Можа, лепей застрэліцца?
Але застрэліцца ён, мабыць, пасьпее, парабелум у яго заўжды пад рукой у цьвёрдай скураной кабуры на дзязе, — парабелум ён пакуль што ня кіне. Толькі што карысьці ад пісталета, калі тут пустая разьбітая траншэя і нідзе ні кавалка хлеба, ні сухара, ні галеты. У траншэі скрозь пустыя стралковыя ячэйкі, вёскі ж наўкола папалены, жыхары іх пакінулі, усе кудысьці сыйшоўшы. Трэці дзень ён нічога ня еў і аташчаў так, што не ўпраўляўся падцягваць на жываце адвіслую з пісталетам дзягу. Ды яшчэ гэтая санітарная сумка з палявым камплектам медыкаментаў. Сумку ён ужо ледзьве цягаў на плячы, усё наважваўся дзе кінуць, але чамусьці ня кідаў, бо нешта замінала яму зрабіць тое, нібы ведаў, што яна яшчэ паслужыць яму. Цяпер, пасунуўшы яе на калена, Хольц нечакана падумаў: а што?.. А што калі ён зьявіцца ў той бліндаж як медык і паможа рускаму? Бо калі паранены, дык наўрад ці ён абыдзецца без медыцынскай дапамогі, якой тут чакаць болей няма ад каго. Руская жанчына — напэўна ж, ня доктар.
Обер-яфрэйтар устаў і пайшоў па траншэі назад. Дзіўна, думаў ён: не зважаючы на зьверскі агонь нямецкай артылерыі і мінамётаў, забітых было тут нямнога, болей там, ля дарогі, а на гэтым участку ён ня бачыў ніводнага трупа. Ці, можа, рускія пабралі з сабой забітых? Толькі наўрад. Хутчэй за ўсё гэты ўчастак траншэі ня быў імі заняты і служыў нібы запасной ці адсечнай пазіцыяй. Ну але гэта, можа, і лепей, Хольц не любіў трупаў — ні сваіх, ні рускіх. Яшчэ як вучыўся на медыцынскім факультэце, доўга ня мог прывыкнуць да іх у анатамічным флігелі і звычайна пасьля заняткаў там да канца дня ня мог зьесьці нічога, абыходзіўся кавай. Цяпер, праўда, тое мінулася, і, калі б было што, ён бы зьеў побач з усякім трупам. Ну але ў рускага павінна быць, мо з таго клумачку што-нішто яшчэ засталося.