Так, яны спазніліся. На ўзлеску ў траве цягнуўся ланцуг пакінутых акопаў – добра абсталяваных стралковых ячэек. Відаць, тут яшчэ нядаўна былі ворагі, на брустверах валяліся парожнія гільзы, пустыя пачкі ад сігарэт, шматкі паперы. Дно акопчыкаў ўсцілала ўтаптаная трава, на якой гадзіну назад ляжалі фашысты. Наперадзе разлеглася някошаная сенажаць, а далей, за нізінай, высіўся двухгорбы голы пагорак, адкуль нязмоўчным грымоццем калыхала абшары лютая бойка.
Пятрусь, як укапаны, спыніўся на ўзлеску і ўпіўся вачыма ў гэты пагорак. Немцаў там ужо не бачна было, першая лінія траншэй на схіле маўчала, ля яе гарэлі два скасабочаныя танкі, бой зараз ішоў на самай вяршыне і, пэўна, на тым схіле. Бачна было, як бегалі, мільгалі там маленькія ў далечыні постаці людзей, адрозніць сваіх ад чужых было цяжка.
З кустоўя на ўзлесак выбягалі людзі, расхінаючы галлё, выскачыў малодшы лейтэнант.
– Спазніліся!? – крыкнуў ён.
Пачакаўшы хвіліну, пакуль з лесу выбяжыць рэшта байцоў, сержант скамандаваў людзям:
– Управа і ўлева – у ланцуг!
Байцы няўмела неяк разгарнуліся ў выгнуты ў сярэдзіне няроўны ланцуг і пашыбавалі па сенажаці. Пятрусь зноў бег побач з Жукам і без думак у галаве, адной толькі душой адчуваў, што калі яны спозняцца і на гэтую вышыню і, значыць, да пераправы, то сёння іхнія пакуты і намаганні, бадай, скончацца назаўсёды. Не так ужо шмат і людзей і боепрыпасаў, каб у адкрытым полі вытрымаць сутычку з рэгулярным нямецкім войскам.
Тым часам пад грукат бою над полем усходзіла сонца. Прамністае і яркае, яно смела вынікла з-за сіняватай зарэчнай далечы і адразу хлынула на летнія прасторы патокамі зіхатлівага святла. Дол запярэсціў доўгімі палосамі ценяў пагоркаў, куп’я і людзей. Як на далоні, выразны і блізкі стаў той узлесак, з якога цяпер выбеглі людзі, і патануў у зіхатлівым усходнім мараве двухгорбы пагорак. I насустрач яму беглі знясіленыя людзі.
Урэшце сенажаць скончылася, яны дасягнулі падножжа пагорка. Сям-там валяліся ў быльнёгу целы забітых ворагаў, месцамі іх было надта густа, байцы на хаду падбіралі іхнюю зброю і патроны. Ужо блізка на схіле была першая пустая траншэя, да яе і імкнуўся гэты змораны ланцужок, калі ворагі з захопленай вышыні заўважылі іх. Кулямётныя чэргі з лютым фыркатам панесліся паўз галоў байцоў. Пятрусь азірнуўся і, задыхаючыся, крыкнуў свайму ланцугу:
– Кароткімі перабежкамі... наперад!
Людзі пападалі, дзе беглі, і ён упаў локцямі ў калючы асот і некалькі секунд сутаргава дыхаў, не ў стане прасунуцца ні на крок. Але рухацца на вышыню было неабходна: кожная хвіліна несла або смерць або выратаванне. Абдзіраючы локці і калені, хлопец пакутліва падаўся ўгару. Ён кіраваў да абсмыленага танка, які скасабочыўся на адхоне і яшчэ курэў смярдзючым дымам.
Але хлопец туды не дапоўз. Моцны кулямётны агонь прымусіў яго прыціснуцца да зямлі і, заміраючы ад небяспекі, нейкі час ён ляжаў, не адважваючыся узняць голаў. Пятрусь азірнуўся, за ім у дзесяці кроках, гэтак жа прытуліўшыся да зямлі, ляжаў нехта, болей у траве нікога не бачна было. Хлопцу стала страшна: ён зусім не ведаў, што зрабіць, каб як наблізіцца да траншэі. А калі сержант зірнуў назад, на ўзлесак, дык у душу яго шыбануў спалох. Там з’явіліся ўжо нейкія постаці, яны нешта таропка сноўдалі, пэўна, ставілі цяжкую зброю ці яшчэ што рыхтавалі з тылу трапіўшаму ў бяду атраду байцоў.
У гэтую жахлівую безнадзейную хвіліну падпоўз да сержанта руплівы Жук, аднекуль побач з’явіўся Мацейка. Яны пераглянуліся зводдаль, грымоты бою нічога не далі сказаць сержанту, але хлопцы, здаецца, разумелі ўсё. Аднак зрабіць што-небудзь нельга было, па-ранейшаму шчыльны знішчальны агонь слаўся па зямлі.
Сержант усё шукаў у думках якога выйсця з страшнага гэтага становішча, але выйсця не было. Толькі не зважаючы на агонь, імклівым кароткім рыўком здолелі б яны ўдарыць па ворагу і дасягнуць траншэі. Трэба было неяк скалыхнуць, узняць людзей і рушыць іх на апошні ўдар. I сержант тады зноў нагадаў пра свой сцяг, які ўжо не раз дапамагаў яму ў цяжкія часы, на яго была цяпер апошняя надзея.
Але ўзняцца не было ніякай магчымасці. Суцэльныя струмені куль снавалі над зямлёй, крамсалі быльнёг кулямётныя чэргі, разляталася ў бакі ўсохлая жарства пагорка.
I ў той час Жук, які бліжэй да сержанта ляжаў у быльнёгу, ухапіў аўтамат і, згінаючы асот, папоўз угару. Ён не зрабіў сержанту ніякага знаку, не азірнуўся нават, але Пятрусь зразумеў яго, вельмі абнадзеіўся і яшчэ болей занепакоіўся за жыццё разумнага гэтага хлопца.
Жахлівыя бясконцыя хвіліны марудна паўзлі над вышынёй. Здавалася, ніколі не будзе канца гэтаму агню і гэтаму маруднаму шляху разведчыка. Жук дзейнічаў асцярожна: то поўз, то ляжаў, прыпаўшы тварам да калючага асоту, чакаў і зноў на крок пасоўваўся наперад. Але вось ён засланіўся ад кулямёта грамадзінай танка і прыкметна паскорыў свій шлях.