Выбрать главу

Людзі весела ўхмыляліся.

Раздзел восьмы

Выйшаўшы з хваёвага лесу, хлопцы нечакана ўбачылі шырокую дарогу. Гладкая, да бляску ўезджаная стужка яе гонка каціла на ўсход, побач на тэлеграфных слупах густа блішчэлі ізалятары. Як бы добра было ісці па ёй і як прасіліся на яе роўнядзь ногі, змучаныя бясконцай хадой па лясах, балотах, часта без аніякай сцяжынкі, па густой збажыне, цераз раўчукі і ўзгоркі. Але як выткнешся на яе, калі там бясконца імчаць нямецкія аўтамабілі, грукочуць цяжкія фурманкі, злосна фыркаюць матацыклы.

Выбраўшы зручны момант, калі паблізу не было аўтамабіляў, хлопцы скаціліся з высокага абрыва, перабеглі дарогу і схаваліся ў зарасніку раўчука, што вёў у далеч лясных прастораў. Раўчук усё паглыбляўся, хмызняковыя схілы яго ўсё пашыраліся, скрозь буялі алешнік, асіннік, ляшчыннік. Месцамі, на высокіх выспах, як вартавыя, стаялі адзінокія сосны. У раўку быў халадок, у густой засені пахла прэлым лісцем і воўчымі грыбамі.

Як і ўсе апошнія дні, Пятрусь ішоў наперадзе. Стомленыя людзі маўчалі, кожны думаў сваё, а з Петрусёвай галавы ўсё не выходзілі старыя думы-клопаты.

На кожным узгорку, на кожным узлеску Пятрусь углядаўся ў краявід, услухоўваўся, намагаючыся пачуць трывожныя гукі бою, якіясыді адзнакі фронта. Колькі разоў на лясных сцежках раптоўна спыняўся ён і слухаў – далёкі невыразны гук здаваўся яму гарматным стрэлам, і думалася – там ідзе бой.

Учора дзед хадзіў у вёску па харчы і прынёс лісток паперы з аддрукаваным на адным баку тэкстам. На непісьменнай беларускай мове пісалі нейкія вылюдкі, што Чырвоная Армія разбіта, што нямецкія войскі набліжаюцца да Масквы, што Беларусь вызвалена ад бальшавікоў.

Вельмі шмат відавочнай хлусні было ў тых словах, і ўсё ж глыбокім болем азваліся яны ў душы Петруся. Яны сядзелі тады ў жыце, было ранне, так пяшчотна і міла заліваліся ўгары жаўрукі і так агідна эдалося жьшь на гэтым свеце. Мусіць, нешта благое адбілася ў ягоных вачах, калі ён прачытаў тую паперку, бо раптам яго позірк сустрэў спалох у такіх добрых, лагодных заўсёды вачах Жука. I Пятрусь перамог сябе, напружыў сілы і сказаў, ірвучы паперку:

– Брахня! Хто ж тады ім лазню задаў на дарозе, га?

I адразу бліснулі надзеяй Жукавы вочы, павесялелі салдацкія твары. Жыве і змагаецца армія, жыць будзе краіна Саветаў, – у іншае ён не хацеў і не мог верыць, так, як не паверыў бы, што раптам магло знікнуць паветра ці наступіць канец свету. Але як жа знайсці яе, гэтую армію, як сказаць, што шасцёра сыноў яе выкараскаліся з пагібелі, збераглі савецкі воінскі сцяг і што яны гатовы зрабіць усё, каб толькі далучыцца да цябе, стаць у агульны баявы ланцуг?

Калі добра ўзнялося сонца, ісці стала душна і цяжка. Хлопцы моўчкі брылі па аўражыне, але Пятрусь па сабе адчуваў, што трэба зрабіць адпачынак. Якраз трапілася невялічкая прагалінка над ручаём, роўненькая, як дыванок, парослая прывабнай дробнай траўкай з вострымі сцяблінкамі, якая так і клікала да сябе. Вакол яе стаяў у цішы алешнікавы гушчар з прахладным ценем у доле.

Пятрусь моўчкі скінуў аўтамат, расперазаўся, сцягнуў боты і зняў гімнасцёрку. Крэкчучы ад задавальнення, распрануліся і астатнія, усе добра вымыліся ў ручаіне.

– Дзед-барадзед, палуднаваць! – узбадзёраны сцюдзёнай вадой, вяртаўся да свайго звычайнага тону старшына АгальЦоў. – Аб’яўляецца меню: суп-харчо з фрыкадэлькамі, бішбармак па-нямецку, жабіны лапкі ў марынадзе. Кніга скаргаў – у касіра.

Усе смяяліся, а дзед тым часам разразаў акраец хлеба, трошкі сала і раскладваў на Жукавай рудай світцы шэсць кавалкаў.

– Ну, дзед, ты майстар на харчовыя справы. Відаць, бабіна школа. Галоўнае хутка і ўсім пароўну. Атрымаю пад каманду полк – цябе вазьму начальнікам ПФС. Так і ведай, – жартаваў старшына.

– Фээс, фээс, – агрызаўся дзед, не разумеючы, пэўна, што гэта такое. – Каб ты ведаў – я ў японскую бамбардзірам быў, усляпую па японцах цераз сопкі паліў. А ты – фээс!

– Няўжо трапляў? – з’едліва здзіўляўся старшына.

Маладыя хутка справіліся з ежай, са смакам напіліся з ручаіны і выцягнуліся ў вузенькім цяньку збоч прагаліны. Пятрусь усё сядзеў ля світкі, абхапіўшы калені, думаў нешта і ўрэшце сказаў:

– Спаць да ночы! Толькі варту паставіць.

– Чаму да ночы? – узняў з травы галаву старшына.

– Уначы пойдзем на дарогу, таварышы, – растлумачыў сержант. – Годзе нам туляцца па лясах. Пойдзем і будзем біць фрыцаў, дзе зручна выдасца. Трэба дапамагаць Чырвонай Арміі – мы ж байцы, а не паляўнічыя якія.