Тады ў мястэчку, як вярнуўся гэты Асоўскі, яго не было дома — ён памагаў швагру лапіць гонтам страху на варыўні, куды яны ссыпалі выбраную з агароду бульбу. Як прыбегла жонка з той ашаламляльнай навіной, ён не паверыў нават, але, мусіць, жонка не памылілася. Асоўскі, казала, стары ўжо і зьнямоглы, прыпёрся пасьляабеддзя ў дом і найперш папытаўся пра Дземідовіча. З якой мэтай ён тое пытаўся, было вядома без далейшых роспытаў, жонка нешта ня дужа верагодна схлусіла і пабегла папярэдзіць мужа. Учуўшы тое, Дземідовіч на некалькі хвілінаў разгубіўся, а затым выразна паглядзеў на швагра і ўпершыню тады ўбачыў, як гэты добры, прастадушны чалавек адвёў свой позірк убок. Дземідовіч яшчэ ні аб чым не папрасіў яго, а той ужо замармытаў пра дзяцей, што яны малыя яшчэ, і што ён чалавек рабочы, яму чорт з ёй, абы якой уладай, была б бульба ды кавалак хлеба да бульбіны. Дземідовіч унурыў галаву, замоўк, а як надышоў вечар, кінуў у сумку кавалак хлеба і сала і разьвітаўся з жонкай. Знаёмых у раёне ў яго было шмат — настаўнікаў, партыйнага актыву, калгасьнікаў, думаў: можа і добра, што швагер не прыняў — знойдзе ня горшы прытулак у якім глухім месцы. Мо будзе яшчэ і лепш.
Найперш ён скіраваў свой шлях у Замашанскі сельсавет, бліжэй да пушчы; то быў самы глухі, хоць і далёкі куток у раёне, і там, у Замошшы, быў у яго сябра, таксама настаўнік Пракапёнак, з якім яны тры гады запар удзельнічалі ў агіткампаніях. Зноў жа Дземідовіч ня раз бываў там упаўнаважаным па падпісцы на пазыку і ведаў многіх людзей. Ужо там яму не дадуць прапасьці, там яму дапамогуць. Каб лішне не назаляць каму, пайшоў ноччу, прасёлкамі, адмахаў кіламетраў з трыццаць і пад ранак пастукаў у знаёмае высокае вакно Пракапёнка. Баяўся, таго не застане ў хаце, думаў, можа, падаўся ў эвакуацыю. Аж не, Пракапёнак быў дома. Неўзабаве яны ўжо сядзелі на кухні, выпілі па чарчыне і гаварылі пра іхнюю агульную бяду. Абстаноўка ў Замошшы, аднак, таксама была ня простая, некаторыя з людзей, нават з чэсных і ціхіх, цяпер пачалі паказваць свой нораў. Пракапёнак расказваў, як яго ўчора на вуліцы спыніў аднавокі Зуб і прыгразіў: маўляў, ваша ўлада скончылася. Пракапёнак пачаў размову, яму важна было даўмецца, чаму так раптам перамяніўся гэты працавіты чалавек, бацька семярых дзяцей. Аказваецца, той не перамяніўся, ён заўжды памятаў, як упаўнаважаныя з Пракапёнкам спаганялі з яго грошы на пазыку. «Дык што ж ты хочаш, — сказаў Пракапёнак. — Калі падпісаўся, дык трэба бало плаціць». А ён кажа: «Напомніць вам, як падпісвалі? Калі памяць кароткая?» Як падпісвалі, Пракапёнак памятаў, і таму спыніў тую непатрэбную размову, і цяпер вось сядзіць, бы на вугольлі, чакае. Сыйшоў бы куды ў лес, каб не сям’я — жонка ды двое малых. Куды ад іх дзенешся?
Дземідовіч зусім азмрачнеў, гатовы быў упасьці ў роспач і запытаўся толькі: «Ну хоць да вечара можна перабыць?» — «Да вечара можна, — кажа, — але ня болей. Сам панімаеш…»
Што ж, ён панімаў, усё ж ён быў чалавек з сэрцам і не жадаў бяды дзецям Пракапёнка. Паляжаўшы на гарышчы да вечара, ён, як зьмерклася, узяў сваю сумку і пачаў разьвітвацца. «Дык куды ж ты цяпер?» — запытаўся сябра, і Дземідовіч сказаў: «А нікуды». Ён і сапраўды ня ведаў, куды падацца. Лепей бы ў лес, каб было лета, але, на жаль, лета скончылася, на парозе стаяла восень. Дзьмулі халодныя вятры, рудое лісьце з бяроз церушыла на Пракапёнкаў падворак…
Ноччу, ідучы па пустой і гразкай дарозе з Замошша, ён падумаў, што, мабыць, прытулку ў былых сяброў ён ня знойдзе — тыя самі баяцца, бо, канешне ж, усе на падазрэньні. Складана было і трудна ўсе перадваенныя гады, накапілася шмат гаркаты ў адносінах паміж сваімі ж, засталіся недабітыя і недавыкрытыя ворагі, якія цяпер во паказваюць свае іклы. І спадзяюцца на немцаў. Думаючы пра гэтых, недабітых, Дземідовіч пачынаў закіпаць ад злосьці — недагледзелі, не разгадалі ў свой час. А ўжо стараліся! Але ніякай работы, мабыць, не бывае бяз браку, асабліва ў такой рабоце, як класавая барацьба. А што было б, каб ня гэтая барацьба, каб нікога не рэпрэсавалі, не ссылалі? І ўсе тыя яўныя і тайныя ворагі дажыліся да гэтага часу? Страшна падумаць нават, што тады было б! Парэзалі б у першую ж ноч акупацыі ўсё кіраўніцтва, партыйны актыў, усіх, хто памагаў органам. Не, мабыць, правільна іх душылі ўсе дваццаць гадоў.