Выбрать главу

Дземідовіч стаяў, дужа ўгнуўшы галаву, якая ўпіралася ў нізкую столь, і ва ўсе вочы глядзеў у паўзмроку на вайскоўца з забінтаваным тварам, што ляжаў у куце. Той паклаў на палу шыняля свой пісталет і адхінуўся на сьпіну.

— Фамилия?

— Дземідовіч, — сказаў госьць. Тут ужо, мабыць, можна было не таіцца, перад ім ляжаў, мусіць, паранены капітан войск сувязі. Трохі паспакайнеўшы, Дземідовіч зірнуў убок, за Серафімку, і сударгава сьцяўся: з другога кутка на яго пільна і выпрабавальна ўзіраўся нейкі дзяцюк у нямецкім мундзіры з няпэўным, але адразу відаць было, чужым выразам на белабрысым твары. Мусіць, зразумеўшы зьдзіўленьне Дземідовіча, Серафімка пасьпяшалася супакоіць яго:

— Нічога, нічога… Як-небудзь…

«Добра — як-небудзь», — падумаў Дземідовіч, які ўжо быў ня супраць даць адсюль драла, каб толькі мог. Але ўжо, мусіць, яму адсюль ня выйсьці, ён ужо ў пастцы — такія думкі перш за ўсё іншае паявіліся ў яго галаве. Капітан між тым варухнуў упартым падбароддзем, паказваючы кудысьці ўбок.

— Садись, Демидович, рассказывай. Где наши? Это немец-дезертир, не обращай внимания. Закурить имеешь?

— Не куру я… — паныла выціснуў з сябе Дземідовіч.

— Не куришь? Жаль… А то у немца эти сигареты, что трава. Серафима! — паклікаў капітан. — Ты не сможешь достать курева? Ну махры там или самосада?

— Табакі? Дык дзе ж… Каб які мужчына быў.

— А ты постарайся. Без курева тут погибель… Так где фронт, не слыхать?

— А хто ж яго ведае. Але няблізка.

Дземідовіч па чарзе пераводзіў свой устрывожаны позірк то на капітана, то на немца ў куце. Пасьля апусьціўся пад сьцяной ля ўваходу, закашляўся. Капітан услухаўся ў яго кашаль і, як той трохі прыціх, спытаўся:

— Что, простудился?

— Прастудзіўся, халера на яго…

— Да, надо было в избе полежать.

— Паляжаў ноч. Ды ранкам паліцаі выкурылі.

— Полицаи? Уже и полиция организовалась? Вот сволочи! И откуда взялись? Свои? Прихожие?

— А чорт іх ведае, — сказаў Дземідовіч, крадком пазіраючы на немца.

— Піліпёнкі, Піліпёнкі гэта, — хуценька ўставіла Серафімка. — Болей некаму. Яны — халерныя людзі.

Хлебнікаў трохі павярнуў галаву ў яе бок.

— Ты еще здесь, Серафима? Так позаботишься о куреве, да?

— Ай дзе ж, дык ня ведаю. Ну пашукаю… Дык я гэта пайду. Вячэру ж вам трэба.

Яна палезла да выхаду, і капітан яшчэ раз напомніў:

— Главное — закурить.

Яны засталіся ўтрох, у бліндажы трохі павальнела. У грудзях у Дземідовіча зноў захрыпела, ён паспрабаваў адкашляцца, ды дзе там: мабыць, забіла ўсе лёгкія. Кашляючы, крадком пазіраў на немца, які цяпер уважліва разглядаў яго і, як ён трохі сьціх, спытаў:

— Пневмония?

— Што? — аж спалохаўся Дземідовіч. — Можа быць. Калі ня горш… — сказаў ён і тут жа пашкадаваў: знайшоў каму скардзіцца на сваю хваробу. Немец сядзеў пад сьцяной, расставіўшы калені, з перапэцканымі ботамі на нагах. На яго шырокай дзязе з белай бліскучай спражкай грувасьціўся вялікі чорны кабур, мабыць, з пісталетам, падумаў Дземідовіч. Чорт ведае, што робіцца, у якую пастку яго завяла Серафіма. Але ж гэты капітан? Ці ён не разумее ўсяго жаху становішча? Трэба было б запытацца ў яго, пагаварыць, але Дземідовіч усё касавурыўся на немца — а раптам той разумее па-руску?

Неўзабаве так яно і атрымалася, як ён найболей баяўся: немец, калі ён крыху суняўся пасьля кашлю, выразна сказаў да яго:

— Пневмония немножко помогаль… Их… Я имель стрептоцид.

Ён выцягнуў з кутку нейкую сумку, расшпіліў яе, пакалупаўся там і дастаў паперку, з якой вылушчыў белую таблетку.

— Браль!.. Унд васер, один таблет.

Амаль са страхам у душы Дземідовіч сядзеў насупраць, ня ведаючы, як быць: узяць ці адмовіцца. І капітан, нібы адчуўшы яго нерашучасьць, сказаў:

— Возьми! Не обманет. Мне вон глаза обработал, сразу гной течь перестал.

Дземідовіч працягнуў руку, узяў таблетку, уважліва разгледзеў яе на далоні. Праглынуць ці не? А раптам атрута? І ён сьцяў яе ў кулаку, непрыкметна сунуў у кішэнь плашча.

— Да-а, попали, как мыши в горлач, — грубавата сказаў капітан, уздыхнуўшы. — Чего дождемся?

Дземідовіч таксама ўздыхнуў і ціха заплюшчыў вочы. Карцела апусьціцца долу, скорчыцца, легчы — аддацца спакою. Але як было аддавацца спакою ў гэткай кампаніі, і ён сядзеў ля ўваходу, зьнямогла сочачы з-пад ілба за немцам. Той доўга поркаўся ў сваёй сумцы — перабіраў медыцынскае начыньне — скруткі бінтоў, бутэлечкі, пакункі, нажніцы. Твар яго быў заклапочаны сваёй увагай, на іх ён ужо амаль не глядзеў. І тады Дземідовіч спытаў: