Выбрать главу

У прыцемках ён дасягнуў узлеску на другім баку лугавіны.

Ён ужо не мог упаўзці ў лес і бокам, губляючы прытомнасць, упаў на калючы кошаны дол; за спіной так і засталося абмяклае і такое цяжкае цела Наскова.

Калі ён ачуняў, ужо было цёмна. Над лугам высыпалі рэдкія зоры, яны ціха мільгалі ў светлым небе, а нізка над зямлёю вісеў на небасхіле нізенькі акрайчык месяца. Ён не свяціў, а толькі пазіраў у ноч сваім бліскучым прыплюшчаным вокам.

Пятрусь адразу схапіўся за таварыша, але той не варухнуўся. Нейкі час хлопец тармашыў старшыну, гладзіў і цалаваў яго твар і, адчуваючы, што вар’яцее ад гора, упрошваў таго не пакідаць яго, адчыніць свае вочы, пазнаць таварыша, апошняга байца з загінуўшага палка. Пятрусь заплакаў – цяжка, балюча, сутаргі сціскалі яго горла, і цяклі з вачэй пякучыя салёныя слёзы. Але Наскоў ужо назаўсёды знямеў і аглух да ягоных просьб і ягоных слёз.

I тады хлопцам апанавала нейкае бяссільнае забыццё. Ён доўга сядзеў уначы над нябожчыкам і не думаў нічога, толькі глядзеў у цемру і моцна сціскаў сківіцы...

Калі крыху адлегла ад душы бяссільная скруха, Пятрусь адпоўз на ўзлесак і пачаў рыхтаваць магілу. Спачатку ён капаў яе пальцамі, потым нейкай сукавінай, што трапіла ў ягоныя рукі. На пальцах ад такой працы ламаліся пазногці, было вельмі балюча і ішла кроў. Але хлопец ужо не зважаў на пакуты, ён толькі спяшаўся, каб да світання пахаваць чалавека.

Пад ранак магіла была гатова. Яна атрымалася зусім неглыбокай і кароткай для доўгага цела Наскова, трэба было капаць яшчэ, але ўсход запаліў ужо за краявідам сваё святло, і неба пачало гасіць зоры. Маладзік пад ранак схаваўся за лесам, так і не ўзлезшы на неба.

У апошні раз хлопец прысеў над нябожчыкам, зашпіліў яго гімнасцёрку, прыгладзіў зблытаныя валасы і ўзяў пад пахі, каб аднесці ў магілу. Пад рукі яго трапілі кішэні з паперамі. Пятрусь падумаў крыху і паклаў іх у свае, парожнія. Потым ён дастаў з кішэні яго шаравар апошнюю гранату – «лімонку», што неяк захавалася там, і асцярожна ўзняў цела.

У магілцы сержант захінуў твар чалавека свежымі роснымі галінкамі, наламанымі з блізкіх алешын, у апошні раз уздыхнуў на развітанне і хуценька загарнуў ямку зямлёй. Потым ён выйшаў на лугавіну, узяў сцяг, пацалаваў яго вільготны ад расы шоўк і, гатовы да жыцця, барацьбы і смерці, па-над узлескам пайшоў у той бок, дзе нараджаўся ранак.

Раздзел трэці

Настаў новы, поўны гора і смутку спякотны летні дзень...

Глухі і змучаны, Пятрусь, ні на хвіліну не прыпыняючыся, шыбаваў на ўсход. Ён знарок пазбягаў дарог, палявых шляхоў і нават сцежак і ішоў наўпрасткі – цераз палі збажыны, сенажаці, невялікія ляскі. Хлопец мінаў узгоркі, трымаўся нізін і кустоўя. Яго боты вымаклі ў ранішняй расе, трава сцерла іх да белай сырамяці, у кустах і збажыне па самы пояс набрыняла адзенне. Калі добра ўзнялося сонца, трава крыху падсохла, і ісці стала лягчэй. Хлопец нічога не чуў, і таму, каб не трапіць у якую бяду, штораз азіраўся, а часам выходзіў на ўзгоркі і асцярожна аглядаў абшары. Ён спадзяваўся ўбачыць дзе-небудзь адзнакі бою, разрывы снарадаў, ці бамбёжку, але ўсюды ляжаў зялёны летні край, кучаравіліся лясы і пералескі, каласілася збажына. Праўда, з-за краявіду ў многіх месцах ішлі дымы, яны няпэўнымі плямамі расцякаліся ў небе; у сухім нерухомым паветры моцна пахла горкім дымам пажарышчаў – недзе гарэлі тарфянікі.

Калі развіднела, сержант з нейкае выспы добра агледзеў наваколле і, не ўбачыўшы ніякіх адзнак войска, раскруціў сцяг. Спачатку ён зняў бліскучы наканечнік, потым распароў ім шво і згарнуў палотнішча. Яно не вельмі ладна прышлося на яго схуднелым целе, але гімнасцёрка прыхавала шоўкавую чырвань, а папруга падціснула і замацавала скрутак. Так, глухі, з адзінай гранатай у кішэні сержант выправіўся ў далеч.

У адным месцы каля лесу Пятрусь напаткаў цэлае поле суніц. Пад рэдкім лісцем, панікшы долу, віселі сакавітыя яркачырвоныя ягады. Убачыўшы іх, хлопец адчуў незвычайны голад і аж пахіснуўся, раптам страціўшы сілу. Толькі цяпер зразумеў ён, што павінен падсілкавацца, інакш не дайсці яму да сваіх і не ўратаваць сцяга. Прыступ голаду быў такі моцны, што, не грэбуючы лісцем, кузуркамі і чарвякамі, што ліплі да пераспелых ягад, ён зграбаў іх з галін заскарузлымі далонямі і глытаў, не перажоўваючы. Мабыць, доўга поўзаў ён тут, між гарэлых пнёў на гэтай дзяляне, але голад не змяншаўся. Тады хлопец спалохаўся, што патраціў гэтулькі часу, і, агледзеўшыся па баках, пайшоў далей.