Гэты першы момант задуманага старшыной плана ледзь не сапсаваў усю справу. Нечакана зусім блізка ля хлопцаў зашамацеў чарот, прыгнуўшыся, з яго выскачыў голы немец. Калі б толькі ён зірнуў у іх бок, дык адразу заўважыў бы ў якіх дзесяці кроках не вельмі замаскіраваных байцоў. Але ён быў напалоханы і, апынуўшыся на пожні, бягом кінуўся да дарогі. Азірнуўшыся на сваіх, Пятрусь убачыў, як спакусліва цалялі ў спіну немца Жук і Калдобінскі, і нават Нупрэеў высунуў з-пад моста доўгую рулю сваёй вінтоўкі. Сержант прыцішана пагразіў ім, папярэджваючы такое свавольства. А па той бок дарогі з кароткімі прамежкамі цішыні ўсё гучэлі чэргі. Сержант, увесь сціснуўшыся ад незвычайнага напружання, сачыў за ворагамі, якія, нібы мурашкі ў патрывожаным муравейніку, замітусіліся на лужку. Ён чакаў, што немцы напалохаюцца і, завёўшы машыны, паімчацца адсюль, але машыны маўкліва стаялі на дарозе. Хутка немцы, пэўна, зразумелі, дзе небяспека, і, ухапіўшы зброю, пачалі з лужка шалёную страляніну. Нехта ўсё ж упаў там і ляжаў, не кратаючыся, пакуль яго не падхапілі іншыя. Аднак уцякаць адсюль яны, відаць, не мелі намеру і па камандзе афіцэра ланцужком заляглі пад дарожным насыпам і дружна стралялі. Лясное наваколле множыла страляніну, і ўсё вакол грымела аглушальным суцэльным гулам. У думках хвалячы Агальцова і ўпершыню адчуваючы непакой за яго жыццё, сержант падумаў, што трэба бегчы. Яго позірк сустрэўся з насцярожаным Нупрэевым позіркам, хлопец убачыў у ім згоду і першы выбег з-пад моста. Машыны на дарозе стаялі на ранейшых месцах, але немцаў між імі ўжо не бачна было, і хлопцы, прыгнуўшыся, шыбанулі паўз насып у бок, дзе віднелася жыта.
Апошнім, азіраючыся на дарогу, бег змаркатнелы Жук.
Надвячоркам высокае неба заплыло шызай туманнай смугою. Праз яе бліскучай невыразнай плямай глядзела з небасхілу сонца. Яно не пякло але ў паветры было парна, душна. Дрэвы і збажына прыціхлі, насцярожыліся, чагось чакалі.
Мокрыя ад поту, пяцёра людзей адзін за адным лезлі на ўзгорак. Пад іх нагамі блыталася высокая, па грудзі, збажына. Недзе над лагчынай, патрывожаная людзьмі, жаласліва кігікала кнігаўка. Лес адступіў удалячынь, пакінуўшы на прыволлі вялізны абшар зямлі; далёка ззаду сінеў і таяў у сонечным ззянні пройдзены людзьмі бор.
Але вось нечакана патух сонечны бляск, растварылася, патанула ў мутнай сіні далёкая палоска бору. Сержант шавяльнуў пад гімнасцёркай мокрымі ад поту лапаткамі і азірнуўся: ззаду за імі гналася ў небе вялізная навальнічная хмара.
Сержант зірнуў на сваіх спадарожнікаў. Жук і Калдобінскі, што ў дарозе трымаліся бліжэй да яго, ужо стаялі побач і таксама глядзелі на захад. Праз колькі крокаў за імі ішлі Нупрэеў і дзед. Яны ўсе прысталі, але сержант не даваў перадышкі – яму хацелася да ночы як мага далей адарвацца ад ворагаў і заначаваць у спакоі. Зноў жа трэба было распаліць агонь, каб даць сігнал Агальцову, які немаведама дзе блукае адзін. Выспа, на якую яны лезлі цяпер, бачна была здалёку, і Пятрусь спяшаўся дабрацца да яе вяршыні.
Але хутчэй за яго ў гэты бок сунулася хмара. Касыя заслоны дажджу ў некалькі месцах павіслі ўжо над зямлёю. Разы са два мільганула маланка, і цяжка прагрымеў гром.
Хлопцы кінуліся пад бліжэйшую купу, што цьмяна шарэла ў збажыне. Гэта была груша-дзічка. Пад яе веццем, прыціскаючыся да апаленага вогнішчамі камля, прымасціліся Жук і Калдобінскі. Пятрусь таксама прыткнуўся побач на крутлым камені, хлопцы крыху пасунуліся, даючы сухое месца сержанту. Хутка да іх далучыўся Нупрэеў. Абціраючы мокры твар рукавом, ён уладкаваўся ля ног хлопцаў, і калі падышоў дзед, дык пад ігрушай ужо не было незамочанай мясціны. Стары, мокры да ніткі, з босымі, запэцканымі граззю нагамі, мясціўся з краю, а зверху, з галля, на яго ліліся струмені. Тады са свайго месца ўскочыў Жук.
– Дзед, ідзі сюды, тут лепей.
– А нічога, сядзі, сынок.
– Ідзі, ідзі, чаго там... Людзі пасунуліся, так-сяк умясцілі і старога, які войкаў, што замок тытунь і няма як закурыць. Аднак закурыць у хуткім часе прылаўчыліся – у Калдобінскага знайшлася запальніца, а Нупрэеў адшукаў сушэйшую махорку.
Цесна прыгарнуўшыся да дрэва, у гэты навальнічны час пяцёра чужых, малазнаёмых людзей, мабыць, упершыню адчулі, што яны ўжо не чужыя і не абыякавыя адзін аднаму. З учарашняга дня агульным клопатам лёг на ўсіх лёс чырвонага сцяга, які з гэткім цяжарам уратавалі яны.
– Дзе ж цяпер наш старшына? – казаў Жук, неяк сарамліва ўсміхаючыся сваім шыракаскулым курносым тварам. Гэты хлопец усё болей падабаўся Петрусю за дзівосную мяккасць душы, зважлівасць і паслухмянасць. Ад самай той рэчкі ён не адставаў ад сержанта, увесь час трымаўся побач і заўсёды гатовы быў прыйсці на дапамогу. Пятрусь і сам непакоіўся за старшыну і ўсё думаў, ці не забілі яго ў той страляніне і як у гэткую непагадзь падаць яму ўмоўлены сігнал.