— Стой! Кто тут? Не подходить! Стреляю!
«Ай, божачкі мае!» — палахліва падумала Серафімка, ня ведаючы, як адазвацца, ці лепей, не адзываючыся, уцякаць адсюль, пакуль той ня згледзеў яе і не застрэліў…
— Жанчынка я, тутэйшая, — дрыготкім ад хваляваньня голасам урэшце адазвалася Серафімка.
Чалавек трохі змоўчаў, падумаў, пераступіў у траншэі, але руку з пісталетам не апусьціў.
— Женщина? Одна?.. Отвечай быстро!
— Дык адна ж…
— Кто еще есть?
— Дык нікога ж. Адна во іду.
— Так. Подойди ближе! — строга загадаў чалавек, і Серафімка, ступаючы па мяккім брустверы, падышла на тры крокі бліжэй.
— Где немцы?
— А хто ж іх ведае. Пакуль што няма тутака.
— А наши?
— Дык і нашых няма. Нідзе нікога.
— Да? — глуха прамовіў чалавек і абвяла прысланіўся плячмі да сьцяны траншэі. Мусіць, стаяць яму было нязручна, ці ён аслабеў ад раны і змоўк. Серафімка таксама маўчала, адчуваючы цяпер нейкую сваю залежнасьць ад гэтага небаракі і пільна разглядвала яго. Але забінтаваны твар чалавека ня шмат даваў ёй зразумець, хіба цьвёрдыя, даўнавата ня голеныя пашчэнкі сьведчылі пра яго ня дужа маладыя гады ды нейкія блішчастыя значкі ў чорных пятліцах на каўняры — азначалі, што ён ня просты, не радавы чырвонаармеец, а мусіць, які камандзір.
— Женщина, ты мне должна пособить, — спакойней, але з ранейшаю натужнасьцю сказаў чалавек і змоўк другі раз.
— Дык я ж, калі ласка, — нібы нават узрадавалася Серафімка. — Што вам?
— Чего мне? — перапытаў чалавек і сеў, нібы рухнуў у дно траншэі. — Плохо мне! Вот… И чего-либо поесть…
— Добра. Толькі я зьбегаю, тут недалёка. Вы пачакайце.
— Но чтоб без обмана. И не вздумай кого привести. Застрелю всех.
— Добра, — сказала Серафімка.
З нечаканай палёгкай яна шыбавала па касагорыне ўгору і згадвала, што ў хаце, здаецца, яшчэ быў акрайчык счарсьцьвелага хлеба і паўчыгунка зваранай бульбы за засланкай… Сёньня яна нічога ня ела, мусіць, ня ела і ўчора, а тыя дні наогул было не да яды, і гэта неяк не турбавала яе. Але во цяпер затурбавала — чым яна накорміць гэтага чалавека? Можа, зварыць сьвежай бульбачкі, у сенцах было паўвядзерца салёных агуркоў, а ў кубле яна ашчаджала з вясны пару кавалкаў ёлкага леташняга сала. Але галоўнае, мабыць, яму трэба памагчы з вачыма. Ён жа, вельмі падобна, сьляпы, дык як жа ён самадзін? Трэба доктара. Толькі дзе той доктар? Да мястэчка адсюль дваццаць два кіламетры, як цяпер да яго дапяцца? Ды па такім часе ці застаўся там доктар? Пэўна, падаўся з войскам?..
Краем бульбянішча яна выбегла на дарожку, адкуль ужо было рукой падаць да яе панішчанай вёсачкі, адзін выгляд якой неадчэпнаю скрухай сьцяў сэрца, — скрозь каміны, абпаленыя дрэвы, чорнае пажарышча ад сядзібаў, гумнаў, хляўкоў. Можа, якіх чатыры ці пяць будынінаў (два хляўкі, лазьня ля сажалкі і Петракова варыўня на агародзе) усяго і ацалелі з таго канца вёскі. З гэтага ж не засталося нічога, апроч яе хаткі на водшыбе.
Яшчэ бегучы па выгане, яна неспадзёўкі заўважыла там людзей — за парканам на яе падворку мільганулі дзьве постаці, зьнерухомелі, сталі, мабыць, узіраючыся ў яе. Яна таксама ўгледзелася пільней і неўзабаве пазнала аднаго, то быў старэйшы Піліпёнак у высокай, з казырком шапцы, што летась, казалі, прыдбаў у Заходняй, як ганяў скаціну, — тут такой шапкі не было ні ў кога. Хутка, аднак, яна пазнала і другога, — ягонага брата Віцьку, які, прыгнуўшыся, штосьці валок па падворку. Але якая халера прыгнала сюды гэтых Піліпёнкаў, што ім спатрэбілася тут? — падумала Серафімка. Яна не любіла гэтых людзей, зрэшты, як не любілі іх і ўсе навакольныя людзі, адны баяліся, другія ненавідзелі гэтых нячыстых на руку і на дробныя ўчынкі пакасьнікаў. Праўда, гадоў колькі таму яны разлучыліся: старэйшы прыстаў у прымакі да адной маладзіцы з Лядаў, а малодшы зьехаў у Оршу. Ды во цяпер зноў сышліся…