Выбрать главу

— Дык чаго ж вы не ясьцё? Лыжка ж ёсьць.

— Я пасьля, — буркнуў Дземідовіч.

— Як ваша прастуда? Ці лепей крыху?

— Мабыць, ня лепей.

— Ой забылася… Кажух жа вам трэба прынесьці.

— Было б добра — кажух.

— А табачку не того? Не расстарались? — ціхім голасам зважліва папытаўся Хлебнікаў.

— Ой, дык няма ж! Хадзіла па гародах — няма нідзе і самасейкі, — спахапілася Серафімка.

— Да-а? Ну что ж, потерпим. Правда, ефрейтор?

— Я, я, — з гатоўнасьцю азваўся Хольц.

Але той, мабыць, таксама насёрбаўся заціркі і неўзабаве ўзяўся абціраць кавалкам бінту сваю белую лыжку. Тады да чыгуна зьнямогла прысунуўся Дземідовіч. Зацірка для яго была не навіна, ён добра ўведаў яе смак у сваім галаднаватым жыцьці. Але, мусіць, хвароба панішчыла ў ім і адчуваньне голаду, і цяпер больш трох лыжак ён зьесьці ня мог. Ужо колькі дзён ня лезла ў горла ніякая ежа, не пайшла цяпер і зацірка.

— Усё. Больш не магу…

— Ой, дык як жа вы без яды? — гаротна зморшчыла тварык Серафімка.

— Хай вунь той… даядае, — кіўнуў Дземідовіч на немца, і Серафімка спытала:

— Можа і праўда — даясьцё?

Яфрэйтар, на дзіва, зразумеў і зноў з гатоўнасьцю дастаў сваю лыжку. За некалькі хвілінаў ён зусім апаражніў чыгун — рэшту старанна выскраб па берагах — мусіць, ня трэба было і адмываць.

— Ну і добра! — задаволена сказала Серафімка. — Пайду кажух вам прынясу. Ці, можа, увечары?.. Халера на іх, каб на паліцыянтаў не налезьці.

— Ни в коем случае! Слышь, Серафима? — насьцярожыўся капітан.

— Дык я ж панімаю. Што ж я, малая…

— Вот-вот! А иначе всем крышка. И тебе не поздоровится!

— Я ж акуратна. Аглядаюся ўсё. Каб нідзе нікога.

— Правильно! Спасибо тебе, милая женщинка, — пранікнёна вымавіў капітан, і ў Серафімкі прыкметна заружавеліся шчокі. Мусіць, хвалілі яе нячаста ў жыцьці, тым болей незнаёмыя мужчыны, і цяпер тая капітанава пахвала сапраўды кранула жанчыну.

Серафімка загарнула ў анучу пусты чыгун і, прыгнуўшыся, палезла да выхаду. За ёй, трохі счакаўшы, выбраўся яфрэйтар. Хлебнікаў, штосьці засяроджана думаючы, сядзеў пад сьцяной. У бліндажы ўвогуле было ня холадна, толькі часам з траншэі павявала ветрам, а так было зацішна і трохі трымалася накопленае за ноч людское цяпло. Застаўшыся ўдвох, Дземідовіч павярнуў галаву да капітана.

— Ён — куды?

— Кто?

— Немец. Выйшаў — куды?

— А хоть бы куда! Нам какое дело? — ня надта зважліва адказаў капітан.

— Вы не баіцёся? — счакаўшы, запытаўся Дземідовіч.

— А чего мне бояться? Чего уж мне-то бояться? — з горыччу загаманіў капітан.

— А што выйдзе і гранату сюды. Ці з пісталету?..

— Зачем?

— Зачым? Ну, ведаеце… Немец усё ж такі.

— Черт с ним, что немец! — вылаяўся капітан. — Какой ему смысл — гранату! Он бы мог меня — из пистолета. В первую же ночь. Но ведь не застрелил. Наверно, нет интереса. Сам в западне. И он, и я, и ты тоже. Разве не понятно?

Дземідовіч змоўчаў — ён не хацеў прадаўжаць такую размову, бо, мабыць, капітан адмаўляўся зразумець простыя рэчы. Цяпер, аднак, ня час быў тлумачыць іх гэтаму ўпартаму чалавеку — іхнюю размову мог пачуць немец. Калі ўжо не пачуў з траншэі?

Калі яфрэйтар неўзабаве вярнуўся, яны моўчкі сядзелі на ранейшых месцах, бы і не размаўлялі, і немец бадзёра сказаў да капітана, жартоўна паціраючы далікатныя пальцы:

— Ну, будем немножко… лечить? Посмотреть ваш глаза. Болно?

— Ничего, сносно. Может, обойдется… Слушай, ефрейтор, ты бы лучше табачку раздобыл… Ну, пук-пук, понимаешь? Сигаретку.

— Цигареттен? Никс цигареттен, — разьвёў рукамі яфрэйтар.

— А ты поищи. Может, где убитый, понимаешь? А?

Яфрэйтар нахмурыў белы лоб пад пілоткай, падумаў і ляснуў сябе па сьцёгнах.

— Карашо! Хольц идет посмотреть!

— Сходи, да. Авось где-нибудь попадется. А то, понимаешь, уши пухнут, так курить хочется.

Згрэбшы з долу сваю плашч-палатку, яфрэйтар вылез у траншэю. З бліндажу было бачна, як ён там сьпярша агледзеўся — у адзін бок, затым у другі — і хутка зьнік недзе. У бліндажы зрабілася ціха, і было чуваць, як дзесь ля ўваходу шаргацеў быльнягом вецер.

— Вы думаеце, ён не разумее па-руску? — ціха сказаў Дземідовіч.

— Кто? Немец? Вполне возможно, кое-что понимает.

— Дык як жа так? — чагосьці ня мог сьцяміць Дземідовіч. Яго болей абуралі зусім безуважныя адносіны гэтага капітана да ворага, і Дземідовіча цягнула распачаць сур’ёзную размову.

— А что — как же? Он, может, мне курева принесет. Ты же не принесешь, правда? — лёгка гаварыў капітан.