Неўзабаве яго камлюкаватая постаць была ўжо ля танка, хлопец узняўся на каленях і рукою нешта замахаў людзям. Пятрусь здзівіўся ягонаму спрыту але ніяк не здагадваўся, чаго хоча баец. А той, звярнуўшы так на сябе ўвагу сержанта, ціхенька вытыркнуўся з-пад гусеніцы ля вядучага кола машыны. Ён, відаць, стрэліў з аўтамата – у грукаце бою сержант не ўчуў яго стрэлаў – і бліжні кулямёт, які дагэтуль так хлёстка слаў па зямлі смяртэльныя чэргі, нечакана замоўк. Жук азірнуўся, замахаў назад абедзвюма рукамі і з аўтаматам рынуўся за танк.
Нястрымны гарачы парыў шыбануў у голаў сержанту, і ён голасна, як мог, крыкнуў людзям:
– У атаку!!! Ура-а-а-а-а!!!
Ён ускочыў, адчайна выпрастаўся ў рост, размашыста матлянуў угары чырвоным шоўкам сцяга, як гэта рабіў некалі іх камандзір палка, і тады кінуўся за разведчыкам. Ён не азіраўся назад, але страшная думка – ці ўстануць за ім яго людзі – коратка і балюча працяла істоту. I яны ўсталі – у розных месцах, з пожні, быльнёгу паўскоквалі змораныя байцы і, колькі было ў іх сілы, нязладна і слаба ў гэтым пякельным грукаце крычалі «ура» і беглі да траншэі.
Абмінаючы танк, сержант прыкмеціў, як замільгалі ў траншэі галовы ворагаў, як матлянулася і прапала недзе прыгнутая спіна Жука, як разанулі па пыльнаму брустверу нейчыя чэргі. У дзвюх руках трымаючы цяжкі на ветры сцяг, Пятрусь не мог стрэліць туды, але побач з ім з’явіліся яго людзі, і напорыста загрукацелі навокал іх чэргі. Немцы з траншэі стралялі [ў іх, не]калькі куль [ударыла па раз]горнутаму сцягу, сцебанула [сержанту вышэй] локця.
З усяе сілы сержант бег туды, дзе знік разведчык, і неўзабаве скочыў у гліністую, неглыбокую, з абрушанымі берагамі траншэю. Ён азірнуўся назад – скрозь па схілу беглі ўгору байцы. Разагнаныя Жукам, непадалёку кінуліся да хадоў зносін постаці ў касках, аднекуль моцна разанула над галавой аўтаматная чарга, і Пятрусь ледзь паспеў ад яе схавацца ў зямлю. У тое месца, куды падаліся немцы, рынуўся з бруствера малодшы лейтэнант, за ім скочыў Мацейка. Пятрусь прыціснуў падпахай паўзгорнуты, нязручны ў акопе сцяг і з пісталетам у руцэ падаўся за гэтымі спрытнымі хлопцамі. З-за павароткі ён наскочыў на ворага, распластанага на дне, разгоніста пераскочыў скорчанае цела чырвонаармейца і стрэліў у мільгануўшую наперадзе зялёную спіну. Мацейка, прыгнуўшыся, спрытна шмыгаў ад павароткі да павароткі, папярэдне коратка прастрэльваючы з аўтамата кожны заварот; лейтэнанта ўжо чамусьці не бачна было. У розных месцах траншэі неўзабаве з’явіліся нашы байцы, і тады, ахопленыя адчаем, ворагі кінуліся ў рукапашную. У ранішнім паветры над вышынёй люта трашчалі чэргі, на смерць схапіліся ў бязлітаснай бойцы ашалелыя сержантавы людзі– качаліся, душылі, кулакамі і зброяй білі заклятых ворагаў, што сталі на іхнім шляху да вызвалення. Крыкі і страшная нечуваная лаянка несліся над узгоркам.
Урэшце па зігзагах хадоў зносін, падаючы і забіваючы, байцы дабраліся да вышыні, і тады Пятрусь убачыў і другую, меншую выспу, аддзеленую ад гэтай неглыбокай седлавінай. Відаць, там яшчэ адбівалася рэшта абаронцаў пераправы, якая таксама адкрылася адсюль разам з няроўнай стужкай ракі. У гэтым канцы пераправы віднелася нейкая вёска, пэўна, Клясцічы, да якіх спяшаліся байцы. У седлавіне свежым полымем гарэў яшчэ адзін танк, а фашысты пад прыкрыццём другога наступалі на выспу. Але, пэўна, яны заўважылі, што ў іхнім тыле здарылася нядобрае, і, коратка перабягаючы, падаліся ўбок, каб выйсці з-пад удару з тылу. Танк, даючы задні ход, раз-пораз бухаў па выспе, і адпаўзаў, прыкрываючы пяхоту. Пятрусь, угледзеўшы гэта, адчуў, што перамога здабыта, і прагавітае жаданне помсты з незвычайнай сілай узгарэлася ў ім. Ён ужо памкнуўся выскачыпь з траншэі і праследаваць адступаўшых, але, спалохаўшыся, што так можна сапсаваць справу, зычна скамандаваў байцам:
– Па пяхоце агонь! Агонь!
Трапіўшы пад двайны ўдар, немцы ўжо зусім спуджана кінуліся назад, многія падалі, і на шляху адступаўшых усё больш заставалася нерухомых зялёных цел. Танк таксама, не спыняючыся, шпарка папоўз па схілу, і тады над той выспай упершыню выніклі з акопаў родныя постаці нашых байцоў. Іх было зусім мала, але яны высыпалі ў седлавіну і беглі сюды, на свае страчаныя і зноў адваяваныя пазіцыі. Яны хутка набліжаліся, і Пятрусь бачыў, як імчаўся да яго маладжавы сержант з акрываўленай марляй на перавязанай шыі. Ён скочыў з бруствера, ледзь не паваліўшы хлопца, і поўны неўгамаванага ўзрушання схапіў Петрусёву руку і закрычаў у ягоны твар: