Выбрать главу

Не дужа далёка, мабыць, кіламетры з два цераз нізіну, з-за пагорка з’явіўся на дарозе нейкі натоўп людзей. Адсюль нельга было разгледзець, было гэта войска, ці простыя людзі, як яны ішлі і што неслі з сабой. Але было відавочна, што там вельмі многа людзей – галава гэтай працэсіі спускалася ўжо да нізу пагорка, а канца яшчэ не бачна было. Яна рухалася марудна, ці мо’ гэта здавалася так здалёку, вецер адносіў з дарогі ўзняты нагамі пыл.

Хлопцы ўпіліся вачыма ў тое шэсце, прыўзняліся за сасной. Агальцоў высока на лоб ссунуў свае прыгожыя бровы і няпэўна вымавіў:

– Немцы?! Ці не адступаюць?

Але гэта былі не немцы. Калі ўся калона выцягнулася на адхон пагорка, Пятрусь разгледзеў там знаёмыя постаці ў жаўтлявых, выгарэўшых кашулях, прыкмеціў, як бяссільна сунуцца яны па пыльнай дарозе, не ўзнімаючы ад зямлі сваіх ног. А абапал калоны праз колькі крокаў адзін ад аднаго з нарыхтаванымі аўтаматамі ў руках ішлі немцы.

Старшына таксама хутка зразумеў у чым справа, і яны паглядзелі адзін на аднаго тымі выразнымі кароткімі позіркамі, у якіх было і хваляванне, і рашучасць, і ўзаемнае разуменне.

– Слухай, давай назад, туды, дзе лясок! – шапнуў старшына, які, як заўсёды ў такіх выпадках, адразу ўзгарэўся імклівым намерам.

– Чакай, трэба палічыць, колькі іх.

Яны ўдвух, наколькі гэта было магчыма здалёк, палічылі канваіраў. У Петруся іх набралася трыццаць, у Агальцова – дваццаць шэсць.

– Шмат, халера, – сказаў ён.

– Шмат, а як зробім? – пытаў сержант, напружана думаючы, як адолець гэткую групу добра ўзброеных, гатовых да бойкі ворагаў. Але Агальцоў таксама не меў ніякага плана, а час ішоў, калона набліжалася, і трэба было нешта рабіць.

Хлопцы адскочылі ад сасны, кінуліся да сваіх.

– У ружжо – бегучы, крыкнуў Пятрусь. – За мной!

З усяе сілы ён пусціўся па збажыне ў лагчыну, за якой на другім пагорку пачыналася кустоўе і дзе павінна была недзе праходзіць тая дарога. Урассыпную за ім кінулася восем байцоў, лічачы і дзеда, які ва ўсіх вайсковых справах, як умеў, хадзіў пад маладых.

Абліваючыся потам і перакідваючы з пляча на плячо пацежалелы аўтамат, Пятрусь імчаў па кустоўі. Ён усё непакоіўся, каб не спазніцца выйсці на дарогу і каб не згубіць часам каго ў гэтых зарасніках.

Дарога ўрэшце з’явілася перад байцамі – яна тут пралягала па адхоне, зарослым алешнікам і ляшчыннікам. Месца было не дужа здатнае для засады, кустоўе нясмела тоўпілася крокаў у дваццаці ад дарогі і бліжэй не падступала да яе. Гэтая яе старана ад канавы ўзнімалася на пагорак, а тая адхоніста спускалася ўніз, дзе не дужа густое кустоўе хутка знікала і пачыналася сенажаць.

Тым часам вечарэла. Сонца вялікім чырвоным колам спускалася з небасхілу. Было цёпла, над кустоўямі і людзьмі мітуслівымі чародамі таўкліся камары.

Пятрусь зморана ўпаў пад бухматым кустом ляшчынніка, побач укленчыў старшына, да іх пакрысе сабраліся астатнія. Калона і немцы павінны былі неўзабаве з’явіцца, а як вызваліць палонных, ніхто не ведаў.

– Страляць, брат, нельга, – непакоіўся старшына. – Сваіх паб’ём.

Яны ўсё пазіралі ўправа, дзе з-за павароткі пачыналася дарога, чакалі і да болю ў галаве згадвалі, што зрабіць, як пабіць фашыстаў і не патрапіць у нашых. Але як ні думалі, а нічога надзейнага не прыходзіла на думку.

– Паслухайце мяне, старога, – азваўся ззаду дзед і падышоў да хлопцаў. – Калі вось што зрабіць. Калі выйсці адкрыта каму, скажам, і мне, і крыкнуць так нашым: ратуйце, біце нёмцаў. Га? Можа і выйдзе?

– А нішто ўдумаў, – пагадзіўся старшына. – Толькі так: хай самі б’юць, усё ж іх вунь колькі! А мы для страху сыпанём паверху.

Не дужа гэта была надзейная задума, але іншай не ставала, і сержант мусіў згадзіцца.

– Дзед, а як жа ты са зброяй? – спытаў ён старога.

– А навошта зброя? Я так. Мірны жыхар быдта. Крыкнуў – і ходу. Каб толькі яны зразумелі.

Байцы разышліся па ўскрайку кустоў, ля Петруся непадалёку застаўся Агальцоў, з другога боку – Нупрэеў. Усе сцішыліся і ўставіліся вачыма на дарогу.

Першымі з тае калоны паказаліся з-за павароткі чатыры канваіры ў чорнай эсэсаўскай форме, са свастыкамі на рукавах. Яны нетаропка ішлі па дарозе, трымаючы на грудзях аўтаматы, адзін, сярэдні, адзеўшы рамянём на шыю, нёс кулямёт. За імі выніклі першыя шэрагі палонных. Наперадзе, абняўшыся, ішлі двое; адзін трымаўся за другога, відаць, мацнейшага сябра, моцна кульгаў, уся яго галава і нават вочы былі абвязаны акрываўленымі бруднымі бінтамі. Гэткія ж бінты часта мільгалі ў той калоне, усе ішлі вельмі марудна, а па баках, як сабакі на ланцугах, снавалі салдаты з аўтаматамі. Яны, пэўна, занепакоіліся зараз, уваходзячы ў лес, і, злосна пакрыкваючы на палонных, цясней збівалі калону.