Выбрать главу

Хлопец доўга сядзеў так, у задуме, над разгорнутым шоўкам, а потым паціху, каб не разбудзіць старшыну, выцягнуў з яго ножнаў фінку і пайшоў у гушчар. Там ён нагледзеў галінастае дрэўца маладога клёніка, зрэзаў яго і здзёр кару. Як-колечы ён прымацаваў да дрэўка палотнішча, надзеў на яго вяршыню бліскучы наканечнік і паставіў сцяг побач з сабой.

– Вось, братка, будзь цяпер з намі. Дапамагай нам, а мы дапаможам табе.

Сержант умацаваў канец дрэўка ў дзірване на сярэдзіне прагаліны – цяжкое палатно стромкімі складкамі ўпала да долу. Сержант, як вартавы палкавога каравула, хадзіў па сцяжынцы, услухоўваўся ў лясную глуш і пазіраў штораз на гэтую палымяную чырвоную птушку, якая быццам ціха драмала, да часу згарнуўшы свае агністыя крылы.

Дзень цягнуўся маркотна і доўга. Змарыўшыся за ноч моцна храплі хлопцы, нават дзед і той, закінуўшы ўгору аб скубаную бараду, выводзіў тоненькія рулады. Сержант часам падыходзіў да таго, хто больш за іншых вылучаўся гучнасцю, і далікатна кранаў яго нагой. Храп абрываўся адразу, але хутка пачынаўся зноў.

I вось суцэльны глыбокі цень заслаў роў. Спачатку бліскуча ззялі бярозкі на тым баку, але ўсё меней і меней было таго бляску. Дол стаў змрочны, настойлівей дыхнула грыбной вільгаццю і сырасцю. Толькі неба яшчэ блішчэла, поўнілася святлом, цеплынёй. Доўгі дзень паціху дагараў, на зямлю аднекуль выпаўзала ноч.

Сержант пабудзіў людзей. Першы ўзняўся Жук, затым дзед і Нупрэеў. Яны адразу ўбачылі сцяг, хуценька падышлі да яго. Жук пачціва разгарнуў палотнішча за яго ражок, нехта ўздыхнуў перарывіста, цяжка. Нупрэеў сказаў:

– Вось бы так ісці пад сцягам. Але дзе там: нельга.

Узняліся і старшына з Калдобінскім. Моўчкі сапучы спрасоння, абыякавы да ўсяго, Калдобінскі накручваў лубяныя анучы, а Агальцоў падскочыў да сцяга і бесцырымонна варухнуў яго.

– Ого, баявая птушка, відаць, – сказаў старшына. – Дзіркі на сцягу – гэта лепей за ордэны. Адразу відаць, як і што. А чаго гэта ты яго наладзіў, як на страявы агляд? – звярнуўся ён да сержанта.

– А так, – ухіліўся ад размовы Пятрусь.

– Ну і правільна. Сцяг павінен быць угары.

Калі ўсе ўзняліся з долу і ўзялі рэчы і зброю, сержант строга запытаў, пазіраючы ў чорныя і, здаецца, ужо лагодныя старшыновы вочы:

– Ну дык вы што? З намі ці ад нас?

– За каго ты мяне лічыш?– абурыўся Агальцоў– Я ж не такі яшчэ злыдзень, каб савецкага сцяга цурацца. Гэ! – крыкнуў ён да Калдобінскага, які ўсё корпаўся над сваім набыткам. – Выходзь строіцца!

I людзі выйшлі на сцежку. Сержант стаў наперадзе і ўрачыста разгарнуў сцяг. Задаволена пакашліваў Нупрэеў, тытунёвым дымам адганяючы камароў, ухмыляўся дзед, а на ўсмешыстым твары Жука ззяла шчырая радасць. Толькі Калдобінскі моўчкі стаяў ззаду ўсіх, і старшына пільна паглядзеў на яго.

У рове цямнела, невыразна расплываліся твары людзей, але яны, здаецца, адразу падабрэлі, ажывіліся і павесялелі, успомнілі нядаўнія дні, калі яны былі не акружэнцы, не лясныя бадзягі, а байцы рот і палкоў. Побач былі разумныя камандзіры, была зброя, і яны мелі сілу. Іх напаткаў нялёгкі лёс, яны шмат папакутавалі, але ўсё ж не скарыліся. Разгорнуты сцяг абудзіў у іх было прытупелае пачуццё вайсковай годнасці, надаў спрыту, і яны хуценька і старанна пастроіліся па два.

– Раўняйся! – камандаваў сержант. – Смірна!

Ён не бачыў, але адчуваў у цемры, як трохі паспешліва выцягся старшына, як расправіў згорбленыя плечы Нупрэеў, як няўмела яшчэ патупаў нагамі дзед, прыстройваючыся на левым фланзе. Потым усе дружна з маўклівай урачыстасцю ў сэрцах пакрочылі па сцежцы.

I яны ішлі так, не дужа згодна і не ў нагу, але адной кучкай – шорхалі па сцежцы іх стаптаныя падэшвы, ціхенька шапацела ўгары цяжкае палотнішча сцяга. Ніколі яшчэ з таго страшнага дня не было так спакойна і радасна ў Петрусёвым сэрцы. Не бяда, што сталася столькі пакут, усё перажытае быццам засталося ззаду, а цяпер над ім – родны сцяг, побач добрыя людзі. А калі мо’ здарыцца не стане яго, не стане Нупрэева, дзеда, Агальцова, – знойдуцца другія смелыя рукі і гэтак жа высока ўзнімуць над галовамі важкі, імклівы, трапяткі і прызыўны чырвоны сцяг. Ад тае думкі спакойна неяк і надзейна стала ў хлопцавым сэрцы, і ён нават падзівіўся, як мог толькі баяцца за сваё жыццё, такое маленькае і нязначнае ў мільённай грамадзе іншых чалавечых жыццяў.

Раздзел дзевяты

Калі аўражная сцяжынка прывяла байцоў да дарогі, над прасторамі ўжо добра ўсталявалася летняя ноч.

Перш, чым вылезці на дарожны насып, Пятрусь прыслухаўся – было ціха, толькі пад мастком маркотна булькаў ручай ды недзе, захліпаючыся, квакалі жабы. Аднак гарэзная весялосць ужо прайшла, трэба было вельмі асцерагацца, і Пятрусь, зняўшы палотнішча з дрэўка, зноў упакаваў яго ў рэчавы мяшок. Тады хлопцы нясмела яшчэ ўзлезлі па адхону – Пятрусь з Агальцовым наперадзе, астатнія ззаду. На дарозе яны зноў агледзеліся і ўслухаліся і, поўныя ўвагі, паціху пайшлі на ўсход.