Выбрать главу

І тут хлопец паглядзеў на дзяўчыну, быццам упершыню заўважыўшы яе. Убачыў, як яна ўся дрыжыць ад холаду. І востры, ні з чым не параўнальны жаль разануў яго па сэрцы.

- Едзем да мяне. Мы сёння не дачакаемся цягніка. Пераначуеш у мяне.

І амаль бягом павёў яе да прыпынку таксі, прэч ад перона.

Калі яны ўвайшлі ў пакой, дзяўчына бяссільна апусцілася ў крэсла. Ён пстрыкнуў выключальнікам - і за акном адразу ўвесь свет агарнуўся змрокам і непрытульна падямнелі ствалы напалову голых дрэў.

Яна дрыжала, седзячы ў крэсле. А хлопец замкнуў дзверы, спехам уключыў рэфлектар - у пакоі было халаднавата, таму што яшчэ не пачыналі палідь, - і выцягнуў з шафы ваўняны пуловер.

- Прэч гэта, - сказаў ён, стаючы перад ёй на калені.

Ён адкінуў туфлі ўбок і захутаў яе ногі, з пакутлівым шкадаваннем адчуваючы, якія яны халодныя.

Потым спешна наліў ёй шклянку віна, адчыніў пісьмовы стол. У пакоі адразу разліўся добры, зусім хатні водар саду. Ён выцягнуў усю шуфляду, напоўненую зеленавата-васковымі моцнымі яблыкамі, і паставіў перад ёю.

- Выпі. Еж, - сказаў ён.

Яны моўчкі пілі. У непрытульным змроку за акном, за шумнай цемрай парку дрыжалі гарадскія агні.

І абаім здавалася, што гэта не той няўтульны і любы і пагражальны горад глядзіць у іх пакой, а проста закінуты хутар недзе на краі зямлі, і гарыць печ, і сумуе ў садзе закінуты шалаш вартаўніка, і моцны водар яблык, што аддае віном, поўніць усё вакол. Гэты прывід шчасця, немагчымага цяпер для іх, быў такі пакутлівы, што яна сказала:

- Пакажы мне свае работы.

Ён нават з нейкай радасцю адшмаргнуў шторы.

І яна міжвольна падалася назад: з палатна, што стаяла перад ёю, лілося такое трывожнае чырвонае святло, што хацелася закрыць вочы.

Яна зразумела, што гэты водбліск пагрознага не мог быць звычайнай зарой.

Усё было проста: насычанае чырвоным неба, барвовы адбітак у спакойнай вадзе, схіленая пад уласным цяжарам вадзяная чарацінка, што перакрэсліла палосу. Рабілася шкода чагосьці, нешта пагражала, нараджалася ў сэрцы няўмольная любоў.

- Гэта называецца “радзіма”, - сказаў ён.

- Так яшчэ ніхто не рабіў, - сказала яна.

- А вось яшчэ.

Яна ўбачыла пакрыўлены рог дома, акно, з якога, як сцяг, вырывалася фіранка, - відаць, па пакоях гуляла пройма - і двух сабак, якія пілі ваду пад дзіраваю рынай. Убаку трэці пёс, пужліва азіраючыся, капаў сабе ў зямлі нару.

- Гэта называецца “вайна”? - спытала дзяўчына.

- Так.

Потым была бязмежная роўнядзь вады, сусветны патоп, а над ёю юнак, што ўздымаў на руках непрытомную дзяўчыну. Вада ўсё прыбывала, і на твары юнака можна было чытаць:

“Любая, дыхай, пакуль мае вусны не зніклі пад вадой”. І яшчэ нібы чыталася: “Я не баюся цябе, бог! Таму што я чалавек. Нават перад смерцю”.

Яны глядзелі далей. Перад дзяўчынай праходзілі людзі - людзі са спрацаванымі рукамі, людзі шахт, людзі непалітых ніў, маладыя альбо старыя, добрыя ці благія, але ўсе чалавечныя.

- Я ненавіджу смерць, - сказаў ён, - я ненавіджу яе.

- А як ты змагаешся з ёю?

- Глядзі.

На новым палатне быў лес, светла-зялёная, пранізаная сонцам папараць. І ў ёй, бы ў зялёных аблоках, быццам зусім не дакранаючыся да зямлі, сутыкнуліся два магутныя кані, счапіліся ў апошняй стычцы два коннікі.

Гэта было зроблена з такою дзікай экспрэсіяй, з такім драмагызмам, што міжвольна прыходзіла думка: адзін з іх, той, што ў чорным, нікуды не ўцячэ.

Гэта Ян Прыгожы дабіваў Балотнага Уладара.

Дзяўчына ўздыхнула:

- Ты ведаеш, што ты геній?

- У мяне няма часу на тое, каб стаць ім.

І, апусціўшы штору, быццам адрэзаў:

- Спі.

- Пачакай, я яшчэ пабуду з табою... Трошкі. Я не хачу спаць.

- Добра, - у яго загарэліся вочы. - І я таксама.

Яны яшчэ каля гадзіны гаварылі. І гэта былі ўспаміны, словы аб мінулым каханні, аб тым, што кожны з іх перажыў потым.

Пасля гэтага ён адкінуў рог коўдры, паправіў халаднаватую прасціну, узбіў падушку.

- Кладзіся. Я ў суседа, за сцяной. Яго няма. Трэба будзе -пастукай.

Яна запытальна глядзела на яго. Ён паставіў на начны столік графін з вадрю, талерку з яблыкамі.

- Піжама ў шафе, калі хочаш.

Твар яго здаваўся каменным. Ён узяў з шыфаньера прыбор для галення, развітаўся і выйшаў.

Яна ляжала ў ложку і доўга чакала. Ён не вярнуўся.

А ў гэты час ён пастукаў у пакой трэцяга суседа і сказаў яму:

- Ты прасіў у мяне брытву?

Добрыя блакітныя вочы пад белымі вейкамі заміргалі:

- Калі? А-а... добра, мне якраз патрэбна.

І хлопец пайшоў у суседаў пакой.

Ён пагасіў святло, выцягнуўся пад коўдраю, адчуваючы сябе, як зрынуты волат.