Выбрать главу

А гэта вось Серафіма, якую ён ні разу ня бачыў і ўжо не пабачыць ніколі, чужая і незнаёмая, даглядае яго і корміць, ратуе ад пагібелі — па сваёй добрай волі, без усякага разьліку і нават бяз жаднай надзеі. Учора, як прынесла бульбачку і ён пачаў няўмела есьці, так сардэчна забедавала, здаецца, ажно заплакала. Што за жанчына яна і якога хоць бы ўзросту? Голас мяккі, дужа далікатны і мілагучны жаночы голас, але якая яна з твару, аб тым Хлебнікаў ня мог нават здагадвацца. Хоць бы спытаць, колькі ёй год? Канешне, жанчыны яму цяпер без патрэбы, што яму і Серафіма? Але ўсё ж такі… Ён чакаў пачуць яе голас — ведаў, тады пачынаецца дзень, яна прыносіць харч, падтрымлівае ў ім жыцьцё і тоненькай нітачкай зьвязвае яго са сьветам і безьліччу падзей, з якіх выпаў ён. Усе гэтыя дні ён дужа пакутваў бяз курыва, немец прынёс дзясятак слабых, бы трава, цыгарэт, якія ён скурыў за некалькі гадзінаў і прагнуў курыць яшчэ. Можа, і тут Серафіма яму паможа? Ня можа быць, каб у вясковых мужыкоў не знайшлося якога самасаду? Хіба што ў зруйнаванай вёсцы ня знойдзецца і мужыкоў…

Праклятая вайна, як усё няўлад абярнулася на ёй! Нават для яго, кадравага вайскоўца, для яго вайна — прафесія, і ён за гады сваёй службы ўпарта і старанна спасьцігаў яе таямніцы, складаную тэхналогію барацьбы з ворагам. І можа на вайне ён упершыню задаў сабе сакраментальнае пытаньне: ці падрыхтавалі яго хоць бы ў галоўным да таго, што гэтак спатрэбілася на фронце? Усю сваю службу, колькі памятаў Хлебнікаў, пяхоту вучылі абароне і найбольш — наступленьню, зімой і ўлетку малымі падразьдзяленьнямі і буйнымі злучэньнямі, на тактычных і штабных вучэньнях адпрацоўваліся дзясяткі варыянтаў гэтых складаных тэм. Ніхто з вайскоўцаў ня мог нават падумаць пра такія праблемы адступленьня — такога віду баявой дзейнасьці не прадугледжвалі статуты Чырвонай арміі, якая не зьбіралася адступаць ніколі і планавала разьбіць ворага малой крывёй і магутным ударам. Найбольш верагодным ворагам меркавалася імперыялістычная Японія, там ля яе, на Далёкім Усходзе, адбываліся частыя стычкі і правакацыі, на граніцах з ёю, у Маньчжурыі і Манголіі, стаялі самыя баяздольныя далёкаўсходнія дывізіі Чырвонай арміі, камандзіры ўсіх рангаў і ступеняў нястомна вывучалі арганізацыю і тактыку японскай імператарскай арміі. Немцы перад вайною былі сябрамі, іхнія камандзіры перад вайною вучыліся ў нашых акадэміях, дыпламаты і вайскоўцы рэгулярна прысутнічалі на нашых вялікіх манеўрах БВА і КВА. На захадзе быў пакт, мір і поўны ажур.