Выбрать главу

– Ото даюць, га! Вось хай і яны пазнаюць фунт ліха.

– Пэўна эскадрылля, не меней, – вызначыў Жук.

Людзі ішлі яшчэ доўга, дарожка завяла іх у нейкі лясок, абапал яе з хмызняку высіліся чорныя ёлкі. Лес прыглушыў гукі бамбардзіроўкі, і хлопцы шкадавалі, што не маглі чуць, што адбываецца там. Урэшце, зусім неспадзявана і вельмі блізка ўперадзе бліснула святло. Хлопцы насцярожыліся, услухаліся, але навокал было ціха. Тады Пятрусь спыніў сваю групу і шапнуў Жуку, каб той разведаў дарогу. Хлопец саўгануў з пляча аўтамат і краем дарожкі паслухмяна падаўся наперад.

Не паспеў ён, аднак, аддаліцца, як зноў наперадзе пачулася гамонка ці то ўскрык, ці каманда, і зноў усё змоўкла. Невядома што, але наперадзе на лясной дарозе было нешта жывое. Хлопцы спыніліся ў кустах і чакалі.

Жук хутка вярнуўся. Узрушаным шэптам ён паклікаў сержанта.

– Там нямецкая калона. Дарога ідзе другая, упоперак нашай, і там машыны стаяць замаскіраваныя і чакаюць, пэўна, калі налёт скончыцца.

I ў галаве сержанта раптоўна, неабдуманая і нечаканая, з’явілася шалёная думка.

– Нупрэй, – ціха паклікаў ён старога салдата. – На, браце, мой скарб.

Нупрэеў узяў мяшочак са сцягам.

– Чакайце тут, – коратка загадаў сержант. – Пайшлі, Жук.

Тулячыся да кустоўя, яны падкраліся да вялікай дарогі. Там сапраўды стаялі чорныя грамадзіны машын, між імі прахаджваліся немцы, ціха гаманілі, відаць, слухалі і пазіралі ў неба. Асцерагаючыся, каб не хруснуць якой галінкай, сержант стаіўся ўскрай алешніку, упіўся вачыма ў змрок, – імкнуўся ўбачыць як мага болей. У якіх пятнаццаці кроках перад імі высілася вялікая з брызентавым кузавам машына, у яе кабіне сядзелі немцы, яны ціха размаўлялі і чакалі, пэўна, калі можна будзе ехаць. Наперадзе зусім блізка ад гэтай стаяла яшчэ машына, там таксама чуліся прыціхлыя варожыя галасы. У тым кірунку, куды ішла дарога, усё гулі самалёты і цяжка бухалі ўзрывы.

Сержант трымаў у адной руцэ пісталет, а ў другой – гранату. Ён хваляваўся, але як мага стрымліваў сябе і асцерагаўся, каб не нарабіць шуму. Побач, датыкаючыся да яго боку, на каленях стаяў Жук, яго рукі трымалі напагатове ўзведзены аўтамат, а твар хлопца, здаецца, і цяпер усміхаўся – такі быў спакойны. Сержант аж пазайздросціў гэткай вытрымцы чалавека.

– Слухай, – шапнуў ён байцу. – У цябе гранаты болей няма?

– Няма, – ціха і з шкадаваннем у тоне адказаў Жук.

– Тады, як я кіну, лупяні па кабіне – і пярэдняй і задняй.

Ішлі хвіліны. Пятрусь усё напружана слухаў бамбёжку і пазіраў угору, нібы там можна было што ўбачыць. У яго ўжо склаўся план, – надзвычайны добры план, але выкананне яго залежала не толькі ад сержанта.

Ноч, аднак, пацямнела, – пэўна, набліжалася світанне. На ўсходзе ўсё грукацела страляніна, узляталі ўгору трасіруючыя чэргі і, бліскаючы ў хмарах, глуха шпокалі разрывы зянітак. Але сюды, на дарогу, не зварочваў ніводзін самалёт, і сержант паступова пачаў губляць цярпенне. А ў машыне тым часам шчоўкнулі дзверцы, на дарогу саскочыў нейкі немец, пастаяў ля канавы і паціху пайшоў у голаў калоны.

I тады Пятрусь наважыўся. Чакаць далей ужо было небяспечна, – хутка насоўваўся світанак. Сержант моўчкі паціснуў локаць Жука, выняў з запала чаку і, старанна размахнуўшыся, шпурнуў гранату пад кабіну вялікай машыны.

Хлопцы ўпалі на зямлю – уперадзе ірванула, шаснула ў кустах асколкамі і ўзнятым пяском. Пятрусь ускочыў і кінуўся на сваю дарогу, а побач, у другі раз жахліва ўскалыхнуўшы цішыню, гулка затрашчалі кароткія і частыя чэргі аўтамата Жука.

Пятрусь імчаўся па дарозе, ужо не тулячыся да кустоўя, ззаду шпарка тупацеў таварыш. На дарозе, здаецца, усё было ціха, нават ніхто не стрэліў наўздагон. I раптам на вершалінах елак мільганула нейкае яркае святло. Пятрусь не зразумеў нават, адкуль яно і ўзялося. Ён азірнуўся, і сэрца яго ўстрапянулася ад вялікай радасці.

На дарозе за хмызняком узнялося ўгору вялізнае дымнае полымя. Яго шырокія хісткія языкі паласкаліся ў начным змроку, матляліся ў паветры іх чорныя дымныя грывы, высока над лесам узляцела чарада мігатлівых іскраў. Хлопцы, баючыся, каб іх не ўбачылі, кінуліся ў гушчар і ад нечаканасці таго, што здарылася потым, пападалі на зямлю.

Нейкая грымотная віхура вынікла з начнога неба і кінулася на лес. У якую хвіліну ўзарвалася, знікла ноч, усё наваколле задрыжэла, загрукатала, хіснуліся дрэвы, у самае неба пыхнула асляпляльна яркае полымя і зноў ірванула, і зноў асляпіла на момант. I тады нейкая вар’яцкая радасць ахапіла хлопцаў.

– Нашы! Нашы! – крычаў Жук у твар Петрусю. Яны ўскочылі з долу і кінуліся да сваіх байцоў.