І так без канца.
0 Божа літасцівы, пакутаваць вам, мужчыны, ныня і прысна і давеку!..
Тупае яна па кветніку, а дзядзька сядзіць і думае. Шмат што прыпамінаецца яму. І галоўнае, вайна.
Дзядзька не без падставы лічыць, што людзі зямнога шара пакутуюць толькі з-за страху. З-за страху бяжыць у атаку каланіяльны салдат, з-за страху адрываюць з рота ў галоднага дзіцяці хлеб і нясуць яго на алтар бога, які ў гэтым зусім не жадзён.
Дзеля страху кленчаць, дзеля страху тысячы такіх вось дзяцей па ўсёй зямлі ператвараюцца ў ваўкоў і гадзюк.
Над светам стаіць “Нешта”. І палова людства баіцца яго, хоць варта было б толькі ўсім людзям як адзін сказаць “не хачу”, і гэтае ідалішча развеялася б дымам.
У дзядзькі ад гэтых думак баліць галава, нараджаецца нявер'е ў сябе і ў род чалавечы.
У Алёнкі таксама ёсць свае страхі. Яны, праўда, - маленькія, але хіба для такога кураняці шмат трэба?
Гэты страх - Пыласос!
Даўно, да прыезду ў гэты дом на адпачынак, ім на кватэру прынеслі падобнае на чарапаху страшыдла. І з таго часу яно напаўняла сваім трэскам пакоі.
Яно бурчала і паўзло, як жывое.
1 дзікі, нечалавечы жах апаноўваў Алёнку. Яна нават не крычала, яна глядзела ў адну кропку і дрыжала ўсёй скурай.
Нарэшце дарослыя заўважылі гэта і сталі выносіць малое на вуліцу пад час работы страхоцця, але адразу, з усёй жорсткасцю дарослых, выкарысталі гэты страх.
Прывід Пыласоса вісеў над Алёнкай і тут.
Захочацца пайсці ў кусты і надзерці там поўныя жмені зялёных парэчак - і адразу ж гучыць грозны голас:
- Нельга. Пыласос!!!
Вочы яе адразу акругляюцца і застываюць. Рукі з ружовымі танюсенькімі пальцамі закладваюцца за спіну і там шаруюцца адна аб адну. Яна паварочваецца і непаслухмянымі губамі паўтарае:
- Там... пасёсь.
І глядзіць на маці вялізнымі вачыма.
Гэтыя вочы так нагадваюць дзядзьку другія вочы, што ён увесь уздрыгвае ад глыбокага і цёпляга прыліву пяшчоты. Потым адбываецца размова з сястрой:
- Не смей яе палохаць.
- А ты сам тады глядзі за ёю ўвесь дзень. На ёй скура гарыць.
- Ну і дзякуй Богу. Можа, я гэтых парэчак не еў у дзяцінстве? Або ты? Усе гэтыя твае стрэптакокі - у стэрыльных бальніцах. А там, дзе бабы на полі бульбу капаюць, - аб іх і не чулі.
- Не ты ёй маці, а я. Мне і меркаваць.
Дзядзька маўкліва згаджаецца з бясспрэчнай ісцінай.
І зноў цэлымі днямі гучыць над дзіцёнкам імя страхоцця.
- Не хадзі туды, не рабі гэтага, не рві таго!
- Пыласос! Пыласос!! Пыласос!!!
Проста невыносна. Дарослы - і той бы з'ехаў з глузду ад такога, а тут жа маляўка.
Дзядзька сядзіць і думае. У кожнага ёсць свой Пыласос. І гэты Пыласос робіць з разумнай, гордай, прыгожяй істоты, створанай для радасці і мастацтва, - пакорлівую жывёліну.
А сад такі гожы, столькі ў ім нябачных пладоў, столькі хмызня-коў і травяных зараснікаў. Ідзі па ім, тупай пакуль яшчэ слабымі нагамі. А ягады такія празрыстыя, такія сагрэтыя сонцам. Сонца пранізвае іх навылёт, нараджаючы ў каламутнай глыбіні невыразныя контуры семачак. Куст кліча да сябе, як дрэва пазнання. Ідзі ж, ідзі!
- Пыласос!!!
І закладваюцца назад рукі. А родныя вочы, сінія - як у той -застываюць. Напэўна, і тую, іншую, многа палохалі. Якіх жа намаганняў каштавала ёй вырасці такой, як яна ёсць!
І вось аднойчы, калі брат і сястра сядзяць поруч і брат выказвае свае невясёлыя думкі, з-за вугла дома выплывае касалапым упэўненым крокам круглая Алёнка.
Жывот - наперад, рукі за спіною, на тварыку стрыманы і прытворна раўнадушны выраз.
Яна тупае гаспадарскім, паважным крокам.
Вось падышла зусім блізка да маці, паклала ёй на калені кулачкі, расшчапіла іх.
На яе далонях ляжыць дзесятак зялёных парэчак.
І адразу яе мордачка робіцца круцельская, хітрая.
- Мама. Пасёсь.
І тут дзядзька не вытрымлівае. Ён хапае яе на рукі і шалёна цалуе ў брудныя лапкі, у шчокі, у хітрыя вочы.
- Дачушка ты мая! Дзіця ты маё чалавечае!
Блакіт і золата дня
Вясною палескія рэкі пачынаюць цячы назад, да вытокаў.
Толькі адна Прыпяць з цяжкасцю гоніць да Дняпра талыя воды, заліваючы на дзесяткі кіламетраў палі і лясы.
Застаюцца толькі вёскі на выспах ды рэдкія барліны са стагамі сена ці шумлівым вяселлем. Часам — кірмаш на чаўнах, з'яднаных масткамі, плывучы кірмаш, што павольна набліжаецца да далёкага сяла.
Пахнуць добрым малаком каровы, коні баязліва касавурацца за борт фіялетавым, напружана-разумным вокам.