Выбрать главу

Але грэх было б наракаць на свой лёс. Калі наракаць, то толькі на самога сябе. Лёс пакуль што быў літасьцівы, спрыяльны і ласкавы да мяне. Ён зводзіў пераважна з цікавымі, добрымі і шчырымі людзьмі, хто куды часьцей падстаўляў мне локаць і сваю плячо, чым падножкі. Тое ж было і ў “Вожыку”. Калектыў, дзе трымаліся традыцыі, закладзеныя яшчэ Кандратам Крапівой і памножаныя Уладзімірам Корбанам, адразу ж прыняў мяне як свайго, хоць прыйшоў да іх як партакрат, якіх тады недалюблівалі. Мо таму, што ня быў навічком у сатыры і гумары, а мо таму, што насуперак чуткам нібыта новы рэдактар мае прамое заданьне грунтоўна ператрэсьці калектыў, прыцягнуць сваіх людзей, ня звольніў нават кіроўцу, які здаў былога рэдактара міліцыі, што мне настойліва рэкамендаваў зрабіць Пячэньнікаў. І добра, што не паслухаўся. Саша аказаўся вельмі добрым і прыстойным хлопцам, з ім мы адпрацавалі дружна амаль дзесяць гадоў, аж пакуль са шчымлівым сэрцам адпусьціў яго на больш грашавітую работу – трэба ж карміць сям’ю. А ўвогуле за ўсе гады па сваёй ініцыятыве я ня звольніў ніводнага чалавека. Са многімі ветэранамі, якія прыйшлі яшчэ пры Корбане, як Майя Вінакурава, Галіна Афанасьева, Валянціна Шуст, адпрацаваў разам усе свае чатырынаццаць гадоў. Сярод іх, канечне ж, Уладзімір Правасуд, самы ветэраністы вожыкавец, прыроджаны гумарыст і сатырык, якому падуладны ўсе без выключэньне сатырычна-гумарыстычныя жанры, на жаль, здаецца, сёньня адзіны і, магчыма, апошні байкар у нашай беларускай літаратуры. З ім мы адначасова пайшлі з “Вожыка”. Уладзімір Рыгоравіч заўсёдны завадатар і арганізатар вясёлых сяброўскіх вечарынаў ветэранаў-вожыкаўцаў нашага прызыву, дзе ўволю адводзім душу, жартуем, рагочам, як колісь у былыя гады.

Праўда, жыцьцё ёсьць жыцьцё – нехта сыходзіў з калектыву, нехта прыходзіў. Прычыны былі розныя: адны ачувалі, што ня могуць адольваць высокую творчую планку, другія ішлі на вылучэньне, трэція заводзілі сваю справу, кідаліся ў камерцыю, пятыя шукалі больш спакойныя і грашавітыя месцы, шостыя, як Леанід Гаўрылкін, заўчасна адыходзячы назусім, сёмыя, як загадчык аддзелу фельетонаў Іван Самахвалаў, дык увогуле па экзатычных прычынах...

На жаль не заўсёды на месца тых, хто пакідаў “Вожык”, удавалася знаходзіць дастойную замену. Але найперш – маладым і таленавітым мастакам-карыкатурыстам Анатолю Гармазе і Аляксандру Каршакевічу, роўных якім у рэспубліцы проста не было. Яны з маладой саманадзейнасьцю ўзяліся за выданьне сваіх гумарыстычных газет з аўдыторыяй на ўвесь тады яшчэ існуючы Саюз, а потым на Расейскую федэрацыю, аднак прадпрыемства не прынясло ім ні лаўраў, ні належных дывідэнтаў. Каршакевіч неўзабаве вярнуўся ў “Вожык”, дзе я зрабіў яго адказным сакратаром, а потым зьбег ад майго пераемніка мастаком-афармляльнікам да Зіновія Прыгодзіча ў “Гаспадыню”. Гармаза ж аказаўся больш удачлівым – стаў генеральным дырэктарам, выдае некалькі дзіцячых, забаўляльных, хадавых у хатніх гаспадыняў кулінарных газет. Але абсалютная бальшыня тых, хто папаўняў кагорту вожыкаўцаў, аказваліся на вышыні, прыўносілі ў часопіс нешта сваё, адметнае. Сярод іх былі яркія асобы і таленты, як Генадзь Бураўкін, Нэля Тулупава, Валянцін Жвалеўскі, Павел Шаўчук і іншыя. Людзі мяняліся, а традыцыі заставаліся, умацоўваліся, разьвіваліся, аж пакуль мой пераемнік не разагнаў практычна ўсіх, аж да машыністкі, карэктаркі, тэхрэда, хто працаваў пры мне, Раманаве, Корбане...

Горка, канечне, што “Вожык, якому аддадзена столькі душэўных сілаў і ўвесь творчы імпэт, дакаціўся да творчага ўпадку, поўнага выпаданьня іголак і 2-тысячнага накладу. Адно суцяшэньне, што для гісторыі і нашчадкаў засталіся камплекты “Вожыка” з адбіткамі нашага часу, нашых справаў. І яшчэ я і мае калегі ў “Вожыку” мелі безьліч шчасьлівых дзён, вялікую маральную задаволенасьць і чалавечую радасьць. Хоць бы тым, што робім насамрэч народны часопіс, аб чым сьведчыў і наклад амаль у трыста тысячаў экземпляраў, і дзесяткі тысячаў чытацкіх пісьмаў. А найперш тым, што вельмі часта ўдавалася дапамагаць людзям, якія ў пошуках праўды і справядлівасьці адчайна зьвярталіся да “браткі Вожыка” як да апошняй інстанцыі, безвынікова абстукаўшы дзьверы ад мясцовага брыга­дзіра і старшыні калгасу да ЦК КПСС і Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. І яшчэ раз пераконвацца, наколькі магутная зброя ў нашых руках – сьмех, якога і насамрэч баяцца нават тыя, хто ўжо нічога не баіцца. Пасланае на рэагаваньне пісьмо з просьбай паведаміць аб прынятых мерах ці выезд карэспандэнта “Вожыка” на месца часта ў імгненьне вока разьвязвалі праблемы, ад якіх гадамі адбіваліся, вядучы бюракратычныя гульні, адстойваючы нейкія свае неразумныя амбіцыі. Практычна працэнтаў дзевяноста пасланых на рэагаваньне чытацкіх лістоў і надрукаваных матэрыялаў рашаліся мясцовымі кіруючымі органамі станоўча. Напачатку я нават дзівіўся гэтаму, ведаючы, што ня больш 15 працэнтаў дасланых у ЦК пісьмаў і скаргаў рашаецца на карысьць заяўнікаў, аж пакуль неяк не прыехаў у рэдакцыю адзін з герояў фельетону з надрукаваным на афіцыйным бланку і ў дадатак завераным пячаткай рэагаваньнем. На маё пытаньне, чаго ехаў у такую далеч аж з Брэсцкай вобласьці, калі рэагаваньне можна было паслаць поштай, ён адказаў, што хацеў даведацца, ці задаволіць яно рэдакцыю і ня дай бог, каб выступілі і расчахвосьцілі яшчэ раз. Пацікавіўся: а чаго ж вы так баіцеся? Ён шчыра прызнаўся, што куды лепш атрымаць страгача па партыйнай лініі, пазбавіцца колькі акладаў па лініі народнага кантролю, падвернуцца крытыцы хоць у “Правде”, чым во гэтак выстаўленым на ўсеагульнае пасьмешыча ў “Вожыку”, ды яшчэ з малюнкамі. Малы ўнук тыцкае пальчыкам: дзедзя, гэта – ты...

Мне пашчасціла і знутры, і звонку назіраць няўмольную хаду працэсаў, якія карэнным чынам – і да лепшага, і да горшага – мянялі нашае жыцьцё, нашыя думкі, нашую псіхалогію, грамадства ўвогуле. У прыватнасьці, як паступова і няўхільна адольвала “кіруючую і накіроўваючую” тэарэтычная і духоўная немач, прагрэсіравала дэгрэдацыя ейных арганізацыйных асноваў і кадравай палітыкі, катастрафічна падаў аўтарытэт і давер і да самой партыі, а найперш – да ейных структураў і кіруючых кадраў... Тое, што пасьля сьмерці Машэрава кіраваць рэспублі­кай паставілі не ягонага натуральнага пераемніка такога ж харызматычнага Аксёнава, а прыслалі з Масквы Кісялёва, у шэрагах рэспубліканскай наменклатуры было ўспрынята без вялікага энтузіязму, але з пэўным разуменьнем: Машэраў у свой час абыйшоў Кісялёва – у адпаведнасьці з наменклатурнай субардынацыяй крэсла кіраўніка рэспублікі мусіў заняць старшыня Саўміну, а не другі сакратар ЦК. Для суцяшэньня Кісялёва забралі ў Маскву, і усё паставілі на сваё месца. Але Кісялёў усё ж асоба, хоць не таго маштабу, як Машэраў, але асоба. А калі неўзабаве пасьля сьмерці Кісялёва з Масквы прыслалі Сьлюнькова, якога ня так даўно не зацьвердзілі нават старшынёй рэспубліканскага Дзяржплану, было ўспрынята як ледзь ці не абраза. Як і варта было чакаць, былыя машэраўцы трапілі ў апалу, а галоўныя дзеючыя асобы таго колішняга незацьверджаньня аказаліся ў ссылцы – старшыня Саўміну Аксёнаў паслом у Польшчы, а другі сакратар ЦК Барташэвіч аж у Паўночнай Карэі, дзе з-за неспрыяльнага геаграфічнага, дый палітычнага клімату цяжка захварэў і памёр у зусім яшчэ маладыя гады. Сьлюнькоў быў чалавек жорсткі, аўтарытарны, аддаваў перавагу не партыйна-палітычным, а прагматычным гаспадарча-распарадчым метадам кіраваньня, было ўражаньне, што ён уяўляе рэспубліку адным вялікім заводам, за што, мусіць, і атрымаў памянёную ўжо мянушку дырэктар ЦК.

Пачынаючы з Панамарэнкі (Патолічаў, Мазураў, Машэраў, дый Кісялёў) першыя асобы рэспублікі былі прыроджанымі лідэрамі, самабытнымі яркімі асобамі. Сьлюнькоў такім ня быў. Ён проста быў дысцыплінаваным выканаўцам, неблагім арганізатарам і, кажучы сёньняшняй фразеялогіяй, кваліфікаваным менеджэрам. Кіраўнікі без лідэрскіх задаткаў выдатна пачуваюць сябе ў стандартных сітуацыях. У нестандартных губляюцца, ня ўмеюць уздымацца над абставінамі, рызыкаваць, браць на сябе ініцыятыву і асабістую адказнасьць. На сумленьні Слюнькова грубейшыя пралікі, перш за ўсё ўтойваньне страшнай праўды ў першыя дні катастрофы на Чарнобыльскай АС, без якіх наступствы і вынікі бяды маглі б быць не такімі цяжкімі. Як дысцыплінаваны выканаўца ён ня мог аслухацца, узяць на сябе адказнасьць, асьмеліцца запярэчыць маскоўскім патронам... Апошняе, мусіць, было належным чынам ацэнена, бо неўзабаве апынуў ў Крамлі поўным членам Палітбюро і стаў курыраваць усю эканамічную палітыку краіны.