Выбрать главу
Бо цікуе злосны вораг Тых, што спыняцца не ў часе У сваім паходзе ў зорах І задрэмлюць на папасе.
9
Яшчэ не ўся работа зроблена,           Не ўсё жніво у нас пажата, - Яшчэ краіны стан пагорблены,           Як быў, застаўся ён гарбатым.
Яшчэ дзесь здрадна ласка панская           На беларускім едзе карку І круціць з подласцю паганскаю           На свой лад нашу гаспадарку.
Яшчэ там сыты гонар ласуе           Дзявочу ўсмешку беларускі, Далары лічачы за касаю,           Што з нашых здзёр палосак вузкіх.
Яшчэ там корна служаць мамкамі           Сястрыцы нашы і сягоння, Ды стогнуць, мучацца пад клямкамі           Браты, як некалі ў прыгоне.
Яшчэ ўспалаюць там паднебныя           Чырвоным полымем пажары, І будуць гінуць там патрэбныя           І непатрэбныя ахвяры.
10
Пакінем спадчыну мы для патомкаў           Інакшую ад той, Што ўзялі мы ад продкаў на абломках           Гісторыі сваёй.
З інакшай думкай пойдзе ў свет і людзі           Патомак гэны наш: Згібацца ўжо не будзе і не будзе           Піць з недапітых чаш.
Дасталі сцежкі, ад якіх прапасці           Маглі мы ў бяспуцці, А кінем бітыя шляхі да шчасця,           Абы умець ісці.
На продкаў плечах паўзрасталі вежы,           Дзе торг вялі за нас, А мы патомкам нашым кінем межы           Без ашуканскіх крас.
Яшчэ пакінулі нам асляпленне,           Пашану да пакут, А мы пакінем песню вызвалення           І вольны бацькаў кут.

1924