Выбрать главу

Накашляўшыся, Дземідовіч, мабыць, заснуў. У хаце, як заўжды, стала ціха і глуха, дровы паціху гарэлі, і яна, прымасьціўшыся на ўслончыку, перад дзьверцамі грубкі, узялася абіраць бульбу. Маленькі чыгунок з вадой неяк уладкавала збоч ля агню — гэта на зёлкі. У сенцах у яе было запасена з лета трохі сушонага маліньніку, чабару ў мяшэчку і яшчэ адной травы — заячых хвосьцікаў, якая, казалі, дужа памагала ад прастуды. Даўно ня белены, абшкрэбаны бок грубкі патроху цяплеў, але холад у хаце ад таго ня меншаў, па-ранейшаму праз шчыліны з вокнаў задуваў вецер. Звыкла гонячы з бульбіны тонкую ацяробку, Серафімка думала пра брата Мікалая. Ён быў аднагодак гэтага Дземідовіча, яны разам вучыліся ў педтэхнікуме, яшчэ ў тыя даўнія гады маладымі хлопцамі прыехалі ў мястэчка настаўнічаць — Дземідовіч выкладаць гісторыю і грамадазнаўства, а яе Мікалай — беларускую мову і літаратуру. Яны добра сябравалі і нават нейкі час кватаравалі разам у доўгім, як стадола, будынку крывога Рыўкінда за сінагогай, аж покуль Мікола не ажаніўся з настаўніцай пачатковых класаў. Тады Дземідовіч і перайшоў на кватэру да гэтага Асоўскага. Як у брата нарадзілася дачушка Аленка, Серафімка перабралася з вёскі ў мястэчка няньчыць малую і спакваля зрабілася амаль паўнаўладнай гаспадыняю ў невялічкай братавай сямейцы: даглядала малую, хадзіла на кірмаш, у лаўкі, прыбірала, гатавала ежу настаўнікам, якім заўжды было некалі: увесь дзень рабілі ў школе, а ўвечары сядзелі над сшыткамі, рыхтаваліся да ўрокаў. Апроч таго, Мікалай неўзабаве ўцягнуўся ў грамадскія справы, ставіў у РДК сьпектаклі і нават пару разоў вадзіў туды і яе, — як іграў сам з жонкаю Ядзьвігай Іванаўнай. Помніць Серафімка, пастаноўка была дужа сьмешная — як да маладой дзяўчыны падбіваўся пажылы шляхцюк, а яна не хацела выходзіць за яго, бо кахалася са сваім маладым хлопцам. Дужа сьмяяліся тады ўсе, а Мікалай і іншыя артысты доўга радасна кланяліся са сцэны, і Серафімка поўнілася гонарам, так ёй хацелася сказаць усім, што гэта ж яе родны брат такі здатны артыст. Здаецца, Дземідовіч тады таксама ўдзельнічаў у п’есе, а пасьля яны ўсім гуртом завіталі да іх на кватэру, выпівалі. Серафіма частавала іх клёцкамі — было тое якраз на мясаед пасярод зімы.

Так, сябравалі, працавалі разам, а калі і што здарылася паміж імі, Серафімка ня ведала дагэтуль. Памятае толькі, як аднойчы позна прыйшоўшы з нейкага сходу, Мікалай здаўся ёй надта расстроеным, проста разьюшаным нават, Ядзьвіга Іванаўна ўсё ўгаворвала яго, суцяшала, а ён круціў галавой і чагосьці ня мог даўмецца. Назаўтра ранічкай, застаўшыся адна з нявесткай, Серафіма запыталася пра брата, і тая скупа адказала: «Абвінавацілі ў нацыяналізме». — «У чым?» — не зразумела Серафімка. «У тым, чаго горш не бывае», — цьмяна растлумачыла нявестка.

Серафімка больш не пыталася, Мікалай патроху стаў спакайнець, па-ранейшаму вучыў у школе, а то езьдзіў у розныя кампаніі па раёне — якраз ішла калектывізацыя, і ён як партыйны больш чым у школе быў у разьездах па самых далёкіх кутках раёну. Сьпектакляў болей ня ставілі, дома не зьбіраліся; у РДК кожны вечар ішлі то сходы, то зьлёты, то канферэнцыі, але Серафімка на іх не хадзіла і пра што там гаварылі ня ведала. Яна толькі пазірала з тугой, як Мікалай усё болей змрачнеў і марнеў, рабіўся маўклівы, дома ніколі не жартаваў нават з жонкай і неяк бы адцураўся дзіця, што ўжо зусім было незразумела Серафімцы. Малой Аленцы было гадкоў шэсьць, гэта была жвавая сьмяшлівая дзяўчынка, Серафімка дужа любіла яе — нават болей за брата з нявесткай. І вось аднойчы, як яна мыла ў начоўках малую, тая раптам і кажа: «А я ведаю, чаму татка ўчора плакаў». — «Плакаў?» — жахнулася Серафімка, такога яна і не падазравала нават. «Плакаў. Таму што ён скрывіў лінію», — бадзёра адказала малая, седзячы ў мыльнай вадзе. «Якую лінію?» — «Ну тую, ну тую… Мусіць, тую, што ў дзядзі Петруся ў партфелі», — надумала пляменьніца, і Серафіма сьпярша паспакайнела, а пасьля задумалася. Мабыць, усё ж то была ня тая лінія-лінейка, што насіў у партфелі настаўнік маляваньня Пётр Пятровіч, то была нейкая іншая лінія, калі пра яе плакаў дарослы мужчына, настаўнік, яе брат. Яна ўсё хацела запытацца пра тое ў Мікалая, ды не наважвалася, брат па-ранейшаму быў нярвовы, маўклівы, разоў колькі, чула яна, у іх пакойчыку ўсчыналася сварка з жонкай, але за што — колькі Серафімка не ўслухоўвалася з кухні, зразумець не магла. «Прынцыповасьць, ухіл, скрыўленьне» — каго і куды, хіба ёй было зразумець з яе трыма класамі адукацыі. Тады ж памятае, неяк увечары на пачатку вясны да іх завітаў Дземідовіч з паўлітрам у кішані, яна сабрала што-нішто на стол і чула, як яны размаўлялі, болей сварыліся, аднак, — зацята і варожа, і рассталіся позна, апоўначы; злосны Мікалай нават ня ўстаў з-за стала праводзіць сябра. Болей Дземідовіча яна ў іх ня бачыла. Хутка, аднак, яна наогул не забачыла белага сьвету, плакала цэлымі днямі, а пасьля і зусім перабралася ў сваю пахілую хатку на ўскраіне Любашоў. Гэта як брата арыштавалі, а нявестка Ядзьвіга Іванаўна праз месяц адмовілася ад яго на нейкім вялікім сходзе і дома злосна сказала, каб Серафімка зьехала да Першамаю, бо яна, Ядзьвіга Іванаўна, ня хоча мець нічога агульнага ні з ворагам народу, ні з ягонай раднёй.