– Клапоцішся, вось яно і сніцца, – сказаў Нупрэеў. – Пэўна, пападала ад камандзіра.
– Не. Мне ніколі ні ад каго не пападала, – казаў хлопец, летуценна пазіраючы ў гушчар. – Я добра служыў у войску. За два гады ніводнага спагнання, адны толькі падзякі.
– Мусіць, пабойваўся начальнікаў? – усміхнуўся баец.
– Як вам сказаць, – сур’ёзна, крыху падумаўшы, сказаў Пятрусь. – Вядома, камандзіраў пабойваўся, гэта праўда. Але не ў тым справа. Тут другое. Я вырас у вёсцы, дужа не пеставаўся. Дзяцей было шмат, а працаўнік – адзін бацька. Я ў школе вучыўся. А ўлетку, як толькі вучоба скончыцца, адразу ў працу. То скаціну пасвіць, то на конях вазіць што. дно лета я коней даглядаў з дзядзькам Петраком, другое – цялят. Прывык з маленства да працы. Праўда, калі пасвіў жывёлу, дык вельмі ўжо цяжка было ўставаць уранку. Так трудна, што хоць ты плач. Будзіць, будзіць маці – і ласкай, і хлясне чым, а ты вачэй не расплюшчыш. Але нічога. I вось я якраз у сёмым класе быў – зімой бацьку ў лесе забіла. Усё думаў: скончу школу – у горад падамся, а тут як падасіся? Сям’я пяць душ, я самы старэйшы. Ну і пайшоў у МТС прычэпшчыкам. Два гады працаваў там. Быў ціхі, нясмелы, розныя гарадскія хлопцы дапякалі часам. Потым пайшоў у армію. Трапіў у пяхоту. Цяжка было спачатку, але нішто. Я хутка прывык і да пад’ёму, і да зарадкі. Стараўся, праўда. У адным аддзяленні са мной быў Цыбышаў, харкаўскі сам. Спалі мы побач на ложках. Дык той, бывала, бурчэў усё ды нудзіўся: то яму пад’ём ужо занадта хуткі, то зарадка – марная справа, то харч нясмачны. А мне дык, ведаеш, і пад’ём нішто – я дома куды раней уставаў, і зарадка так сабе, лёгкая забаўка, а харчы добрыя. А галоўнае – мяне захапляў горад. I вось у каго не было якіх парушэнняў, таго ў нядзелю пушчалі пагуляць. Я хадзіў, бадай, кожны раз. Ведаеш, былі вісусы, пойдзе – гарэлкі нап’ецца, у камендатуру трапіць. А я ўсё хадзіў і глядзеў. На вуліцах, на плошчах, у парку. Будынкі глядзеў – такія гмахі, бывала, дзіўлюся, колькі там прыгожасці, хараства, а працы? Гэта цуда! На людзей глядзеў: бывала, ідзе які чалавек, малады, ці стары, а мяне ўсё цікавіць: чаго ён заклапочаны, дзе ён працуе, якая ў яго кватэра, што ён думае? I мяне заўсёды здзіўляла, чаму гэта гарадскія людзі такія няўважлівыя адзін да аднаго – усё бягуць, ні да каго ім справы няма. Потым мяне паслалі ў палкавую школу, стаў камандзірам, сержантам. Узводным у нас быў лейтэнант Пятроў, малады такі хлопец, добры. Ён, здаецца, упадабаў мяне і часцяком даручаў то заняткі правесці, то якую нескладаную справу зрабіць. I я ўжо стараўся. Спачатку ён правяраў, кантраляваў, як і трэба, вядома. А потым даверыўся і ўжо толькі на маё сумленне меў надзею. Хлопцы ўсё, бывала, збіваюць мяне. Ідзём калі пад абед на штурмавую паласу – кажуць: давай перакурым, усё роўна лейтэнант не бачыць. А я не магу. Ведаю, ён спадзяецца, што зробім, як трэба, і не магу ашукаць яго. Калі б ён хітрыў, ці дапытваўся, можа б і паслабела мая душа, а так не магу і годзе. Хлопцы, бывала, бурчаць, а я маўчу ды трываю. – Пятрусь змоўк, шчыльна сціснуў вусны і, нешта прыпамінаючы, нахмурыў русыя бровы. Нупрэеў усё стаяў побач, глядзеў на яго, аберуч трымаючыся за штых. Цёмны, васпаваты твар байца быў сур’ёзны.
– А дзе ж ён цяпер, той лейтэнант?
– Няма лейтэнанта, няма камандзіра, няма нікога.
Сержант устаў, коратка ўздыхнуў, а Нупрэеў сеў у засені. Але ён не лёг спаць, а ўсё курыў, кашляў, потым сказаў хлопцу, які ўжо стаў на сцяжынку:
– Старшына са сваімі, мусіць, пойдзе ад нас?
– Хай ідзе, – пакорліва сказаў сержант, думаючы пра іншае.
Над раўком і лесам таропка плылі ў небе невялічкія хмурынкі. Часам яны беражком краналі сонца, і па раўку, як крыло вялізнай птушкі, слізгаў імклівы цень. На ўзгорках шумеў лісцем алешнік, а ўнізе было ціха, толькі булькаў гаманлівы ручаёк.
Пятрусь пахадзіў крыху па сцежцы, перакапанай кратамі, паслухаў, шпурнуў каменем у надакучлівую сароку, што сакатала за ручаём, і вярнуўся на паляну. Ён узяў свой клунак са сцягам, развязаў яго і разгарнуў на траве чырвонае палотнішча. Сцяг моцна пакамечыўся ў торбе, паламаліся залатыя літары назвы палка, зблыталіся кутасы. Але ўсё ж гэта быў той самы сцяг, пад якім ён даваў вайсковую прысягу.
Пяшчотна расправіў хлопец кожную зморшчыну, паправіў кутасы, пацёр адно заплямленае месца, цяжка ўздыхнуўшы, пагладзіў дзіркі, прабітыя кулямі. «Гаротны ты, наш сцяг, – шаптаў хлопец, аддаючыся журбоце, – цяжкі твой салдацкі лёс. Што ты перанёс і што перацярпелі з табой людзі. Але не можа ж быць, каб не ўбачылі мы з табой нашай радасці... Калі толькі будзе тое?»