Ён зноў ціха падкраўся да апошняй павароткі траншэі, зірнуў на ўваход у бліндаж. Але ў чарнаце нары-ўваходу нічога не было відаць, бы там і не было нікога. Каб хоць не нарвацца на кулю, падумаў Хольц. Каб не нарвацца на кулю, напэўна, разумней было правесьці невялікія перагаворы, і ён, усё стоячы за павароткай, ціха кашлянуў.
У бліндажы па-ранейшаму было ціха, ніхто адтуль ня выглянуў, але Хольц адчуў, што яго ўсё ж пачулі. Тады ён узяў з бруствера мокры камяк зямлі і шпурнуў ім бліжэй да ўваходу.
— Кто? Серафима? — глуха данеслася з бліндажу.
Першае рускае слова Хольц зразумеў пэўна, але ён ня мог даўмецца, што азначае другое, і зноў ціха пакашляў.
— Кто там?! Не подходи! Стреляю! — ужо зусім грозна раздалося ў бліндажы, і Хольц трохі зьдзівіўся: ого, як сьвірэпа!
— Іх… Я нэмец, — сказаў ён.
— Прочь! Стреляю! — чулася з бліндажа.
— Ніхтс бояться, — як мага спакайней сказаў Хольц. — Іх… Я бояться. Я есть дезертір.
Неспадзявана для сябе ён захваляваўся і зблытаў асабістыя займеньнікі, але, мусіць, рускі яго ўсё ж зразумеў, бо памаўчаў троху і зноў крыкнуў:
— Бросай оружие! Не подходи!
Гэты адказ трохі зьбянтэжыў обер-яфрэйтара: калі кідаць зброю, дык, мусіць, можна было падысьці. Але гэты камандуе не падыходзіць. Тады ён рашыў перавесьці размову на іншае.
— Рус, я ест доктор. Медіціна.
— Какой еще доктор? — гучна данеслася з бліндажу разам з ужо знаёмым Хольцу рускім матам, які, аднак, даў обер-яфрэйтару зразумець, што ягоныя словы зрабілі ўражаньне. І ён рашыў тут жа замацаваць свой маленькі посьпех.
– Іх… я немного перевязаль…
У бліндажы настала маўчаньне, пагрозаў больш не было, і Хольц наважыўся. Трохі падняўшы з палаткі рукі, каб паказаць, што яны бяз зброі, ён выйшаў з-за павароткі. Але толькі ён ступіў першы крок, як у бліндажы раздаўся крык і тут жа бахнуў пісталетны стрэл. Кулі ён не пачуў, аднак борзьдзенька шаснуў назад, за земляны вугал.
— Рус-дурак. Обормот! — сказаў ён, злуючыся.
Тады пасьля нядоўгага маўчаньня з бліндажу глуха пачулася:
— А закурить есть?
— Курить? Табак? — зьдзівіўся Хольц.
— Да, табак. Есть табак?
— Сигареты.
— Ну давай лезь, черт с тобой!
Хольц зьдзівіўся, у яго быў у кішэні пачаты пачак танных цыгарэт, але ён цяпер не курыў — галодны, ён звычайна траціў да іх ахвоту.
На ўваходзе Хольц спадзяваўся ўбачыць рускага з накіраванай у яго зброяй, ды ня ўбачыў нікога. Тады ён апусьціў рукі і, сагнуўшыся, палез у нару.
— Рус, ніхтс боялся. Іх… Я дезертір, — ціха гаварыў ён, ведаючы, што будзе пачуты.
Тут жа ў прасторным пустым бліндажы ён убачыў рускага, той з забінтаванай галавой ляжаў у куце, і ў яго аслабелай руцэ калаціўся скіраваны на ўваход пісталет.
— Ніхтс пістоля! — мірна сказаў Хольц, ужо зразумеўшы, што перад ім сьляпы. Брудная, няўмела наладзеная павязка спаўзла да кончыку носа, з-пад яе па зашчаціненым падбароддзі цяклі гнойныя выдзяленьні, ад якіх брудам і плямамі ўзялася гімнасьцёрка ля каўняра.
— Майн гот! — сказаў Хольц. — Это ест очень плёхо. Будет перевязать.
— Дай закурить! — перш за ўсё патрабаваў рускі, не выпускаючы з рукі пісталета.
Хольц знайшоў у кішэні пакамечаны пачак […]*, выняў адну [цыгарэту] і ўклаў у замурзаныя пальцы сьляпога. Пасьля дастаў з нагруднага кішаня запальніцу, доўга пстрыкаў сінім агеньчыкам, пакуль тая загарэлася, і паднёс рускаму. Той прагна зацягнуўся, выпусьціў дым і аблёгся на шынелак.
Рускі маўчаў, усё прагна цмыгаючы цыгарэту, але пісталет апусьціў долу, і Хольц рашуча расшпіліў санітарную сумку.
Прыйшоўшы дамоў, Серафімка, не распранаючыся, засноўдала па сваім жытле, ахопленая новым клопатам. Трэба было агледзець, што ў яе засталося пасьля нядаўняга разору, чым яна будзе карміць параненага камандзіра. Сала ўжо не было, гэта пэўна, хлеба таксама. Але ў сенцах яна знайшла ў корабе пад лавай з пуд ячменю, нядаўна намалочанага са сваіх сотак, — мусіць, тыя Піліпёнкі ўсё ж прамінулі яго, не ўзялі. Ячмень яна патаўчэ на крупы, будзе куцьця ці крупнік, у тым ёй усё ж пашэнціла. Горш, не было ні зярняці збожжа на хлеб. Затое ў вялікім паліваным старасьвецкім гарлачы-цёрле яна ўберагла ад мышэй і злодзеяў кілаграмаў колькі леташняга бобу — таксама са свайго агароду. Ну і бульбачка. Бульбачка яе была яшчэ ня выбраная, усё зьбіралася выбраць, адкладвала і во даадкладвалася. Найперш трэба было накапаць бульбы, пакуль зусім не сьцямнелася.