Выбрать главу

– Ну як?

– А вось так, – зморана адказаў малодшы лейтэнант. – Справа швах. Трэба спяшацца.

– Трэба зараз жа ўзнімаць людзей і ісці. Вось чалавек дапаможа, – дадаў Мацейка.

– Ну вы расказвайце па-людску, – нецярпліва перабіў сержант і сеў на дол. Разведчыкі таксама селі. Мацейка і малодшы лейтэнант – бліжэй да камандзіра.

– Справа такая, – пачаў лейтэнант. – Недалёка Дняпро. Нашых да гэтай вёскі, як яе? – звярнуўся ён да невядомага.

– Да Клясціч, – адгукнуўся той.

– Да Клясціч, значыць, нашых на гэтым беразе няма. А каля Клясціч пераправа. З поўдня часці і грузы яшчэ перапраўляюцца на той бок, ну немцы і б’юць захапіць пераправу. Там ідзе люты бой ужо два дні. Сёння штось заціхла, але вось чалавек кажа, яны напёрлі новай сілы і заўтра, пэўна, удараць.

– Так, так, – ажывіўся сержант. – Значыць, заўтра ўдараць на пераправу? А дзе, далёка гэтыя Клясцічы?

– Ды якое далёка – блізка, вярсты з чатыры, – заварушыўся ў цемры незнаёмы.

– Слухай, вось мы яго ўзялі ў праваднікі, – растлумачыў малодшы лейтэнант.

– Так, так, разумею, – задуменна казаў сержант. – Ну што ж! Давай!

Мацейка ўзрадавана ўсхапіўся на ногі.

– Ну вось, я ж казаў. Ударым, лупянём, каб пух-пяро з іх пасыпалася. Яны ў нас пабачаць пераправу. Толькі б час такі выбраць: каб цюцелька ў цюцельку, не раней і не пазней...

Сержант падбег у цемры да Нупрэева і коратка паведаміў яму аб новай задуме. Баец з уласцівай яму стрыманасцю выслухаў Петруся, падумаў крыху і пагадзіўся.

– Толькі глядзі, хлопец, – дадаў ён з долу, – ты камандзір, табе і адказваць за ўсё.

Пятрусь ужо добра адчуваў тую адказнасць, але намер яго ад гэтага не змяніўся. Яны ўсе кінуліся ўзнімаць людзей, і ў сержантавай галаве ўжо несліся новыя думкі – новы запал барацьбы захапіў яго, і ад былых пакут і сумненняў не засталося і следу.

Раздзел трынаццаты

– Шырэй крок, шырэй крок, хлопчыкі, – лагодна і ўзрушана шаптаў у цемру сержант. Яны вельмі спяшаліся, дзядзька, відаць, добра ведаў шлях і жвава вёў атрад лагчынамі, раўкамі, хмызняком, а на ўсходзе ўжо святлела неба. «Хоць бы паспець, хоць бы паспець», – у такт стукам Петрусёвага сэрца мільгала ў галаве ўпартая думка. Трэба было да світання выйсці да гэтых Клясціч і там знянацку ўдарыць у спіну ворага, збянтэжыць яго і прарвацца на пераправу.

Пятрусь шпарка ішоў па сцяжынцы ўслед за начным правадніком, калі нехта ціха гукнуў ззаду. Хлопец азірнуўся – незнаёмы баец даганяў яго.

– Таварыш сержант, там паранены просіць...

Сержант здагадаўся, што гэта Нупрэеў, і, сышоўшы са сцежкі, па траве падаўся назад.

У рэдкім кустоўі яны напаткалі другога Нупрэевага насільшчыка – насілкі з чалавекам ляжалі ў доле.

– Што такое? Што? – тоячы трывогу, пытаўся сержант.

– Вось, памёр, – сказаў баец, высокі, худы і тонкі, як жардзіна, чалавек. – Усё нішто было, а потым рука звалілася. Я паправіў, кажа: сержанта пакліч, сказаць хачу. I ўжо ўсё.

Сумныя жалобныя адчуванні тугім камяком падкацілі да горла – такая гэта была балючая страта і ў такі цяжкі час. Не намнога ён перажыў свайго спадарожніка, таго трохі дзіваватага дзеда. Так і не збылася іхняя надзея выйсці з-пад немца. I так мала засталося ўжо ісці, і так патрэбны быў ён, светлай і мудрай душы чалавек...

Пятрусь выняў з Нупрэевай кішэні ягоныя дакументы, потым утрох яны аднеслі нябожчыка ад сцяжынкі і загарнулі цела шархоткай лубяной палаткай, што ўзялі з насілак.

Байцы кінуліся даганяць калону, а Пятрусь яшчэ пастаяў крыху, журботны і суровы.

Камяк усё душыў горла, але слёз не было, а быў толькі тупы зацяты боль... Потым хлопец пабег.

А ўсход усё болей і болей разбаўляў святлом сіняву ранішняга неба, туліўся, асядаў пад кустоўем змрок – паволі віднела. Вузкай сцяжынкай у хмызняку яны шпарка крочылі, абтрасаючы роснае вецце.

– Хутчэй, браточкі, хутчэй! – раз-пораз гучна прасіў сержант. Недзе ў душы ціхенька і настойліва тлеў страх не патрапіць на Клясцічы ці знянацку дзе нарвацца на ворагаў, чулася шмат небяспекі наперадзе, але перайначваць справу не было калі.

З хмызняку яны высыпалі ў рэдкі сасновы гаёк. Недзе за гэтым гайком грымелі выбухі, грукацелі кулямёты, і ва ўсіх баках калаціла лясныя прасторы галасістае рэха. Гаёк, аднак, цягнуўся доўга. Людзі рассыпаліся між рэдкіх соснаў і бязладнай гурбой беглі ў напрамку страляніны. Пасля, на ўзлеску, на іх шляху сустрэўся яшчэ алешнік, пераадолеўшы які, Пятрусь першы вырваўся ў поле.