Увесь час Пятрусь пільна глядзеў наперад і штораз азіраўся назад, каб у час заўважыць якую небяспеку. Але навокал было ціха. Невядома, ці былі дзе вёскі, мо’ скрозь ляжалі пустыя палі, бо нідзе не бачна было ніводнага агеньчыка, не чутна ніводнага чалавечага гуку.
Аднойчы ззаду нагнала іх нейкая машына. Яна фарамі бліснула над алешнікам, хлопцы шаснулі за канаву, паляжалі крыху, прапускаючы яе, і зноў выйшлі на дарогу.
Колькі часу яны ішлі так, ніхто і не прыкмеціў нават. Ісці было лёгка, спорна крочылі ногі па гладкай дарозе, наўкола ляжала маўклівая ноч.
У нейкай нізіне яны натрапілі на змрочны сілуэт пакінутай машыны. Агальцоў першы асцярожна абышоў яе, зазірнуў у расчыненую кабіну, памацаў там нешта. Навокал не было больш нікога, высока задраўшы кузаў, машына пярэднімі коламі стаяла ў канаве. Хлопцы таксама спыніліся, цікавячыся, што гэта старшына даследуе там. Сержант ужо хацеў паклікаць яго, каб ісці далей, калі Агальцоў крыкнуў з кабіны.
– Гэй, каго пракаціць? Займай месцы!
Пятрусь падумаў, што хлопец жартуе, але той і сапраўды нешта надумаўся і, лязгаючы жалезам, штосьці шукаў. Нарэшце, відаць, знайшоўшы, забег наперад, за радыятар, і гукнуў Жука.
– Давай крутані.
Жук узяўся круціць ручку, а старшына ўсё лязгаў нечым у кабіне, і, нарэшце, на здзіўленне ўсіх, машына завялася.
– А ну, давай штурханём трошкі! – зухаватым шафёрскім тонам закамандаваў старшына. – Раз-два, узялі! А ну, давай, мацней штурхай!
Не цямячы яшчэ, навошта гэта трэба, людзі сышлі ў канаву і ўперліся рукамі ў радыятар. Старшына моцна газануў, і машына паволі выпаўзла на дарогу.
– Сядай, пяхота, газанём пару кіламетраў! – камандаваў Агальцоў.
– Пастой! Куды сядай? – запярэчыў Пятрусь. – А хто павязе?
– Хто? Вось дзівакі! Шафёр трэцяга класа старшына Агальцоў, вось хто.
– Каб ты ў канаве нас не падушыў, шафёр гэтакі, – сказаў Нупрэеў.
– Ты што, не верыш? – здзівіўся старшына. – Запытайце ў Жука.
Жук сціпла пацвердзіў:
– Ага. Старшына да службы год машыну вадзіў.
– Чуў? Цэлы год. Такі ж самы, брат, цудоўны драндулет ЗІС-5.
Пятрусь маўчаў і не ведаў, як паставіцца да гэтай новай задумы старшыны. Было вельмі спакусліва праехаць колькі кіламетраў на машыне, але зноў жа было вельмі боязна за сцяг. Трапіўшы ў рукі ворага, ужо наўрад ці ўдалося б у другі раз уратаваць яго, а трапіць да іх у рукі з аўтамабілем было не дужа хітра. Сержант усё разважаў і вагаўся, але вось з-за пагорка наперадзе зноў віхлянуліся ў небе далёкія сінявата-празрыстыя промні аўтамабільных фар. Яны ўздрогнулі, ляглі ніжэй, потым павярнулі ўздоўж дарогі, і пад імі выразным гарбом абмаляваўся чорны пагорак.
– Залазь хутчэй, лажыся ў кузаве, – крыкнуў старшына.
Хлопцы кінуліся ў машыну, а Пятрусь ускочыў у кабіну і сеў побач з шафёрам. Старшына замітусіўся, рукамі хапаўся за рычагі, доўга не мог уключыць задні ход, машына торгалася, але не рухалася з месца. Старшына лаяўся, трэба было як найхутчэй развярнуць яе, каб вызваліць дарогу. Ён моцна газануў, машына ўздрыгнула, ірванулася назад, і яе заднія колы апынуліся ў канаве.
– Каб ты здох, чортаў дрындулет! – вылаяўся Агальцоў і выскачыў з кабіны. – Уцякай з дарогі! – гікнуў ён людзям.
А сустрэчная машына хутка набліжалася. Гонкія промні яе яркіх фар ужо стрыганулі над галовамі людзей, і з-за пагорка вынік асляпляльна белы пук святла. Нупрэеў, дзед і Калдобінскі кінуліся за канаву, Агальцоў застаўся на дарозе. Не ведаючы, што надумаў старшына, але мімаволі падпарадкоўваючыся яго ініцыятыве, сержант аддаў Нупрэеву рэчавы мяшок, а сам прыпаў да ЗІСавых загрузлых колаў.
А старшына адкрыта стаяў на дарозе і чакаў. Яго спрытная постаць у цесна напятым нямецкім мундзіры, нямецкі аўтамат на грудзях ужо асвяціліся фарамі – старшына спакойна зрабіў крок наперад і ўзняў руку. Машына яшчэ наблізілася, уперлася святлом у перакулены аўтамабіль і паклала на ягоным кузаве доўгі старшыновы цень. Сержант прыціснуўся да колаў і наставіў аўтамат у бліскучыя фары. З кабіны адтуль ніхто не вылазіў і, выкрыкваючы штосьці нямецкае, Агальцоў, не марудзячы, падаўся туды.
Але з машыны, пэўна, прыкмецілі нешта, бо хтосьці адтуль спалохана крыкнуў па-нямецку, а Агальцоў, не знімаючы з грудзей аўтамат, разануў чаргой у дзверцы. Пятрусь у думках вылаяў старшыну за такую неасцярожнасць, але, зачараваны яго адвагай, сам кінуўся туды. У цемру з машыны мільганулі некалькі постацей, і неўзабаве з абочыны грымнулі пісталетныя стрэлы. У пярэднім ветравым шкле бліснулі дзіркі. Сержант даў у цемру доўгую чаргу, і ад таго, здаецца, стала ціха.