Іншага ў яго не заставалася, а Любашы былі недзе за лесам, і надвячоркам ён пусьціўся ў дарогу — цераз лес і поле да старых торфараспрацовак, дзе на пагорачку прыткнуліся гэтыя Любашы.
Прачнуўшыся на сьвітаньні, Дземідовіч адразу зразумеў, што захварэў як мае быць. Цела ламіла ад зьнямогі, галава была цяжкая, бы чыгун, дыханьне залажыла — сухоты ці не, а запаленьне пэўнае, падумаў ён. Побач на пяколку стаяла ягоная конаўка з зёлкамі, ён трохі адпіў з яе і зноў лёг. У хаце было ціха, Серафімка, мабыць, кудысь выйшла, і ён ціхенька паклікаў раз і другі. Не, нідзе нікога. Усё ж, мабыць, трэба было неяк уставаць, штосьці рабіць. Ці хоць бы аб чымсьці дамовіцца — учора ён нават не расказаў ёй аб сваіх клопатах, — папрасіўся пераначаваць і ўсё. А што далей?
Далей трэба было падумаць, параіцца, абмеркаваць з гэтай жанчынай свой горкі лёс і папрасіць дапамогі. Авось дапаможа.
Пад стольлю трохі пасьвятлела, мабыць, на двары ўжо разьвіднела, і ён з натугай пераадольваючы слабасьць, падняўся, сеў на палок. Так, сапраўды, мусіць, сёньня ён не хадок — сёньня ён мог толькі ляжаць. Зноў нахапіўся кашаль, біў, біў, ён спрабаваў адкашляцца, ды марна. У грудзях ігралі гармонікі, цямнела ўваччу. Як бы ня страціць прытомнасьць.
Толькі ён пачаў надзяваць мокрыя гамашы, як недзе зусім побач, здалося за вуглом, грымнуў вінтовачны стрэл і зараз жа зводдаль жаласна заякатаў сабака. Дземідовіч скалануўся ад спалоху і толькі надзеў левы гамаш, як у сенцах стукнулі дзьверы, і ён падумаў, што то Серафіма. Але некалькі крокаў там далі зразумець, што не Серафімка — тупалі цяжка, цьвёрда, тузанулі дзьверы. Ён з адным гамашом у руках выглянуў з запечку, і ўваччу ў яго пацямнела. Цераз парог пераступіў і спыніўся рослы белабрысы дзяцюк у расшпіленай вайсковай ватоўцы, з вінтоўкаю ў руках. З-за ягонага пляча выглядваў другі — з драбнаватым чарнявым тварам у вайсковым, з чорным аколышам, картузе на ўскудлачанай галаве. Дземідовіч здагадаўся, што, мабыць, гэта тутэйшыя паліцаі, і адчуў, як нядобра закалацілася яго сэрца.
— О, і гаспадар завёўся, — замест прывітаньня бадзёра сказаў першы. — Ці, можа, госьць? Дзень добры.
— Добры… дзень, — няўпэўнена сказаў Дземідовіч, дрыготкімі рукамі спрабуючы насунуць на нагу сыры, гразкі гамаш. У галаве закружылася, і, каб ня ўпасьці, ён апусьціўся на ўслон.
— Месны ці прыезджы будзеш? — з робленым спакоем запытаўся пярэдні. Яны абодва ўжо ўлезьлі ў цесную хату і пасталі каля парогу.
— Ды вось, як бачыце, выпадкам, — няпэўна выціснуў з сябе Дземідовіч, з натугай надзеючы гамаш. — Да цёткі…
— Да цёткі?
— Ага, да Серафімы, — рашыў да канца хлусіць Дземідовіч, бо відаць, гэта былі тутэйшыя, іначай ім адказаць ён ня мог.
— Значыць, Серафіма — цётка? — дапытваўся паліцай. — А дзе ж яна, тая цётка?
Цяжка тупаючы па дошках падлогі вялікімі гразкімі ботамі, ён прайшоў да грубкі, зазірнуў у запечча.
— Ды кудысь выйшла, — ціха сказаў Дземідовіч.
— Так, так! З якой мэтай — да цёткі? — раптам запытаў паліцай, спыніўшыся перад ім насупраць. — Надоўга?
— Ды так, наведаць, — сказаў Дземідовіч.
— Камандзір? Акружэнец?
Яны ўжо абодва прыдзірліва аглядвалі яго змарнелую ў пінжаку постаць. Затым той, чарнявы, ціха зазначыў:
— Не падобна. Гражданскі, мабыць.
— Да? Гражданскі? — утаропіўшы ў яго позірк, дапытваўся першы. — Адкуль? З раёну? З вобласьці?
— Ды ну, што вы, хлопцы! — зьмяніў стрыманы тон Дземідовіч. — Нельга ўжо родственіцу праведаць? З Полацку я.
— З Полацку?
— З Полацку.
— Гляджу, аднак, быццам мне твая фізія знаёмая, — настырчыўся першы. — Як прозьвішча?
— А навошта? Ну Максімаў.
— Максімаў… Не, усётакі недзе я цябе бачыў. Во не прыпомню, — еў яго позіркам паліцай. Другі тым часам абышоў хату, паглядзеў за стол, у змрочныя куткі, за занавеску ў запечча. — У міліцыі рабіў?
— Ды што вы, хлопцы?
— Але дзе ж Серафімка? — не стрываў першы і праз уцалелую шыбку зірнуў у заткнутае трантамі вакно.
— Можа, карову пагнала, — паспрабаваў Дземідовіч адвесьці іхнюю ўвагу на іншае.
— О, у яе ўжо і карова паявілася! — зьдзівіўся паліцай. — А то казанскай сіратой прыкідвалася…