Гэта была новая справа, і людзі, зацікавіўшыся, паўзнімаліся з долу і селі на траву.
– Слухай, Пецька, – пасля нядоўгай паўзы сказаў старшына. – Ты што надумаў. Ужо тыдзень без днёўкі! Давай адпачнём дзе пару дзён, а там і на дарогу.
Петрусю не спадабалася такая прапанова. Аж два дні! Колькі можна прайсці за іх, можна нават і дасягнуць фронта.
– Не, – сказаў ён. – Не час дняваць зараз.
– Не час, не час! А калі ж час? Як ногі выцягнеш? Годзе дурыць табе! – зазлаваў старшына.
Але Пятрусь стаяў на сваім і не згаджаўся ні на якія днёўкі, Яго падтрымаў Нупрэеў.
– Што да мяне, дык ты добра надумаў, – сказаў стары баец. – Па роўненькай дарозе мы далёка махнём за ноч. Нашто тая днёўка? У кустах пераднюем.
Калдобінскі, які змрочна пазіраў то на сержанта, то на старшыну, раптам чмыхнуў і злосна накінуўся на Нупрэева:
– Што ў кустах! У кустах ды ў кустах – хай яны згараць, гэтыя кусты! А жэрці ты таксама кусты будзеш?
Нешта нядобрае пачулася ў яго тоне, нейкі надрыў, відаць, адбыўся неўзаметку ў душы гэтага маўклівага чалавека. Яго злосць і запал вельмі не спадабаліся сержанту, і ён строга, як калісьці ў сваім аддзяленні, сказаў Калдобінскаму:
– Спакойна, таварыш баец! Вы ж яшчэ ў арміі, а вайсковыя загады вызначаюць начальнікі, не забывайце гэтага.
– Ну ты не вельмі са сваім начальствам! – раптам ускочыў з долу старшына. – Калі ўжо на тое пайшло, дык для нас ты не начальства!
У Петруся нешта ўздрыгнула ў сярэдзіне, гарачыня незаслужанай знявагі шыбанула ў твар, і ён таксама ўскочыў на ногі.
– Дурань ты! Вось! Пры чым тут начальства! Ты зразумей, асліная твая галава, – краіна ў небяспецы, людзі гінуць і б’юцца. Уяві, што робіцца на фронце, а ты – адпачынак, днёўкі, вылежвацца. Не брыдка табе?
– Эх, ты! Разумнік! А мы што, не ваявалі, думаеш, Агальцоў сваё жыццё шкадуе? Можа скажаш, што я трус? Га?
Сержант, аднак, ужо паспакойнеў, сеў у траву і моўчкі спадылба зірнуў на таварышаў. Калдобінскі злосна пазіраў кудысьці ўбок, дзед поркаўся ў торбе, збіраючы харчы, Нупрэеў круціў пыгарку і насцярожана слухаў спрэчку. На ўражлівым твары Жука ляжаў зацяты, нейкі незразумелы боль, і хлопец задумліва скубаў з долу сакавітую траўку.
Пятрусь нічога не сказаў Агальцову, і той, злосна плюнуўшы, пайшоў на сваё месца ў засені.
– Да д’ябла мне такую кампанію безгаловую, – злосна буркнуў ён, – я сам сабе начальства ! – рэзка вертануўшыся ў траве, ён сунуў твар у локці з такім выглядам, нібы ўжо болын нічога не цікавіла яго.
Пятрусь яшчэ крыху пасядзеў, потым таксама зморана апусціўся на дол. Ён не заўважыў, як задрамаў, і праз нейкі час прахапіўся ад думкі, што не пастаўлена варта. Аднак варта стала сама – на сцежцы ціха тупаў са сваёй доўгай вінтоўкай Нупрэеў.
Добрае і светлае пачуццё з’явілася ў сержанта, калі ён убачыў гэтага чалавека. Вось, бадай, найлепшая з вайсковых якасцей – моцная, на ўсё жыццё вернасць вайсковаму абавязку, у якія б абставіны чалавека лёс ні кідаў, стомленыя, знясіленыя спяць людзі, махнуўшы рукой на асцярожнасць, вырашыўшы – што будзе, тое і будзе, ёсць камандзір, каб клапаціцца. А ён перамог сябе, адагнаў сон і падняўся, ледзь трымаючыся на нагах, але ведаючы, што так патрабуе вайсковы парадак, што лёс сцяга і людзей абавязвае да таго. Пятрусь пашкадаваў у душы, што за апошнія дні, захапіўшыся зухаватасцю старшыновых учынкаў, неяк згасіў у сабе былую цеплыню і ўдзячнасць да свайго выратоўніка.
– Спаў бы яшчэ, – сказаў Нупрэеў, заўважыўшы, што сержант устае. Ён падышоў да Петруся і спыніўся, старожка ўслухоўваючыся ў лясную ціш.
– Кладзіцеся вы самі, адпачніце. Цяпер я павартую, – сказаў Пятрусь, і яму захацелася яшчэ нешта сказаць старому, добрае і прыемнае.
– Ведаеце, харошы вы чалавек, дзядзька Нупрэй. Я ўсё гляджу на вас, і мне прыпамінаецца мой бацька. Добры быў чалавек. Маці, бывала, нас, хлапчукоў, лае, то ўдарыць каго, то замахнецца, крычыць. А бацька, калі што не так, скажа гэтак сур’ёзна, ціха, але строга, і мы слухаліся. I толькі цяпер зразумеў я, як шкадаваў ён нас.
– Так, – мдуменна казаў Нупрэеў. – Дзеці яны так: душу аднімаюць, а вырастуць – забудуцца... Ці жывы ж бацька?
– Няма. На лесанарыхтоўцы лямінай забіла.
Пятрусь нерухома пасядзеў яшчэ з хвіліну, яму ўсё хацелася гутарыць, пакуль быў час, спалі змораныя людзі і пакуль на якую гадзіну сціхла трывога ў ягонай душы.
– Ведаеце, камандзіра палка прысніў, – сказаў хлопец. – Быццам я з’явіўся да яго (нібы ў нашым вайсковым гарадку было гэта), з’явіўся, а сцяга няма. I так гэта страшна мне стала. Памятаю, што ён загадваў у тым баі ратаваць сцяг, а я неяк быццам забыўся на тое. Ну, і лаяў жа ён мяне. Так мне горка і крыўдна было, што я аж не ўтрываў у сне і прачнуўся.