Выбрать главу

«Казалі, што з'яўляецца, але я не бачыла. А што, магла і з'яўляцца. Бо апаганілі наш кляштар дзве жабрачкі — да крыві пабіліся каля кліраса на вялікдзень. Ігуменша, матушка нашая, царства ёй нябеснае, намервалася высвяціць храм зноў, ды не паспела — прыехалі мірскія нас высяляць».

Адным словам, вяртаўся я вечарам дамоў, а на душы такую адчуў непапраўную страту, што лепш бы нікуды не ехаў ды сэрца не трывожыў.

Праўду людзі кажуць — два разы праз тую самую раку перайсці нельга.

Лагер ваеннапалонных у Бяла Падляска

Мінуў год ці два.

У складзе ветэранаў на гадавіну вызвалення Польшчы ад нямецкай акупацыі прыбыў я ў ПНР. У Варшаве раздзялілі нас на групы ды адправілі па розных маршрутах. Мне дасталося падарожжа ў Бяла Падляска — недалёка ад нашай граніцы.

У тым горадзе нам уручылі густоўна, з чыста польскай элегантнасцю зроблены вянок ды павялі на братнюю магілу савецкіх байцоў. Знаходзілася яна на месцы лагера палонных.

Увесь той жах, у якім з голаду і хвароб каналі мільёны савецкіх мужчын з тых, хто ў Вялікую Айчынную вайну, калі па справядлівасці разабрацца, меў няшчасце не па сваёй волі трапіць немцам у лапы, яшчэ чакае сваіх апісальнікаў, а я збольшага перадаю адно тое, што бачыў і аб чым думаў у Бяла Падляска. Бо гэта якраз мае адносіны да адкрыцця, якое мяне там чакала, ад чаго байка пра Белую Даму ўскладнілася.

У Бяла Падляска немцы загналі савецкіх палонных з разбітых нашых часцей ў Заходняй Беларусі, а галоўным чынам — ля Брэста ды паабапал шашы Брэст — Мінск. Для лагера адвялі за горадам вялізны квадрат — кіламетр на кіламетр — поля, абгарадзілі трохметровай сцяной з калючага дроту, а наверсе парабілі засекі.

Па ўсім перыметры агароджы паставілі вартаўнічыя вежы з кулямётамі і пражэктарамі, ў драты пусцілі ток.

Ні будынкаў, ні зямлянак за агароджай не было, і рабіць іх палонным спачатку не дазвалялі. Няшчасныя нашыя людзі — у гімнасцёрачках, шынялях ці цывільных пінжачках, хто паспеў на якім-небудзь хутары пераапрануцца, свайго канца меліся чакаць пад адкрытым небам — у дождж і снег.

З першых дзён існавання лагера фельдфебель вывеў за драты каманду абарванцаў з лапатамі ды загадаў выкапаць даўзёрны роў, не хаваючы ад палонных, для чаго ён паслужыць.

Тое месца і было цяпер брацкай магілай.

Такім чынам немцы падрыхтаваліся, каб усе вязні сканалі ад голаду. Маўляў, мы іх спецыяльна і не расстрэльвалі, а што гэткай навале це змаглі забяспечыць камфорту, ад чаго яны падаходзілі, на тое і вайна.

Гісторыя не данесла, колькі дакладна палонных акалела ў першыя месяцы акупацыі, а на 10 жніўня 1941-га налічвалася іх там 50 000 чалавек.

К таму часу на тэрыторыі лагера нельга было ўжо ні адной травінкі знайсці, ні карэньчыка, ні лісточка. Паступова паварылі ўсе рамяні, скураныя часткі абутку і нават капыты ад здохлых коней і быдла, якое знайшлі ў ямах.

Не кожная варона адважвалася паказацца над лагерам, бо і птушак знімалі на ляту з прымітыўных лукаў і прашч.

Вайсковая махіна гітлераўцаў на Усходнім фронце і ў Афрыцы якраз атрымлівала перамогу за перамогай, і караблі саюзнікаў у акіянах ішлі адзін за адным на дно. Прапагандысцкія фанфары Гебельса трубілі ва ўсю глотку аб трыумфальным паходзе непераможных нямецкіх часцей, размалёўвалі яго на ўсе лады, як вясёлую, рамантычную ды надта карысную для кожнага арыйца прагулку.

Зрэшты, так было тады і на самай справе. Немцам якраз шанцавала, куды б яны ні накіроўвалі свае сілы.

Лагернай ахове не цярпелася далучыцца да сваіх войск ды паспытаць ап'яняючую асалоду пераможных маршаў. Салдаты не маглі ўжо дачакацца сканання падапечных. Сумныя, цягучыя дні службы стараліся ўразмаіціць.

Вось як гітлераўцы забаўляліся.

Крывавыя гульні

Набліжаўся пасля службы той ці іншы яфрэйтар — наадэкалонены, у адпрасаваным, з іголачкі, новенькім мундзіры да агароджы ды цэлымі гадзінамі з пыхлівай араганцыяй, пакурваючы араматычныя цыгарэткі «Юньён», назіраў за морам чалавечых зданяў, што перад ім сноўдаліся.

Глядзелі яны так на зняволеных, а сэрцы поўніліся пыхлівым гонарам.

Іншым разам сышлося іх гэтак з пару дзесяткаў. Прыглядваліся цераз драты, гергеталі і нарэшце паклікалі пятнаццацігадовага Васіля. Кім хлопчык быў і адкуль родам, ніхто так мне і не мог сказаць, толькі вядома, што ўзялі яго ў палон з апошняй групай абаронцаў Брэсцкай крэпасці. У лагеры любілі яго — ведаю ад даўняга сябра, сёння нябожчыка — гродзенскага стаматолага, Вячаслава Васільевіча Гарызон-тава, якому нейкім трафам пашэнціла прайсці тое пекла і выжыць. Шчасліўчыкі, каго выводзілі за драты ў горад на работы, прыносілі хлопчыку хто кавалак хлеба, хто сухарык, а хто моркаўку, і ён быў менш-больш пры целе.