– А ты ўмееш пісаць левай нагой?..
– Ды-ы... – зьбянтэжыўся, разгубіўся я, не разумеючы, куды хіліць, што мае на ўвазе сакратар ЦК – ці не спадабалася яму падрыхтаваная мною нейкая паперчына?
Ён усьміхнуўся сам сабе, між іншым, як ён часта умеў сказаць нешта важнае ледзь ці не падтэкстам, працягваў:
– А ты паспрабуй іншы раз пісаць і левай нагой, каб адчапіліся, інакш – неба падасца з аўчынку... Пішы свае аповесьці і не сушы мазгі на... – Ён ня стаў даказваць, спадзяючыся на маю здагадлівасьць, і перавёў гаворку на нешта іншае...
Я ўсёк, і хоць гэта давалася няпроста, але... Ня мог толькі дазволіць сабе пісаць левай нагой, што мела непасрэднае дачыненьне да маіх службовых справаў і, канешне ж, для Кузьміна. Калі з першымі спраўляўся даволі проста, то з другім... Рабіць нейкі матэрыял ці дакумент для АТК (так, па першых літарах ледзь ці ня ўсе за вочы звалі Аляксандра Трыфанавіча) заўсёды было выпрабаваньнем. Асабліва па першым часе, пакуль ня ўведаеш ягонай методы і звычкі. Як бы ты ні выкладваўся, як бы не адшліфоўваў кожнае слоўца, кожны сказ мо ўжо ў дзясятым варыянце, можна было не сумнявацца, што гэта яшчэ ня ўсё, хоць ён вельмі пахваліў і падзякаваў. Не праходзіць і гадзіны, як імчыць памочнік Зіновій Прыгодзіч, якога потым зьмяніў мой аднакашнік па Мітронаўскай слабадзе Лёня Анішчанка з пакрэсьленым, сьпісаным ня дужа разборлівым почыркам АТК толькі што ўхваленым тэкстам. Расшыфроўваем, разумеем, што гэта ўсё куды горш, чым было, але воля аўтара ёсьць воля аўтара. Разам нешта апускаем, нешта выпраўлям, амаль упэўненыя, што гэта яшчэ не апошні варыянт. Бывала, ужо ля пад’езду чакае машына адвезьці АТК у аэрапорт ці ехаць некуды выступаць, а ён усё крэмсае тэкст, каб пасьля, як выйдзе за трыбуну заблытацца канчаткова ў сваіх праўках-папраўках, і нічога не застанецца, як адкласьці паперчыну і выступаць без шпаргалкі. Тым ня меней змушаў рыхтаваць кожнае сваё выступленьне, нават калі гэта было нейкае звычайнае вітаньне. У адрозьненьне ад большасьці начальнікаў ён зусім спакойна ставіўся, калі правілі ці зусім выкідвалі напісанае ім, а праўкі, на ягоную думку, паляпшалі тэкст. Але гэтая думка трымалася нядоўга, і ён зноў мо ў дзясяты раз пачынаў перакрэмзваць, каб урэшце рэшт пагоршыць ці зрабіць зусім непрыдатным альбо непатрэбным, чаму аддадзена столькі чужых і ягоных нерваў, часу. АТК усё гэта разумеў, амаль заўсёды пачуваў сябе ніякавата перад тымі, чыя работа і час былі марна патрачаны па ягонай волі, але нічога ня мог зрабіць са сваім характарам, сваім глыбокім перакананьнем, што на сьвеце не існуе нічога абсалютна дасканалага, абсалютна ідэальнага, ня раз пры мне казаў, што нізашто ня можа прыпадобіцца тым, хто спакойна выходзіць за трыбуну, нават не прачытаўшы папярэдне падрыхтаваны падначаленымі ці памочнікамі тэкст. І вельмі любіў прыгадваць колішняга першага сакратара сталічнага гаркаму партыі Варвашэню – чалавека самабытнага, яркага, гаспадарлівага, сапраўднага народнага самародка, пры якім ён служыў загадчыкам аддзелу прапаганды і адначасова быў галоўным пісарам ягоных самых адказных дакладаў і прамоваў. Варвашэня амаль ніколі да выхаду за трыбуну не чытаў падрыхтаваныя яму прамовы, аж пакуль...
АТК у добрым гуморы любіў расказаць амаль анедактычную гісторыю, якая з ягонай ласкі адбылася з Варвашэнем на знакамітым пленуме ЦК КПБ, дзе неўзабаве пасьля сьмерці Сталіна па ініцыятыве Берыі абмяркоўваліся перагібы ў бок вялікадзяржаўнага рускага шавінізму, неадкладнай карэнізацыі нацыянальных кадраў у саюзных рэспубліках і пераходзе на нацыянальныя мовы, усталяваньні ленінскіх нормаў у нацыянальнай палітыцы. У сувязі з гэтым было намечана замяніць на пасадзе першага сакратара ЦК рускага Патолічава на беларуса Зімяніна. Ініцыятыва з Масквы сталася настолькі нечаканай, настолькі ня ўкладвалася ні ў якія звыклыя рамкі і ўяўленьні зрусіфікаванага, сьмяротна напалоханага нацыяналістычнымі жупеламі беларускага чынавенства, што яно анямела, разгубілася, ня верачы сваім вушам, успрымала ўсё гэта, як нейкі палітычны выверт. Толькі адчайныя аптымісты-летуценьнікі паверылі ў вяртаньне да задушанай у канцы дваццатых – пачатку трыццатых гадоў беларусізацыі, у тое, што насамрэч адкрываецца гістарычная персьпектыва наладзіць у рэспубліцы сваё нацыянальна-культурнае жыцьцё. Але большасьць кансерватыўнага па сваім менталітэце, ня схільнага да пераменаў беларускага чынавенства ўспрымала кампанію насьцярожана, нават варожа. Разам з тым не магло, ня ў стане было аслухацца першапрэстольную, тым больш, што ініцыятыва сыходзіла ад самога ўсясільнага Лаўрэнція Паўлавіча, каго аслухвацца да нядаўняга часу мог толькі адзін чалавек – таварыш Сталін.
Патолічаў у рэспубліцы меў аўтарытэт і добрую рэпутацыю. Ён вывучыў беларускую мову, прыязна і з павагай ставіўся да нацыянальных і культурных традыцыяў народу, у вялікадзяржаўных шавіністычных замашках куды больш можна выло вінаваціць кіраўнікоў беларусаў па нацыянальнасьці, чым гэтага рускага. Таму да пленуму рыхтаваліся ўсур’ёз і грунтоўна. Абгаварылі, расьпісалі, хто павінен выступіць, што сказаць. Натуральна, запеўку павінен зрабіць кіраўнік самай буйной – сталічнай партыйнай арганізацыі Варвашэня, адзін з вядомых кіраўнікоў камуністычнага падпольля і партызанскага руху на Меншчыне. Ён атрымаў абсалютна канкрэтныя ўстаноўкі, якія давёў свайму загадчыку аддзелу прапаганды і агітацыі Кузьміну, а той начыста праігнараваў усе, на ягоную думку, сумніўныя шэфавы ўстаноўкі, скляпаў самае што ні ёсьць кандовае выступленьне пра посьпехі і дасягненьні сталіцы, нафаршыраваўшы сотнямі лічбаў і прозьвішчаў перадавікоў, наватараў вытворчасьці. Як заўсёды, Варвашэня пайшоў за трыбуну, папярэдне не зазірнуўшы ў тэкст. Пад зьдзіўленыя, недаўменныя позіркі прысутных зачытаў падрыхтаваны банальны тэкст, дзе не было нават упамінку пра сутнасьць пастаўленага на абмеркаваньне пленуму вострага пытаньня. Вушлым партыйным чынавенствам гэта ўспрынялося як намёк, як нейкі сігнал. І іншыя сталі выступаць з аглядкай, а калі дайшло да галасаваньня – не хапіла галасоў вызваліць Патолічава. Гэта быў нечуваны скандал, нечаканы выклік Маскве. Варвашэню тут жа паклікалі на цугундзер: як гэта разумець?! Вы што, забыліся, пра што дамаўляліся?.. Гэта папахвае правакацыяй...
Учарнелы, разьятраны Варвашэня вярнуўся ў гаркам, паклікаў Кузьміна, выліў на яго ўсю сваю злосьць і тут жа падпісаў рашэньне аб звальненьні неслуха без прадастаўленьня нейкай іншай работы...
Ды зусім нядоўга прабыў беспрацоўным апальны Кузьмін – роўна столькі, колькі доўжылася тая нечаканая і дзіўная беларусізацыя: Берыю арыштавалі, абвясьціўшы ворагам народу, агентам замежных выведак, і ўсё вярнулася на кругі свая... У сталыя гады, пазнаёміўшыся з абнародаванымі дакументамі пра бурную рэфарматарскую дзейнасьць крывавага Лаўрэнція пасьля сьмерці Сталіна, так і не магу сабе адназначна адказаць, што гэта было: ці насамрэч празарлівае бачаньне, спроба перавесьці стрэлкі з тупіку, куды кацілася краіна, на больш-менш цывілізаваныя рэйкі, ці проста каварная і хітрая палітычная гульня з адзінай мэтай – запалучыць абсалютную ўладу, а потым ужо вядомымі, адладжанымі метадамі ўправіцца і з рэфарматарамі, і з засьвечанымі нацыяналістамі? Хто ж яго ведае, як і куды магло павярнуцца...
Заўзятых беларусіфікатараў тады, канешне ж, не судзілі і не растрэльвалі, а проста паціху адных пазасоўвалі на наменклатурныя задворкі тут на месцы, другіх разам з прэтэндэнтам на першую ролю ў рэспубліцы Зімяніным забралі на малапрыкметныя пасады ў Маскву, а самога прэтэндэнта саслалі на дыпламатычную работу ў Манголію, трэціх адправілі на заслужаны адпачынак. Ніхто з іх так і не падняўся, хіба толькі Зімянін праз колькі дзесяцігоддзяў ужо ў шаноўным узросьце ўсплыў на саюзным партыйным алімпе на нейкіх дзясятых ролях, без членства і кандыдацтва ў палітбюро. А тады беларускую кампартыю, якая адзінай сярод саюзных рэспублік ня вызваліла свайго рускага першага сакратара, абвясьцілі ўзорам палітычнай сьпеласьці і інтэрнацыяналізму, а наймудрэйшым стратэгам і тактыкам прызналі сталічнага першага сакратара Варвашэню. Празарлівага Кузьміна той, вядома ж, вярнуў на ранейшае месца, адкуль і пачалося ягонае службовае ўзыходжаньне. А тая кароценькая, дзіўная беларусізацыя пакінула свой злавесны сьлед. Рускага Патолічава неўзабаве забралі на міністэрскую пасаду ў Маскву, і першай асобай у рэспубліцы ўпершыню стаў беларус па нацыянальнасьці Мазураў, пры якім вышэйшая школа стала цалкам рускамоўнай, а ў гарадах, раённых пасёлках, нават невялікіх мястэчках практычна вынішчана беларускае школьніцтва.