Выбрать главу

— Паявілася, ага.

— Тады паглядзім на выгане, — вырашыў першы. — Ну дык мы не разьвітваемся, пляменьнічак. Яшчэ пабачымся, — запэўніў паліцай ужо ў дзьвярах. Мусіць, аднак, яны мелі іншую мэту гэтага прыходу і напаткалі яго тут выпадкова. Значыць, трэба было змывацца.

Толькі куды?

Застаўшыся адзін, ён зноў адчуў сябе блага, ледзьве насунуў у рукавы непрасохлы, сыраваты з учарашняга плашч, зноў сеў на ўслон. І сядзеў так, кашляючы і слухаючы, як ад натугі зьвініць у галаве. Ён думаў, што тыя зараз прыйдуць з Серафімкай і возьмуць яго. Ці застрэляць на месцы. Каб ведаць такое, дык хоць бы дамовіцца ўчора з гаспадыняй, што ён яе пляменьнік ці брат, а то… На яго шчасьце, хутка на падворку затупалі ціхенькія крокі, і ў сенцы ступіла Серафімка. Дземідовіч падняўся з услону.

— Паліцаі былі. Цябе шукаюць.

У вачах Серафімкі шаснуў цень страху, і яна зьмянілася з твару.

— Ай, божачкі!..

— Схавай мяне куды, — загаварыў Дземідовіч. — Бо зноў прыйдуць.

— Ай, божачкі! — зноў вымавіла Срафімка і раптам падхапілася ад парогу. — Хуценька, хуценька ідзіце сюды… Я зараз зірну.

Яна выскачыла на падворак, паазіралася і зноў ускочыла ў сені.

— Ідзіце сюды… За мной, во агародамі да тых кусьцікаў…

Ён не пытаўся, куды, цяпер яму засталося толькі спадзявацца на Серафімку, у ёй быў яго паратунак. Хістаючыся ад зьнямогі, ён паклыпаў за ёй па сьцежцы цераз гарод да кустоўя, там ужо было якоеніякое сховішча, і яна пачакала яго, узяла за руку.

— Во туды, у лясок, там… Я знаю, куды.

Паліцаі, мусіць, шукалі яго на выгане на другім канцы спаленай вёскі, а яна хутка прывяла яго ў рэдкі дробны лясок з маладым бярэзьнікам, тут ужо можна было затуліцца ад вёскі, і яна пачакала крыху, пакуль ён адкашляецца.

— Што, кепска вам?

— Кепска, Серафіма, — сказаў ён, цяжка і хрыпата дыхаючы. — Я сказаў, што ты мая цётка.

— Во як! — толькі і сказала яна, з непрыемнасьцю падумаўшы, аднак: якая я табе цётка? Можа, гады на два старэйшая, магла б быць жонкай, сястрой. А то — цётка.

Яна ўжо ведала, дзе схавае яго — іншага схову ў яе не было, а ў бліндажы ўтрох ім, можа, будзе лепей. Сёньня ранічкай, як яна прынесла ежу камандзіру і насунулася на таго немца, дык ледзь не самлела ад спалоху. Добра, што камандзір азваўся, мусіць, зразумеў яе страх і супакоіў. Сказаў, што гэта дэзерцір, ня трэба баяцца. Тады яна пасьмялела трохі, але ўсё роўна баялася, пакуль, седзячы ў бліндажы, карміла сьляпога. На яе радасьць, сёньня камандзір чуўся лепей і трохі зьеў яе харчу, астатняе да крошкі даеў, мусіць, добра такі згаладнелы немец. Трэба было падумаць, чым накарміць гэтыя дзьве душы заўтра, і з такім клопатам яна прыбегла дамоў. А тут такая нагода — паліцыя. Што ж цяпер ёй рабіць, думала Серафімка. Зноў жа, гэты Дземідовіч, мусіць, захварэў не на жарты, ён зусім ня мог бегчы і хістка плёўся за ёй па малаходжанай сьцежцы ў зарасьніках, а то спыняўся зусім, кашляў — гучна і надрыўна, па-сабачы. Трохі супакоіўшыся ад спалоху ў хаце, яна пачала думаць, што цяпер, удзень, мусіць, нягожа весьці цераз поле чужога чалавека. Але і як было пакінуць хворага ў лесе? Яшчэ зусім тут абляжа, што тады з ім рабіць? Цяпер хіба што падысьці да бліндажу ня полем, а збоч, ад поплаву, тою траншэяй. Там усё ж болей схоўна. Мо так іх не заўважаць здаля.

Ня надта хутка і спрытна яны выйшлі з ляску па-над вялізным прасьцягам тарфянішча, і Серафіма, ідучы наперадзе, усё азіралася на Дземідовіча, прытрымлівала свой крок, каб ня дужа адрывацца ад чалавека. Так яны адолелі даволі даўгі схіл і падышлі да канца траншэі. Тут, аднак, у мелкай, па пояс, ня болей, траншэі ня надта каб было схоўна, і дужа гразка ў дне, але Серафімка скочыла ў яе шчыліну; неўзабаве туды, павагаўшыся, улез і Дземідовіч. Прыгінаючыся, яны доўга прабіраліся крывулякамі разьбітых хадоў, якія пакрысе рабіліся глыбейшымі, бруствер абапал вышэў, і высокаму Дземідовічу ўжо можна было ня горбіцца. Але, мусіць, яму не спадабалася нешта, і ён, ужо другі раз прыпыняючыся, пытаўся ў Серафімы:

— Куды гэта мы?

– Ідзіце, ідзіце, — лагодна казала яна, азіраючыся. — Там двое, але нічога. Бліндаж вялікі.

— Бліндаж?..

— Ну, бліндаж.

Дземідовіч ня ведаў, радавацца ці злаваць — бліндаж і нейкіх двое ў ім — добра, калі свае. А калі немаведама якія? Як тады яму быць?

Мусіць, ля апошняй павароткі яны спыніліся, і Серафіма ціха гукнула:

— Гэта я, Серафіма…

— Ты, тётка? — глуха данеслася з-пад зямлі, і Серафімка першая падышла да напаўзасыпанага ходу ў бліндаж. Дземідовіч жа нерашуча спыніўся зводдаль, і толькі як яна схавалася там, сунуўся сьледам.

— Во прывяла яшчэ, — казала камусь Серафімка. — Ня бойцеся, свой. У райкаме рабіў.