Выбрать главу

Янка Купала

Безназоўнае

1
Спачатку яно шалясцела           Вельмі нясмела, А потым лізнула аконца           Ціха, як сонца.
Назаўтра ўзняло галасочак,           Нібы званочак, Ды ў час празвінела так далей           Збуджанай хваляй.
На трэці дзень чуцен быў гоман,           Хоць і надломан, Але ўжо больш вольны, дасціпны,           К сэрцу прыліпны.
А далей яно зашумела           Надта ўжо смела, Аж водгулле ў светы пабегла           Здольна, разлегла.
Па пушчах пайшло бураломам -           Дома, за домам. Бунтарскае грымнула слова           Аж да аковаў.
Скаваная сіла паўстала           Бурай... навалай... Надзелі чырвоныя кветкі           Нашы палеткі.
Во як пачалося ў нас ціха           Тое ўсё ліха, Што нат беларускія межы           Ўсталі з залежы.
2
Масты старыя спалены -           Старыя ланцугі; Паложаны падваліны           Пад новыя сцягі.
Узводзіцца будыніна           На іншы склад і лад... Вароты не зачынены:           Прыходзь і кум, і сват.
Ідуць, ідуць з аглядкаю,           Варожаць варажбу: Ці доўга так пасвяткуе           Той лад сваю сяўбу.
Яшчэ не дрэме чорнае           Ў закутках груганнё І душы непакорныя           Сачыць, як воўк ягнё.
Мяркуюць так і раюцца           Ідучы сват і кум... Ніхто не дакапаецца           Да іхніх слоў і дум.
Ой, крыўда чалавечая,           Вякамі ты расла, Пажарамі і мечамі           Паслася, як магла.
Калі ж ты забабонамі           Пакінеш нас карміць, Над роднымі загонамі           Пятлю крутую віць?!
3
Ой, была ж бяседа, была           Вельмі гучная бяседа! - Не адходзіла ад стала           Плойма-чарада суседаў.
Як на рынак ці на кірмаш,           Ад нядзелі да нядзелі, На каравай пшанічны наш           Машкарой ляцелі, елі.
А маковае малако,           Засалоджанае мёдам, Пілі смагла, ажно цякло           Па губах іх мімаходам.
А закусвалі мёд і яду           Гаспадыньскай ласкай удзячнай, Тут жа дзьмуў дудар у дуду,           Каб было піць, есці смачна.
Дый прыйшлося плаціць чарадзе           Той за гэта баляванне, Бо дарма такога нідзе           Не бывае частавання.
Ой, пайшла расплата за доўг -           За яду й пітво адразу... Задымеў, зацьміўся разлог,           Зварухнуў усю заразу.
Хто у рукі папаў - заплаціў,           Іншы ўцёк за многа міляў. А найболей - кожны скруціў...           Так не ўсе і заплацілі.
4
Было яно калісьці, Калі, як жаўталісце,           Жылі мы - не жылі; Ішлі дні без карысці, І сорам было выйсці           У свет з сваёй зямлі.
Гнаў лісце злосны вецер Па полі, па ўсім свеце,           За вёску, за сяло; На нас ляцела смецце, Бязладдзе, беспрасвецце,           Пятлю віло сіло.
І гэтакая слава, Як пошасці праява,           Буяла па людзях, Пакуль жыццё ласкавай Усмешкай і забавай           Не асвяціла шлях.
Забліскацелі лужы, Бяда звілася вужам...           - Ідзе, - крычаць, - вястун!.. І ўзняўся нехта дужы, І кінуў кліч дасужы -           Як помста, як пярун.
Ад воклічу прарока Схіснулася памрока,           Сцяг падняла вясна, І па зямлі шырокай, Як можа змерыць вока,           Пабегла навіна.
Сяляне і сялянкі! Цацанкі-абяцанкі           Збываюцца для вас; Выходзьце на палянкі, Як зоры, як заранкі,           І сейце ў добры час.