Выбрать главу

Часам маскоўскія пасіі пераходзілі ў спадчыну ад выпускнікоў да першакурсь­нікаў, па тым жа знаёмым тэлефонным нумары. Апошнія і не здагадваліся. Часам высьвятлялася зусім выпадкова, калі нехта прыязджаў у камандзіроўку ў сталіцу і рашаў наведацца па старых адрасах... Мусіць, пра маскоўскія спакусы ведалі ці жаночай інтуіцыяй адчувалі, бо некаторыя жонкі кідалі ўсё і ехалі разам з мужамі ў Маскву, дзе здымалі кватэрку ці пакойчык, уладкоўваліся на работу. З нашай групы такім макарам прыехала жонка Івана Какоткіна Люся, урач. Пакуль яна была на рабоце, Іван прападаў з намі, а на ноч амаль дзьве гадзіны дабіраўся на ўскраек гораду, дзе яны здымалі пакойчык.

Але былі і іншага кшталту калекцыянеры. Апроч сотні масквічак, яны ставілі яшчэ адну задачу – не пакінуць белай плямай на карце сталіцы ніводнай піцейнай установы. Калі першыя, маючы справу з удавіцамі і разваднічкамі, як-кольвек укладваліся ў стыпендыю, то гэтыя ўмудраліся праводзіць праз строгую прахадную кідкіх юных прыгажуняў, купленых за залатыя пярсьцёнкі, дарагія каменьчыкі, модныя транты і г.д. Для таго, канешне ж, дзьвесьцерублёвай стыпендыі было да сьмешнага мала... Гэта толькі мы, славяне, і то далёка ня ўсе, дзяліліся стыпендыяй з жонкамі і дзецьмі. Многія дык наадварот мелі падмогу з дому, і ня толькі... Неяк кінулася ў вочы, што ў паштовай ячэйцы з маёй літарай “Б” на адно і тое ж прозьвішча ледзь ці не штодня з Узьбекістану зьяўляецца па 5-6 запоўненых рознымі почыркамі грашовых пераводаў не сказаць, каб з вялікімі, але прыстойнымі сумамі. Хоць, як кажуць, у чужой кішэні грошы лічыць непрыстойна, але заінтрыгавала: што ж гэта за партайгэносэ? Пацікавіўся ў Вані Астравушкі, і той расказаў і нават паказаў другакурсьніка, якому рыхтуюць высокае месца ва ўзьбецкім ЦК. А ў іх заве­дзена пасылаць будучаму вялікаму начальніку “падмогу” да стыпендыі і не абавязкова ведаць, ад каго яна. Жыў патэнцыяльны ташкентцкі чын у Маскве па-байску. Ля прахадной з ранку да ночы яго чакала таксі, ледзь ці не штодня шыкаваў з прыгажунямі і патрэбнымі людзьмі ў самых прэстыжных рэстаранах. На свае вочы бачыў, як многія сярэднеазіяты, закаўказцы вярталіся з канікулаў наўючаныя неймаверных памераў бавуламі і з чамаданамі грошай. Пры тым нават і ня думалі хавацца, таіцца, ахвотна, як аб нечым абсалютна нармальным, расказвалі пра іхнюю традыцыю і завядзёнку раённай грамадою зьбірацца на праводзіны з канікулаў свайго былога начальніка, які пасьля вучобы ў Маскве, канешне ж, зойме яшчэ вышэйшую пасаду. І кожнаму старшыні калгасу, дырэктару саўгасу, прадпрыемства загадана рабіць адпаведны ўнёсак, каб іхні пасланец у сталіцы ня надта пачуваў сябе абмежаваным у сродках, пастараўся наладзіць патрэбныя знаёмствы і сувязі... І яны дзівіліся, не хацелі даваць веры, што ў нас за такое павыключалі б з партыі, пааддавалі б пад суд. Мы, перш за ўсё са славянскіх і прыбалтыйскіх рэспублік, з недаўменьнем і трывогай назіралі, як гэтая небясьпечная зьява пашыраецца, пачынае, як іржа, разьядаць “построенный в боях социализм”. А нам працягвалі далдоніць, у найноўшых партыйных дакументах сьцьвярджаць, што карупцыя пышным кветам працьвітае толькі ў асуджаным гісторыяй гнілым капіталізме, а таксама пры адступніках і прадажных рэжымах, якія здрадзілі сацыялізму і сваім народам. У нашым жа грамадстве разьвітога сацыялізму даўно вырваны, з коранем вынішчаны самі ўмовы існаваньня падобных ганебных зьяваў, таму ніякай карупцыі няма і быць няможа. І мы недаўменна паціскалі плячамі: то што ж тады такое карупцыя?.. І зноў каторы ўжо раз тэорыя разыходзілася з практыкай... Уяўлялі, чым усё можа скончыцца, якая сьветлая будучыня чакае нас, калі партыя ня гляне праўдзе ў вочы, ня возьмецца ўсур’ёз за выкараненьне гэтай заразы. А тое, што партыя абавязкова возьмецца, паленым жалезам пачне вынішчаць пошасьць, мы сьвята верылі, і неўпрыкмет, спакваля пачыналі прывыкаць, уцягвацца самі...

Нас, прадстаўнікоў Беларусі, нават дзівіла, што рэктарат, парткам, прафкам прыдаюць гэтакае значэньне, удзяляюць столькі ўвагі зямляцтвам, бо для нас, самых інтэрнацыянальных інтэрнацыялістаў, гэтыя зямляцтвы падаваліся падазронымі, не спрыялі канчатковаму разбурэньню нацыянальных перагародак. Беларусы і тут беглі наперадзе паравозу. Тым ня менш, існавала сумеснае з Акадэміяй грамадскіх навук беларускае зямляцтва. У адрозьненьне ад іншых яно практычна бязьдзейнічала, калі не лічыць, што два ці тры разы дамаўляліся з выступленьнем у школе беларускіх мастацкіх калектываў, якія гастралявалі ў Маскве. Артыстаў і ўгаворваць не даводзілася, калі даведваліся, што выступаць давядзецца перад будучымі начальнікамі з усяго Саюзу і сацлагеру, з кім, магчыма і верагодна, неўзабаве давядзецца мець справу ў арганізацыі гастроляў. А так зьбіраліся ўскладчыну раз на год у рэстаране, каб абраць прэзідэнта і віцэ-прэзідэнта. У прэзідэнты, звычайна, вырастаў віцэ, а першакурсьнікі вылучалі на ягонае месца некага са сваіх. На працягу вучобы я прысутнічаў і ўдзельнічаў у каранаваньні нашым прэзідэнтам Валодзі Міцкевіча, а віцэ – Аляксея Камая ў рэстаране “Славянский базар”, а праз год – Аляксея Камая ў пары з Генадзем Барташэвічам. Мы з Васем Слушнікам з ад­дзяленьня журналістыкі настаялі, каб пасяджэньне правесьці ў рэстаране “Минск” – трэба ж трымацца хоць нейкай сімволікі. І яшчэ я даказваў, што паколькі мы беларускае зямляцтва, то лагічна і пасяджэньне весьці на роднай мове, але са мной не пагадзіліся, і я быў адзін, хто тост-прамову сказаў па-беларуску, атрымаўшы самыя працяглыя апладысьменты. Але выбар на кіраўніцтва зямляцтвам на гэты раз быў не зусім удалы: ні прэзідэнт, ні віцэ не дабылі на сваіх ганаровых пасадах да канца – аднаго і другога адклікалі з вучобы датэрмінова. А потым нібыта па нейкай іроніі лёсу яны праз паўтара дзясятка гадоў па чарзе займалі пасаду другога сакратара ЦК КПБ...

За год-паўтара, здавалася, пасьпелі настолькі ўздоўж-упоперак асвоіць і вывучыць Маскву, што знайсьці, адкрыць нешта новае, незнаёмае, у прыватнасьці, дзе б можна добра адпачыць у выхадныя, проста ўжо немагчыма. Аж раптам даведваемся, што на тэрыторыі Ціміразеўскай акадэміі ёсьць чыстыя вадаёмы, дзе можна ня толькі пазагараць, але і добра пакупацца. А пад канец другога курсу адкрылі ўвогуле раскошнейшае месца адпачынку: сядаеш на Водным вакзале за прыймальную плату на цеплаход, які па канале праз шлюзы спускаецца да яшчэ ня надта шырокай, але чысьцюткай Волгі з цудоўнымі краявідамі, пясчаным дном і аксаміт­нымі берагамі, прышвартоўваецца да бязьлюднага берагу і ледзь ці не паўдня чакае, пакуль пасажыры накупаюцца-нагуляюцца, а ў прызначаны час склікае іх на борт густым хрыплаватым гудком. Гэта вам ня тлумны і забруджаны Сярэбраны бор, дзе і ў ваду заходзіць непрыемна! У цёплы час аздараўленьнем і адпачынкам займаліся пераважна самі, хто як можа, а зімою клопат браў на сябе прафкам. За сімвалічную плату па некалькі групаў арганізавана вывозілі ў Нагорнае – колісь камінтэраўскі, а зараз цэкоўскі прафілакторый. Летам тут жылі адказныя работнікі ЦК, якіх сьпецыяльныя аўтобусы з ранку адвозілі, а пад вечар прывозілі з работы, а ў несезоньне прафілакторый практычна пуставаў, і сюды на выхадныя завозілі групы ВПШ і Акадэміі грамадскіх навук. Тут былі надзвычай утульныя, нават раскошныя пакоі, смачна кармілі, меўся буфет з добрым наборам напояў рознай забойнай сілы. На ўсё жыцьцё запомнілася, як па-сямейнаму шчыра, весела адзначылі ў Нагорным усёй групай 38-годдзе Аляксея Камая першага красавіка...

Адпачынак адпачынкам, вольніца вольніцай, а многія, для каго не яны былі галоўнымі, не забывалі, для чаго сюды прыехалі. Адны мелі на мэце паехаць адсюль з гатовай дысертацыяй, а калі пашчасьціць, то і абараніцца, другія добрасумленна ці дзеля ўласнай цікавасьці заседжваліся ў прасторнай і зручнай “чыталцы” альбо цягалі зьвязкі кніг да сябе ў пакоі, не зважаючы на пацьвелкі пасьлядоўнікаў вядомага прынцыпу: лепш мець сіні дыплом і чырвоную морду, чым сінюю морду і чырвоны дыплом...

Можа ўзьнікнуць пытаньне: а як жа здавалі экзамены і залікі ўсе гэтыя “калекцыянеры” і “чырвонамордыя”? Па-першае, нікога не пакідалі на другі год, бо каб можна было – бальшыня гатова была б вучыцца да самай пенсіі, па-другое, у групах была дасканалейшым чынам адладжана з дубляжом і падстрахоўкамі так званая сістэма “секам” – здача па шпаргалках...

А ўвогуле разумна спалучаючы прыемнае з карысным і блізка не ўпадаючы ў нейкія мазгавыя перагрузкі і аскетызм, тут пры жаданьні можна было грунтоўна і ўсебакова заняцца самаадукацыяй, шукаць і знаходзіць, дакопвацца да самых патаемных ісьцінаў, нават калі яны схаваныя пад сям’ю замкамі. Галоўнае, што навучылі выкладчыкі, найперш Рафаіл Рыгоравіч – як і дзе шукаць гэтыя ісьціны, адсарбіраваць важнае ад малаважнага, істотнае ад неістотнага, знаходзіць, прасьледжваць прычынна-пасьледкавыя сувязі. У ВПШ была агромістая, найбагацейшая сьпецыялізаваная бібліятэка, дзе можна знайсьці практычна ўсё, пачынаючы з рарытэтаў, канчаючы найноўшымі выданьнямі па філасофіі, палітэканоміі, гісторыі, канкрэтнай эканоміцы, дзяржаве і праву, усёй іншай грамадска-палітычнай тэматыцы. Нават тое, што ў іншых бібліятэках даўно было зьнішчанае як шкоднае альбо пераведзенае ў засакрэчаныя сьпецфонды. Тут таксама меліся сьпецфонды, да якіх можна было даступіцца, не зьбіраючы шматлікія візы і рэзалюцыі, як у іншых, уключаючы Ленінку. Бібліятэка мела вельмі багатыя фонды мастацкай літаратуры, дзе можна было атрымаць тое, пра што нават цяжка было марыць. Напрыклад, часопісы 20-х – пачатку 30-х гадоў, дзе друкаваліся Булгакаў, Платонаў, Мандэльштам, практычна ўсе рэпрэсаваныя пісьменьнікі. Тут я прачытаў ня толькі вязьняў ГУЛАГу, эмігрантаў, але і забароненага Горкага, “Окоянные дни” Буніна, Аверчанку, на чыю злую сатыру пад назовам “Двенадцать ножей в спину революции” адклікнуўся сам Ленін, і шмат чаго яшчэ. Бадай, ніколі яшчэ гэтак асэнсавана і мэтанакіравана, з такім захапленьнем і натхненьнем не заглыбляўся я ў чытаньне, ня зьведваў такой радасьці пазнаньня і адкрыцьця. Часам літаральна адкрываліся вочы на шмат якія старонкі мінулага, якое падавалася афіцыйнай гісторыяграфіяй без аніякіх адценкаў, выключна ў закансерваванай, застылай чорна-белай інтэрпрэтацыі... Мусіць, мая цікавасьць, якая яўна выходзіла за межы вучэбных праграмаў, а таксама тое, куды я капаюся, дзе і што шукаю, кінулася ў вочы старэнькай, сухенькай бібліятэкарцы, пэўна, яшчэ са старых інтэлігентаў, і яна праніклася да мяне павагай, ахвотна і неяк неўпрыкмет накіроўвала маю ўвагу, падказвала, што можа зацікавіць, і тое насамрэч надзвычай захапляла мяне. Потым стала дапускаць да фондаў, на якія патрабаваўся высокі дазвол, які, звычайна, суправаджаўся насьцярожана-падазроным пытаньнем: а навошта гэта табе? А неўзабаве я заслужыў у яе такі давер, што дазваляла на вечар-два сёе-тое выносіць з чытальнай залы, узяўшы слова, што нікому ня буду казаць і паказваць...