У кузаве прыгіналіся, на ўсякі выпадак ямчэй сціснуўшы зброю, Агальцоў у кабіне нешта крыкнуў Жуку, машына ірванулася, як спалоханы стаеннік, і ўскочыла на мост. Тут наперакор усім правілам руху старшына даў такога газу, што аж захісталіся палі, шалёны вецер ірвануў валасы сержанта, калі ён выглянуў наперад. Яны шалёна ляцелі па пустой соннай вёсцы, і Пятрусь баяўся ўсё, каб самае недарэчнае хіба не напаткала іх. Праламаць сабе голаў аб які-небудзь плот і згубіць сцяг было вельмі магчыма.
Аднак яны ўдала мінулі вёску і зноў выехалі ў поле. Тым часам пачало світаць. Бачны сталі змрочныя, яшчэ сонныя палі, дарога-струнка бегла цераз хмызняковыя прасторы. Трэба б ужо спыніцца ды знікнуць дзе, але Агальцоў, відаць, цягнуў да апошняй магчымасці, а сержант, пакуль не бачачы небяспекі, таксама маўчаў у кузаве, і яны ўсё ехалі і ехалі. Перасякаючы ўзгорак у адным месцы, машына ўвайшла ў выемку. Абапал дарогі высіліся жаўтаватыя абрывы, а на іх высока ўзнеслі свае шапкі густыя галіністыя сосны. Унізе пад тымі соснамі другім лясным ярусам дружна буяў хваёвы маладняк, і з таго маладняку раптам нешта мільганула на дарогу. Машына якраз пераадолела самы пагорак і цяпер шпарка імчалася ўніз. Толькі, калі ўжо гэтая ўпаўшая штуковіна апынулася перад самым радыятарам, Пятрусь сцяміў, у чым справа, і жахліва крыкнуў у кузаве:
– Граната!!!
Але перш, чым яны паспелі што-небудзь зрабіць, наперадзе ірванула, сцебанула па твары пяском. Машына ўрэзалася ў нешта, і Пятрусь, не ўтрымаўшыся, адарваўся ад яе і паляцеў на гліністыя камякі адхону. Працяты спалохам і нечаканасцю, ён, аднак, хуценька ўскочыў і, гатовы абараняцца, скаціўся ў канаву. Там ужо ляжаў Нупрэеў, перавернутая набок машына закапалася буферам у зямлю. Ушчэнт разбіты, пакарэжаны радыятар струменіў на гліну гарачую ваду.
Аднак, дзе ж былі ворагі? Пятрусь угледзеўся ўгору, у сасоннік, і гучная лаянка яго, у якое вылілася ўсё – і здзіўленне, і абурэнне, і палёгка – дзіўна прагучэла ў ранішняй цішы. Над разбітай машынай на абрыве стаялі чатыры чалавекі і мелі такі выгляд, нібы раптоўна ўбачылі нейкае дзіва, ад чаго ў іх змярцвелі языкі і скавала рухі. Прыгнуўшыся і выцягнуўшы наперад шыі, яны трымалі нацэленую на машыну зброю і, здавалася, скамянелі так, разявіўшы раты. Толькі ўчуўшы Петрусёву лаянку, яны, усе чацвёра, закрычалі нешта і збеглі на дарогу.
Так перад сержантам з’явілася чацвёра зусім яшчэ маладых пагранічнікаў у зялёных шапках, з зялёнымі пятліцамі і з трохлінейкамі ў руках.
Адчуўшы новы паварот справы, з перакуленай машыны вылез, пэўна, упершыню напалоханы старшына, следам за ім, кульгаючы, выбраўся Жук, узняўся Нупрэеў з канавы і аднекуль з-за кузава з’явіўся дзед – ён цягнуў за сабой збянтэжанага кульгавага немца. Усе, здаецца, былі жывыя, толькі машына пакалечылася ўжо без усякай надзеі на папраўку.
– Вы, блазнюкі безгаловыя, салагі несалёныя, што нарабілі?! – накінуўся на пагранічнікаў старшына. – Чорт бы вам рукі паабламваў за вашу гранату, трэба ж было пагубіць такую цудоўную каламажку!
Пагранічнікі ніякавата ўсміхаліся – яны, відаць, і напалохаліся, убачыўшы, каго падарвалі, і яшчэ больш узрадаваліся гэткай нечаканай сустрэчай са сваімі.
Ужо днела, і, каб не начакацца на дарозе чаго благога, байцы ўзлезлі на адхон, адышлі ў лясок і тады толькі адчулі, што ў каго баліць. У Петруся вельмі садніла спіна, але ён маўчаў. Ціха стагнаў нешта Нупрэеў, а Жук дык быў ажно паранены асколкам у нагу. У гушчары яны спыніліся, Агальцоў зняў з Жукавай нагі бот і пісталетнай праціркай выкалупаў з раны пад каленам невялічкі кавалак металу. Пагранічнікі далі індывідуальны перавязачны пакет, яны вельмі бедавалі на сваю няўдачу, а старшына знарок злосна ўсё пакрыкваў на іх. Жук крыва ўсміхнуўся, пакуль яго перавязваў сябра, і ўсё казаў, супакойваючы сябе і людзей:
– Нічога, нічога. Загоіцца.
Пятрусь агледзеў байцоў.
– Здаецца, нашы сілы растуць, – не тоячы задавальнення, сказаў ён, пазіраючы на пагранічнікаў. Усе яны былі зусім маладыя, відаць, першага года службы, сціпла тупілі вочы, пачціва пазіралі на сцяг і крыху баязліва – на старшыну.
– Ага, з вамі пойдзем, калі не прагоніце.
– А куды вы ідзеце? – знарок запытаў сержант.
– Куды? Вядома куды: на ўсход, – адказаў байчэйшы з іх, прыгожы з твару хлапец.
– I даўно ўжо ідзяце?
– Тыдні з два, мабыць. Як пад Лідай разбілі наш атрад, так і ідзём.
– I што гэта вы ўздумалі нас падбіваць?
– А мы ўжо гэтак чатыры машыны падбілі, і аднаго матацыкліста.