А можа, і не зусім правільна?
Можа, хай бы сабе жылі мужыкі, не чапалі б іх, ня мелі б зла і яны. Зямлі было даволі, усе, хто хацеў, пасьля рэвалюцыі зямлю атрымалі і калупаліся б на ёй, як маглі і ўмелі. Вядома, што селяніну абы які, але абязкова каб уласны лапік, і ён не падніме ад яго носа, будзе калупацца ад цямна да цямна…
Але ці гэта можна было дазволіць? У сьвятле новых памкненьняў і новых рашэньняў? Паводле палажэньняў марксізму-ленінізму, якое так бурна авалодала масамі, мусіць, тое б было няправільна. А што датычыць нізавога, раённага кіраўніцтва, дык для яго галоўнае было вызначыць, што правільна, а што няправільна. Іменна паводле навукі марксізмуленінізму. Шчасьце краіны і партыі, што на чале яе стаў правадыр Сталін, які, можа, адзіны мог тое вызначыць і ажыцьцявіць практычнае выкананьне марксісцкіх палажэньняў. Усё тое, што рабілася перад вайной, як гэта было ўсенародна прызнана, было адзіна магчыма і правільна. Дык у чым жа тут можна сумнявацца?
Усё сваё жыцьцё Дземідовіч прагнуў выразнасьці і праматы, не любіў усякіх складанасьцяў і заўжды гнаў ад сябе сумненьні, якія, ведаў, нібы твань, засмоктвалі ў сябе чалавека. Варта толькі было паддацца на кручок фактаў, усумніцца ў малым, ступіць хоць на адзін крок у багну. Ён ведаў таксама, што вагацца яму было нельга, партыйны кіраўнік павінен быць чалавекам жалезных перакананьняў — ва ўсім давяраць кіраўніцтву, якое ўжо напэўна разумнейшае за ўсіх, хто ніжэй, і ўсё, як мае быць, абмеркавана, перш чым паявіцца перад краінай у форме пастановы ці рэзалюцыі. Ужо таварыш Сталін іх добра абдумаў. А таварыш Сталін ніколі не памыляецца, гэта было вядома кожнаму школьніку.
Так думаў Дземідовіч, тупаючы цёмнай дарогай з Замошша, і на Цімкавіцкім раздарожжы, трохі павагаўшыся, павярнуў да Бялавіч. Там у яго не было знаёмых калег-настаўнікаў, але дзесьці жыў калгасьнік-пчаляр, якога ён падвозіў гады тры назад па дарозе з Полацку. Дземідовіч тады вяртаўся з нарады, езьдзіў на райкамаўскай лінейцы з харошым данскім жарабком у аглоблях, пчаляр з рэдкім у тутэйшых месцах імем Парфір аказаўся мяккім, разважлівым чалавекам, апавядаў пра норавы сваіх пчолаў, скупа пахваліўся сваім сынам, які ў яго быў камандзірам-лётчыкам і нядаўна прыязджаў на пабыўку з жонкай і дзіцем. Па сакрэце паведаміў, што сын пабываў у Іспаніі і мае ордэн за ўдзел у паветраных баях. Прыпамятаўшы цяпер таго Парфіра, Дземідовіч рашыў завітаць у Бялавічы, якія былі амаль па дарозе і недалёка, можа праз якіх дзесяць кіламетраў ад Замошша.
У Бялавічах ужо гасьлі рэдкія агні ў вокнах, калі ён увайшоў на вясковую вуліцу. Дзе жыў той Парфір, Дземідовіч, канешне ж, ня ведаў, і тупаў па цёмнай вуліцы, прыглядаючыся да падворкаў, каб дзе каго згледзець і запытацца. У адной хаце бразнулі дзьверы, і ён паклікаў. Маладая жанчына, сьпярша трохі спалохаўшыся, паказала яму наўкось цераз вуліцу на цёмную хату пад клёнам, і неўзабаве Дземідовіч шукаў клямку на незачыненых дзьвярах Парфіра. Парфір быў у хаце адзін, паліў нанач грубку. Дземідовіч шчыра ўзрадаваўся, павітаўся і сказаў, што, мабыць, дзядзька яго ня памятае, не пазнаў. Але той спакойна так кажа: «Чаму ж не пазнаў — пазнаў. Вы ж таварыш Дземідовіч з райкаму, хто ж вас не пазнае тут?» Дземідовіч падумаў, што тым лепей для яго, і напомніў пра іхнюю сустрэчу на Полацкай дарозе, і як яны добра пагаманілі тады аб жыцьці. Усё ж ён хацеў, сам не прызнаючыся сабе, неяк паддобрыцца да гэтага чалавека, пачуць яго спачуваньне і атрымаць дапамогу. Але Парфір ня дужа сьпяшаўся спачуваць, размову ён быццам падтрымліваў, але бяз жаднай ахвоты, толькі часта ўздыхаў, пазіраючы на агонь у грубцы. Дземідовіч скупа, але пераканаўча, як здавалася яму, расказаў пра становішча на франтах, у якім стане апынулася краіна ў выніку гэтага зьнянацкага нападу Гітлера, і як цяпер трудна ўсім і асабліва тым, што апынуліся на часова занятых фашыстамі тэрыторыях. Пра сябе ён яшчэ не сказаў ні слова, але Парфір, калі ён трохі прымоўк, раптам заўважыў, з-пад касмылявых брывоў зыркнуўшы на госьця:
— Цяпер вам трудна, гэта канешне. Але ж дзе, чалавеча, вы тады былі, як усім трудна было?
— Гэта калі? — не зразумеў Дземідовіч.