Выбрать главу

Карней пайшоў. Ён не пакрыўдзіўся. Ён не ведаў, што такое “дэгенерат”. Так ён хадзіў па горадзе. Бачыў надпіс “Зараза!” вакол лагера. Бачыў, што ў горадзе мала людзей, што з яўрэйскіх кладоў часам нясе тлустым дымам. Але ўсё гэта праходзіла паўз яго. Мазгі Карнея здатныя былі рэагаваць толькі на тое, што адбываецца вось тут, на яго вачах.

Пачынаўся зазімак. У лазні рабілася холадна.

Аднойчы на світанні нешта штурхнула яго ў сэрца. Сам не ведаючы чаму, ён занепакоіўся. Потым гэта невядомае прымусіла яго апрануцца і выйсці з лазні. Ніхто чамусьці не затрымаў яго, і ён дайшоў да самай ускраіны саду і ўбачыў там вялізную літару “П”, а ля яе людзей. Людзі рабілі нейкую звычайную сваю работу. Гаспадар хаты стаяў, пазяхаючы, непадалёку ад другога афіцэра, які чытаў з маленькага лістка. Было яшчэ некалькі людзей у зялёным і жанчына, якой толькі што абрэзалі косы ў вялікі папяровы пакет. Жанчына стаяла і нібы нешта глытала, хоць ежы ў яе не было відаць.

Афіцэр павярнуўся і заўважыў Карнея.

- А-а, аўтахтон. Ну-ну, падыходзь. Бачыце, панове, вось і паняты з’явіўся.

Ён амаль любіў гэтага недапечанага чалавека (дрэнныя людзі любяць таго, хто ніжэй за іх) і размаўляў з ім заўсёды паблажліва і ласкава. Але другі афіцэр, той, што чытаў, сказаў яму нешта, і гаспадар занепакоіўся.

- І сапраўды, хадзем адсюль. Давай, давай.

Яму, відаць, вельмі хацелася дадому. Ён хранічна недасыпаў, гэты чалавек. Таму ён з радасцю пакінуў свой пост і павёў Карнея прэч.

- Што гэта тут робяць гэтыя людзі? - спытаў пацукалоў.

- Вешаць будуць. Злачынцаў, - ляніва адказаў афіцэр.

- Як вешаць? - здзівіўся Карней.

- А так, за шыю.

- Вешаць? За што? - Карней занепакоіўся. - І дыхаць нельга?

- Чаму нельга? Льга. Т олькі не ротам.

І раптам пацукалоў загаварыў разважліва і павучальна:

- Няможна вешаць людзей за шыю, пан. Шыя дадзена, каб дыхаць. Іначай нельга дыхаць... Хіба можна так, за шыю? Няможна вешаць людзей. Яны людзі. Яны хочуць есці, піць ваду і піва, плаціць мне грошы, что я выганяю пацукоў. Нашто ж, замест таго каб шкадаваць людзей, раптам - за шыю? Шыя чалавеку не дзеля гэтага дадзена.

Афіцэр з цікавасцю паглядзеў на яго.

- Што гэта ты вярзеш, дурань? Марш адсюль!

Але Карней не пайшоў. Ён стаў ля афіцэра і пранікнёным, вельмі цвёрдым тонам сказаў:

- Яна ж памрэ, праўда? Пане, злпуйцеся над ёю, пашкадуйце яе. Яна ж чалавек, як і вы...

Афіцэр маўчаў. Напэўна, думкі яго былі ў гэты момант далёкімі ад устава. Вялізная вайсковая машына - і тут прыдурак. Урэшце ён паўтарыў яшчэ раз:

- Марш, дурань!

Пацукалоў глянуў назад. Жанчына ўжа вісела, а адзін салдат, абхапіўшы яе ногі, цягнуў уніз.

Карней жаласна застагнаў і пайшоў прэч. Сэрца яго аблілося крывёй.

У тую ноч абурыўся ўвесь яго маленькі свет, дзе людзі жывуць, смяюцца над ім, плацяць яму грошы, дзе дзеці любяць яго, дзе пацукі баяцца касталом-травы.

Ён пачаў унікаць афіцэра, але хутка яго паклікалі ва ўласны

дом.

Справа была ў тым, што пацукі з разбуранага бровара, дзе яны раней жывіліся, кінуліся ў суседнія дамы, асабліва ў тыя, дзе была ежа. Атрута не памагла. Тады звярнуліся да яго, і “тубылец” нечакана згадзіўся, толькі папрасіў тры дні, да суботы.

- У суботу пан будзе гуляць у карты спакойна, пад падлогай ніхто не будзе шарудзець. А што доўгі тэрмін, дык шаптаць такому пану - не простая справа... У простага мужыка і пацук, значыцца, просты і выгнець яго проста... А тут пацук адгадаваны і шкодны.

Пасля многа гутарылі пра тое, што нехта бачыў пацукалова за горадам, на дарозе, у кампаніі з нейкай кабетай, якая вельмі нагадвала ўдаву Стучэўскую. Яна штосьці гаварыла, а пацукалоў адказаў толькі раз:

- Не ведаю. Галава ў мяне такая... Самыя простыя рэчы не разумее.

Пасля яны пастукалі ў нейкі домік на ўскраіне і доўгі час сядзелі там. Пацукалоў пабываў там яшчэ раз і выйшаў адтуль, моршчачы лоб.

Таго самага дня ён пабываў ва ўласнай хаце, стаяў там на ка-ленях і шаптаў тое, што шаптаў тысячу разоў: “Цар пацучыны, вета-хавы, цёмны, выходзь... на балаты... там... на пясок рассыпайся...”

Ён папрасіў дазволу прыйсці ў суботу ў шэсць гадзін для канчатковай замовы.

У той дзень выпаў першы сталы снег. Дом і сад выглядалі такімі прыгожымі пад белымі, мяккімі падушкамі.

І калі пацукалоў у суботу прыйшоў другі раз, ён доўга стаяў ля хаты, гледзячы на яе прагнымі вачыма. Торба вісела ў яго цераз плячо, стуль выглядалі сцябліны травы. А вусны ўсё шапталі нешта.

Пасля ён выцер кулаком сухія вочы і хутка пайшоў да ганка. Салдат і паліцай з мясцовых адвялі яго ў сталовую.