі гэтак, як цяперашнія дамы, што атрымалася б з нашай культурай, Армэн Мікалаевіч?

Гарбузаў зарагатаў зноў, паказваючы ўсе свае залатыя масты на месцы зубоў.

Адным словам, добры настрой прафесара аж распіраў. Мне ж з ім не хацелася весці слоўную пікіроўку, бо галаву меў поўную клопатаў.

Тут мяне і кранула здагадка.

Калі ў падвале столькі целаў ляжала, то пры разлажэнні мусілі выходзіць з іх газы. Напэўна, бо куды ж ім падзецца? Яшчэ колькі выходзіла.

Я ледзь не падскочыў ад адкрыцця:

— Ах, ву-унь адкуль бралася тая зда-ань!! — вырвалася паміма волі ў мяне.

Прафесар насцярожыўся:

— Пра што вы?

— Некаторыя манашкі, Армэн Мікалаевіч, тут часта бачылі, уяўляеце сабе, здань Белай Дамы. Ды і вашыя студэнткі неаднойчы палохаліся, калі Рыгор Ламака ў манастыры інтэрнат для іх спрабаваў тут наладзіць, але ў яго так нічога і не атрымалася. Вас тады ў Гродне яшчэ не было. Спытайцеся ў свайго намесніка рэктара па гаспадарцы, ён пацвердзіць. Тым часам атрымліваецца — з трупаў у той момант фосфар выходзіў. А яны, дурніцы, светлыя язычкі газаў за людскую постаць прымалі. От — фантазёркі! Шчэ і прыдумалі — «трымціць, нібы ад пчол адбіваецца альбо ад камароў, і чутно, як коні тупочуць капытамі, як калёсы грымяць па бруку...»

Прафесар паўзіраўся на мяне, бы на вар'ята. Затым, як чалавек глыбока перакананы, аб'явіў, паступова сябе распаляючы:

— Байкі вы кажаце, мой дарагі!

— Чаму байкі?

— Байкі вашыя агеньчыкі! Байкі! Байкі!

— Вы пра што?

— Пра фосфарныя агеньчыкі!

— Хіба ж гэта няпраўда?

— Як такое можаце гаварыць вы, дырэктар музея, інтэлігентны ды нават бывалы чалавек?

— Усе пра іх гавораць!

— I вы чулі?

— Колькі разоў!

— Казка пра белага бычка, якога ніколі не бывае! Міфалагічныя агеньчыкі з-над магіл, мой дарагі,— не даказаныя навукай! Гэта ўсяго фальклор ды казкі для дзяцей! Забудзьце раз і назаўсёды пра іх, мой дарагі, і нікому ніколі даросламу не паўтарайце, калі не хочаце асмяшыцца, добра? Сваім унукам толькі можаце гаварыць пра гэта, калі пойдзеце на пенсію!

Я быў ашаломлены, збіты з канталыку. Чалавек мяне дабіваў:

— Не сумнявайцеся ў тым, што вам кажу! На кафедры нашай крыміналістыкі ні ў адной кніжцы не знойдзеце гэтаму пацвярджэння — ні ў адной!

— Вы — што?!

— А так! Няма іх і ў працах замежных аўтараў! А навуко-вая бібліятэка ў нас самая багатая ў рэспубліцы, ведайце! Схадзіце ў яе ды пачытайце — выбераце сабе там кніжкі на любой мове, але і ў іх вы не знойдзеце пацвярджэння гэтаму!

— А вы ўпэўнены?

— Ні слова не знойдзеце!

— Пачакайце, Армэн Мікалаевіч, але ж фосфарныя агеньчыкі над магіламі людзей — даўно вядомая ісціна!

— Даўно вядомая хлусня, мой дарагі! А ўсялякая хлусня, як устарэе, для некаторых жалезнай праўдай становіцца! Яшчэ Гебельс заўважыў — калі брахню часта паўтараць, людзі яе пачынаюць прымаць за праўду, на гэтым Гебельс будаваў прапаганду сваю!

— Не маленькі, прыклад з Гебельсам даўно сам ведаю, але ж пры чым тут фосфарныя агеньчыкі?

— Такая самая хлусня!

— Ну-у, прафесар, ведаеце?! Гэтага я не выдумаў, а — народ, і казаць так пра яго...