Выбрать главу

– Браткі! – Праз грукат закрычаў Пятрусь. – Сюды! Бі гадаў.

Нясмела, яшчэ прыгінаючыся, на дарозе з’явіліся цьмяныя постаці Нупрэева, дзеда і Калдобінскага. Яны, відаць, мала што разумелі з таго, што здарылася, але падпарадкаваліся загаду і пабеглі за сержантам. А той, узвёўшы пісталет, наперадзе ўсіх рынуўся на вялікую дарогу.

А на дарозе рабілася нешта жудаснае. У некалькіх месцах палыхала вялізнае полымя, і моцна смярдзела бензінам і паленай гумай, узнятыя выбухамі зямля і пыл няспынна сыпаліся зверху. Магутныя выбухі на момант асляпілі сержанта, тугое паветра ўзрыву ўдарыла ў твар. Ён выбег на дарогу і ўгледзеўся, шукаючы ворагаў.

Тады ён не думаў, што можа загінуць ад сваёй жа бомбы, ён, бадай, здзівіўся б, калі б хто сказаў яму пра тое. Пятрусь бяздумна сунуўся ў самае пекла выбухаў, але хутка наткнуўся на штосьці і паляцеў у нейкую прорву. То была глыбокая варонка ў дарозе, і на дне яе хлопец натрапіў на чалавечае цела. Ён вылаяўся ад нечаканасці, цела раптам спуджана крутнулася з-пад яго рук, нешта ўскрыкнула незразумелае, і Пятрусь, згадаўшы ворага, два разы стрэліў у яго. Потым ён выскачыў з варонкі, перад ім апынулася абернутая выбухам вялізная машына, і хлопец кінуўся на той бок яе, шукаючы ворагаў. Але там не было нікога, толькі ў чарговым бляску недалёкага выбуху ўбачыў Пятрусь, як з дарогі хіснуліся ўбок нейкія цені. Побач у прамежках выбухаў трашчалі аўтаматы, нехта роспачна галасіў між пакарабачаных машын, і сержант раптам моцна спалохаўся за Нупрэева, у якога застаўся яго клунак. Хлопец падумаў, што ў такой валтузні ён можа зноў страціць свой сцяг, і кінуўся на другі бок дарогі.

– Нупрэеў, Жук, сюды! – крыкнуў ён, вылазячы з канавы, і ў той момант з яе махлянулася цёмная постаць і бліснуў цьмяны агеньчык стрэлу. Пятрусь, поўны спрыту і рухавасці, хутка прыгнуўся.

– Ах ты, гад! На, на, – ён выстраліў некалькі разоў і пабег у кустоўе. Там ён зноў гукнуў Нупрэева і неспадзявана пачуў ззаду блізкі яго голас:

– Бягу! Бягу!

Яны адбеглі ў мокры хмызняк, і Пятрусь, баючыся, каб не згубіць сваіх, спыніўся і зноў паклікаў. Ламаючы галлё, ля яго з’явіўся Калдобінскі, прыбег Жук і апошнім азваўся дзед.

Прадзіраючыся праз кустоўе, яны шпарка сігалі па адхону ўніз, пакуль не выйшлі на лугавіну. Ззаду ўжо было ціха, самалёты паляцелі, неба на ўсходзе праяснілася. Пасля ляснога змроку на лузе было куды відней. Пачынаўся світанак.

Змораны і ўзрушаны сержант паставіў на ахоўнік пісталет і сеў на купіну. Ён вельмі стаміўся і ледзь знаходзіў сілы, каб не зваліцца, але душа хлопца была поўная невыказнай, нейкай дзіўнай, ніколі яшчэ не адчуванай буйнай радасці.

З лесу вылез Жук, ён нешта трымаў у руках і падышоў да сержанта.

– Вось аўтамат, – працягваў ён Петрусю свой трафей.

– Пэўна, дзеду трэба аддаць: у мяне ж пісталет.

– А ў дзеда ёсць, – усміхнуўся Жук.

I сапраўды, дзед з’явіўся з кароткім нямецкім карабінам і нават з дзягай на жываце, якую адцягвалі два цяжкія падсумкі. Нупрэеў у адной руцэ нёс сваю вінтоўку, а ў другой трымаў гранату з доўгай драўлянай ручкай. Усе прыселі побач з сержантам і пасядзелі так, чакаючы, пакуль утаймуюцца ўсхваляваныя і змораныя сэрцы.

– Ну, праклятае гадаўё, – сказаў сержант. – За адну бяду вы атрымалі. Чакайце – атрымаеце за ўсё.

– Ой, і добра ж яны іх лупянулі, – захапляўся дзед. – К чортавай матары ўсю чараду. Як, не раўнуючы, карова языком злізала.

Ужо добра развіднела. Перад хлопцамі паволі выступіў з цемры невялікі лужок з някошанай травой, за ёй ляжалі палеткі. Людзі яшчэ пасядзелі трошкі, ажыўлена размаўляючы, і пачалі збірацца ў дарогу. I тады нечакана зусім блізка з кустоўя выскачыў на лужок Агалыдоў – успатнелы, вясёлы, зухаваты, са збітай набок пілоткай.

– Прывет, арлы! Не трэба слёз. Агальцоў – не гузік: прапаў, дык знойдзецца.

Падышоўшы да ўсіх, ён в лязгатам скінуў з плячэй два аўтаматы, зняў рудую афіцэрскую сумку, напханую нейкімі паперамі, і з-за пазухі выняў некалькі пачак аўтаматных патронаў.

– Вось трафеі нашых войск. Малайцы летуны – далі жару. Шкада, не сустрэць іх, а то б па сто грамаў паставіў, – і старшына выразна паляпаў сябе па сцягну, дзе целяпалася на дзязе абшытая лямцам фляжка.

– I як гэта ты натрапіў на нас? – здзівіўся Нупрэеў, падазрона азіраючы старшыновы трафеі.

– Гэ, стары, разумець трэба. Дзе шум-бойка, там і я. Такі ўжо характар. Ды і конік дапамог: увесь час алюрам. Ну але і вы, здаецца, малайцы. А як твая сумка, сержант? – ужо сур’ёзна запытаў ён.

– Тут, вось, – паказаў клунак сержант і ўсміхнуўся.

– Ото добра. Ну, калі так, то і пачаставацца можна. Трымай кілішкі! – жартаваў старшына, адкручваючы фляжку.