Выбрать главу

– Старшына не прападзе, – змрочна буркнуў Калдобінскі. Гэты пахмуры хлопец не любіў, відаць, кідацца ў залішні непакой ці перажываць за каго без дай прычыны. Апякаючы пальцы, ён смактаў свой недакурак і вузкімі вачыма нявесела пазіраў удалячынь.

Угары тым часам грукацеў гром, недзе блізка ляпнуў пярун. Стала зусім змрочна, вечарэла раней часу. Аднак хмара сунулася далей, і з ёю пакрысе сплывалі на ўсход грымоты. Праз колькі часу струмені зменшыліся, патанелі, і хоць у паветры яшчэ снавала павуціна дажджу, людзі вылезлі з-пад ігрушы. Дарэчы, сядзець там не было чаго: усё роўна ўсе былі мокрыя.

А на захадзе між хмарамі і зямлёю прарэзалася вузенькая шчылінка, і праз яе зірнула прамністае нізкае сонца. Гэта быў яго апошні позірк на мокрую, затуманеную зямлю, і тая з нястрымнай радасцю засмяялася насустрач яму безліччу бляску, колераў і тонаў. Куды толькі і падзелася яе нядаўняя пахмурасць, шэрасць, няўтульнасць. Успыхнулі кропелькі на жытнёвым калоссі, устрапянуліся і радасна зашапацелі вымытыя лісцікі дрэў, яркай і чыстай сінявою апавілася далячынь.

У хмызняку і кустоўі людзі назбіралі ламачча і падаліся на самы верх выспы. Тут узвышаўся нейкі старажытны курган, густа парослы рамонкамі, сіўцом і верасам, а на яго верхавіне хілілася на адзін стаяк трыганаметрычная піраміда. Пад ёй дзед як-колечы распаліў вогнішча. Агеньчык спачатку неахвотна мільгаў у мокрым суччы, але ўрэшце ўвайшоў у сілу, і ў неба паваліў густы хвост рудога дыму.

Людзі ўглядаліся ва ўсе бакі, чакалі – вось-вось з’явіцца адзінокая постаць, але нідзе не было нікога. Далёка-далёка пад сінім лесам, пэўна, з пашы прайшла ў вёску маленькая чарада жывёлы. Сонца зайшло за лес, зноў стала пахмурна, згаслі фарбы, і шэры маркотны змрок цягнуўся па зямлі.

Так яны нікога і не дачакаліся да самага змяркання. Калі пачало цямнець, Калдобінскі першы прапанаваў:

– Годзе чакаць. Пойдзем пераначуем у якой вёсцы. Пасушыцца трэба ды і пад’есці.

– А як жа старшына? – запытаўся Жук. Ён упершыню не ўсміхнуўся, і ў яго наіўных шырокіх вачах свяціўся клопат.

– Знойдзецца як-небудзь. А не знойдзецца, дык што ж... Можа ён спецыяльна згубіўся.

Пятрусь і Нупрэеў пытальна зірнулі на байца, насцярожыліся. А Калдобінскі, ваўкавата ўставіўшыся ў агонь, маўчаў.

– Ну, гэта ты дарэмна, – сказаў Жук.

– Можа дарэмна, а можа і не. Думаеш, вельмі цікава гэта – перціся немаведама куды?

Петрусю зрабілася няёмка ад яго слоў, але Калдобінскі маўчаў, і сержант падумаў, што чалавек гэты, відаць, буркатлівай натуры. Петрусю шкада было разлучацца са старшыной, які дапамог ужо ў цяжкую хвіліну і сваёй зухаватасцю пакрысе пачаў падабацца хлопцу. Ён трохі разумеў яго неўгамаваную натуру, не зусім адабраў яе, але нешта ў ёй прыцягвала хлопца. Мо’ гэта было тое, чаго не хапала самому сержанту, чалавеку спакойнага, роўнага характару. Але зноў жа чакаць тут, на кургане, было безнадзейна. Пятрусь у апошні раз агледзеў далягляд і коратка сказаў:

– Пайшлі.

Зноў яны рушылі па збажыне, толькі ўжо ўніз. Крыху абсохлыя калені хутка ўзмакрэлі, і дрыжыкі ад вячэрняй прахалоды прабеглі па мокрых спінах.

Калі ўжо добра сцямнела, яны натрапілі на нейкую сцяжынку і пайшлі па ёй. Усе рухаліся моўчкі, змарыліся. Непрыемна шорхала на хаду мокрая вопратка, мулялі сырыя боты, ды спыняцца ці адпачываць не было як. Стомлены сержант ужо гатовы быў згадзіцца на прыпынак, калі б дзе трапіў які хутар, ці хоць якая будыніна. Але навокал усё плылі ў змроку мокрыя маўклівыя палі, пералескі, хмызнякі, часам трапляліся грукатлівыя масткі цераз ручаі. Ноч выдалася хмарная, у небе дзе-нідзе мільгалі рэдкія зоркі, аднак было па-летняму светла і наперадзе цьмяна шарэла дарога.

Раптам да зморанага паўсоннага слыху людзей данесліся нейкія гукі. Пятрусь спыніўся, прыслухаліся і астатнія. У змрочным небе недзе выразна разносіўся гул самалётаў. Хлопцы адразу вызначылі, чые гэта былі самалёты. Неўзабаве даляцелі і цяжкія выбухі, злосна заляскалі ўдалечыні нямецкія зяніткі. Калі ж на ўсходзе ўзляцелі ўгору яркія трасіруючыя пункціры кулямётных чэрг, хлопцы адразу зразумелі, дзе ўсё гэта адбываецца, і прыбавілі кроку. Усе павесялелі, ажывіліся, знікла зморанасць і прыбавіліся сілы. Нават дзед і той апынуўся наперадзе і ўсё дзіваваўся: