- Я думаю, што гэта будзе здорава, - шчыра сказаў Касачэўскі.
- Роля ў вашых магчымасцях. Добрая будзе штука.
І калі яна раптам глянула на яго падазрона, ён шчыра разрагатаўся.
- А я... а я, дурань, ледзь не паверыў немажліваму. Чорт яго ведае, думаю, калі лісты перадаюць з “Лятучага Галандца”, калі захаваўся гэты дом ля старой вежы, - чаму, думаю, не жыць у ім ценю былога, які пражыў тры стагоддзі і якраз збіраецца атруцідца.
Яна глянула на яго сур’ёзна:
- Не трэба смяяцца з гэтага. Каб я не бачыла, што вы на хвіліну ўсур’ёз паверылі, я адразу выгнала б вас за дзверы. Можа, вы і не такі чалавек, але за гэтую хвіліну вам многае даруецца.
- Ваша праўда, - пасур’ёзнеў Лявон. - Але ж гэты карабель...
- І гэта проста, вельмі проста. Калі ехалі сюды, многа гаварылі пра тое, што патрэбен карабель. Напэўна адшукалі недзе старую пасудзіну, адрамантавалі, падгрыміравалі пад старажытнасць - і вось яно ўсё і адбылося.
Лявон пасуравеў:
- Дык, значыцца, гэта ўсё нечы жарт. Дурны жарт, няварты сапраўднага чалавека. Я, вядома, не верыў, але ўсё ж...
- Але ўсё ж у глыбіні душы вашай жыла вера. І гэта добра.
- Гэта мне пакаранне, - сказаў Лявон. - Я занадта замкнуўся. Дзюны, мора, захад сонца, кнігі. У бойцы з рэалізмам я адхіснуўся ад апошняга і атрымаў па галаве... Дрэнна мне, крыўдна...
Яна раззлавалася:
- Прабачце, але гэта лухта. Усё адбылося як трэба. На хвіліну мы паверылі, што казкі будуюцца не на пяску. Як вам не сорамна крыўдаваць на жыццё? Мне бывае больш цяжка: няма на свеце людзей больш празаічных, чым артысты. Яны рэалісты да самага нутра, бо палац прынцэсы для ix - проста палаценца з груба наляпанай фарбай. Яны добрыя людзі, і ўсё ж з імі вельмі цяжка, -даводзіцца хаваць душу і выглядаць дзікай коткай.
Лявону стала сорамна. Ён паказаў сябе слабейшым за гэтую дзяўчыну. Т аму ён проста сказаў:
- Я начытаўся старых балад. Яны чароўныя. І раптам атрымалася ўсё, як у іх:
Марыя ўсміхнулася:
- I дзякуй богу, што так. Лёгкі налёт легенды - гэта добра. А ўся легенда ў нашыя дні - гэта смешна. Ну ўявіце сабе, што вы адшукалі б тут чатырохсотгадовую дзяўчыну, а я пабачыла б марака ў панцыры, пабітым іржою. У яго, вядома, была б нежыць, бо нельга трыста год правесці ў тумане на палубе і не захварэць абрыдлівай, хранічнай нежыццю. Напэўна, ён звярнуўся б да мяне так: “Адчыдзіце бде, гэта я, дяшчасды жадіх”.
Памаўчала хвіліну:
- Не, голай легенды ў нашы дні не можа быць. Але каб мы не зачарсцвелі душой, каб не сталі людзьмі, у якіх толькі і ёсць за душою, што зарплата, яна павінна быць патроху ва ўсім: у кавалку хлеба, у таўстуне, які сядзіць, гледзячы на паплавок, у метале пад молатам, нават у тым, што чалавек часам бяжыць на бераг лясной пратокі і запальвае вогнішча, як тады, калі легенд было многа, а хлеба мала.
- І нават у тым чалавеку, які ўрываецца ў чужы пакой і пудзіць яго жыхароў, якія зусім не думаюць піць атруту.
- Нават у тым, - проста сказала яна.
- I гэта вельмі-вельмі добра, - зусім ужо суцешыўся Касачэўскі.
Абаім стала лёгка і весела, калі ўсё цяжкае засталося ў
мінулым.
- Піце, чай, - сказала яна. - Ахалоне. І ўсё ж гэта вельмі дрэнны жарт. Т ак можна і забіць у чалавеку добрае.
- Гэта не так лёгка зрабіць, - цвёрда сказаў Касачэўскі.
- Жарт задуманы грунтоўна, разважліва і... злосна. На гэта некаторыя нашы сябры вялікія мастакі. І за гэта я іх вельмі не люблю. Не люблю пшутаў і нахабнікаў. Вонкавы лоск, вытанчаная прыга-жосць - фу!
- Пакіньце, Марыя Сяргеўна, - мірна сказаў Лявон. - Я не крыўдую. Ну іх! Я нават рад. Горш было б, каб яны накіравалі мяне на вялікую кухню і я там аддаў ліст першай-лепшай Марыі, а пасля мяне адвезлі б у дом для вар’ятаў.
- Вы не разумееце, - сказала яна. - Гэты жарт задуманы як палка на два канцы. Яны далі не першы - лепшы адрас, а менавіта мой, бо ведалі яго. Хацелі стукнуць не толькі па вас, а і па мне, бо я заўжды смяюся над сантыментамі, мяне лічаць за асобу рэзкую і жорсткую, якая не належыць да пароды коцікаў, якіх гладзяць, а яны зажмурваюць вочы ад асалоды.
- Праўдзівей кажучы, вы проста не жадаеце з імі быць такой, -зазначыў Касачэўскі.
Яна не стала прыкідвацца:
- Так, мне проста брыдка. Гэтыя рукі даб’юцца ўсяго самастойна.
- І гэтым рукам будзе вельмі цяжка, - дадаў Лявон.