Выбрать главу

– Ге-гей! Давай сюды!

Байцы павярнулі ў яго бок, а сержант з Нупрэевым стаялі на купіне і выглядалі сваіх. Балюча сціскалася сэрца ў абодвух ад думкі, што не ўсе выйдуць з таго лесу. Вядома, шкада было ўсіх тых, хто застаўся на дарозе, хто не дабег да свайго выратавання, але асабліва ныла ў грудзях за сваіх сяброў. Пятрусь так і мітусіўся позіркам па лузе, выглядаючы двух таварышаў, і здавалася хлопцу ў той час, што нікога у яго не было даражэйшага ў жыцці за старшыну і Жука. Людзі ўсё сыходзіліся да яго, ужо набралася чалавек з паўсотні, прыйшло двое пагранічнікаў, а разведчыкаў усё не было.

Яны, аднак, з’явіліся апошнімі ўжо ў гэтай паўсотні ўцалелых, узрушаных і ўзрадаваных людзей, якія з ажыўленай гамонкай тоўпіліся ля сцяга, утаймоўваючы сваё хваляванне і стому. Пятрусь здалёку яшчэ заўважыў хлопцаў – тыя нешта на сабе цягнулі. Людзі таксама звярнулі позіркі ў іх бок – бачна было, што яны неслі чалавека.

Калі хлопцы наблізіліся, байцы расступіліся, даючы ім дарогу да сцяга, які трымаў сержант. I двое былых разведчыкаў моўчкі паклалі ў траву перад ім маленькае нерухомае дзедава цела.

Змрочны і строгі ўзняўся з купіны Пятрусь, зняў пілотку Нупрэеў, у маўклівай суровасці паўсталі вакол незнаёмыя байцы. Боль і зацятая суровасць былі на тварах людзей. А дзед ціхенька ляжаў на траве, звярнуўшы да неба свой маленькі касмылявы тварык, і нешта добрае, спакойнае і светлае было ў выразе яго незаплюшчаных вачэй.

Пасля доўтага маўчання сержант сказаў людзям:

– Вось ён дапамог вам. Дзякуйце яму!

Петрусю было вельмі балюча і маркотна ад гэтай смерці блізкага чалавека, аднаго з тых, хто сваімі клопатамі вярнуў да жыцця яго самога. На момант у яго вярнулася сумненне ў правільнасці ўсяго, што ён з хлопцамі нарабіў сёння. Загінуў вось дзед, а колькі яшчэ жыццяў засталося там, на дарозе і ў лесе. Але ён успомніў тады пра свае нядаўнія пакуты, пра людскія беды і небяспеку, што навісла над краінай, і хлопец перастаў сумнявацца. Ён паглядзеў на тых, што выратаваліся ад ганьбы і здзеку палону, – гэта іхняе жыццё і волю абараніў дзед і многія тыя, што ўжо не ўзнімуцца з долу. Дарагая цана! Калі б толькі людзі доўга памяталі тое і былі ўдзячныя, думаў Пятрусь.

Старога пахавалі на ўзвышыстай імшарыне непадалёку. Стрэлаў не рабілі: шкадавалі патронаў. А калі закідалі неглыбокую магілку, Жук выразаў у кустоўі бярозавы калок, абстругаў яго і чарнільным алоўкам напісаў на вільготнай ад соку драўніне: «Тут пахаваны дзед-чырвонаармеец, які загінуў за Савецкую Радзіму». Ён утыркнуў палку ў дзярністы дол і, паскрэбшы заросшую патыліцу, падумаў, што трэба б напісаць яшчэ і прозвішча нябожчыка. Але як звалі дзеда, хлопец не ведаў. Тады ён уздыхнуў і пабег на лугавіну, дзе сержант строіў людзей, каб рушыць далей у цемру ночы, якая ўсё шчыльней ахінала прасторы.

Раздзел адзінаццаты

Шэсцьдзесят два чалавекі вёў сержант невядомымі дарогамі, праз палі і лугі, праз маўклівыя чорныя пералескі. Людзі, змораныя хадой і знясіленыя без харчавання, паслухмяна ішлі за ім, за згорнутым чырвоным сцягам на самаробным дрэўку, што хіліўся на сержантавым плячы, – ішлі і не пыталіся, куды ён вядзе іх. Зрэшты, пытацца і не было патрэбы: уперадзе на небасхіле ўсю ноч палалі палахлівыя водбліскі далёкага бою, – коратка пыхалі, гаслі, узгараліся з новым запалам, дрыжэлі хваравітым нервовым святлом, якое, здавалася, вось-вось загарыцца ва ўсю сілу і асвеціць ноч.

Зноў здарылася так, што, не аб’яўляючыся нікому, нічога ні ад каго не патрабуючы і не вытлумачваючы, сержант стаў камандзірам гэтых людзей. Хлопец разумеў, што прычынай таму – не ягоныя нейкія якасці – розум ці вайсковае ўмельства, не тое, што ён разам з іншымі ратаваў іх. Уся прычына ягонага старшынства была ў тым сцягу, з якім ён тады ўскалыхнуў натоўп, з якім збіраў да аднае грамады гэтых байцоў. I Пятрусь не схаваў яго ў Нупрэеў мяшэчак, а, прыладзіўшы дрэўка, узняў над сабой, думаючы, што цяпер небяспекі меней, бо іхняя сіла куды паболынала. Вядома, што чалавеку са сцягам нельга было не верыць, і людзі верылі яму, ішлі за ім, і ён з усяе сілы імкнуўся не ашукаць іх давер’я.