– Дзякуй, дзякуй вам найвялікшае! Уратавалі вы нас. А там ужо камандзір палка дзівуецца: адкуль такая падмога.
Пятрусь няўцямна пазіраў на радаснага сержанта, але, бадай, зусім не чуў ягоных узрушаных слоў. Толькі цяпер раптоўна зразумеў хлопец, што здзейснілася тое, да чаго рваўся ён у гэтыя пакутлівыя тыдні, і нясцерпная радасць апанавала сержанта. Прысланіўшыся да сцяны траншэі, ён страціў сілы, неяк абвяў, а з вачэй хлопца паплылі нястрыманыя слёзы. I ён не саромеўся гэтых слёз, не спяшаўся выціраць іх, каб не ўбачылі людзі, што ўсё больш напаўнялі траншэю, і яго сэрца, здавалася, разам з ім плакала пякучай крывёю.
Незвычайна перамяшаліся зараз у яго адчуваннях і радасць сустрэчы, і боль перажытых пакут, і невядома, ад таго ці іншага ўсё макрэлі вочы і спазмы хапалі горла. Утуліўшы твар у шаўковыя складкі сцяга і абхапіўшы рукамі дрэўка, ён суняўся так на кароткі нястрымны момант і маўчаў. Але хвіліна расслаблення і болю ўжо прайшла.
Так, здаецца, скончыўся жахлівы шлях яго выпрабаванняў, і цьмяна яшчэ адчувалася хлопцу, што нязбыўная нейкая адмеціна навек адзначылася ў ягонай душы. Нешта вельмі важнае, шматзначнае і ўжо непаўторнае ў жыцці мінулася ззаду. Яшчэ не асэнсаваўшы, Пятрусь ужо добра адчуваў тое, і, вядома, у той час у траншэі не здагадваўся хлопец, што гэта між вялікіх трывог яго маладосці пакутліва нарадзілася чалавечая сталасць і беззваротна адляцела ў нябыт кароткае яго юнацтва.
Прасветлены, супакоены і нібы пастарэлы, Пятрусь паглядзеў на людзей, што моўчкі стаялі ў траншэі абапал яго. Іх было ўжо многа, свае тут перамяшаліся з чужымі, усе спаважна пазіралі на сцяг і сержанта. I хлопец нечакана ўбачыў, што і Жук, які стаяў зводдаль, – сціплы, ціхі, адважны гэты разведчык – таксама нешта вельмі ўжо старанна туліць долу свае прастадушныя вочы, бы што пільна разглядае ў траншэі; заўважыў, што хлопец схуднеў з свайго шырокага непрыгожага твару. Прыкмеціў сержант, як у суседняга з ім віхрастага Мацейкі таксама заблішчэла на бруднай шчацэ расцёртая кулаком сляза, убачыў ён і радаснае ззянне многіх іншых вачэй ягоных байцоў і спагаду ды разуменне на тварах тутэйшых абаронцаў. Але, відаць, не час было вельмі радавацца ці святкаваць перамогу. Не мінула і чвэрці гадзіны, як скончыўся гэты пякельны бой, калі нехта ў траншэі ўстрывожана крыкнуў людзям:
– Глядзіце, глядзіце: немцы ідуць.
Пятрусь адразу ачнуўся, новая трывога адразу ўскалыхнула хлопца, напомніла пра яго камандзірскія абавязкі. Ён паклікаў да сябе Мацейку, таропка згарнуў палотнішча сцяга і сказаў гэтаму ўвішнаму байцу:
– На, нясі, браток. Я ўжо аднасіўся. Знойдзеш камандзіра – перадай...
На развітанне ён пацалаваў запылены, прабіты многімі кулямі шоўк і аддаў сцяг байцу. Яны размінуліся ў вузкай траншэі, на паваротцы Пятрусь у апошні раз з незразумелым сумам азірнуўся на сваю дарагую ношу...
Ён кінуўся даганяць байцоў, якія падаліся да першай траншэі. Зноў агорнуты нялёгкім прывычным клопатам, хлопец глядзеў на лугавіну, дзе яны нядаўна беглі сюды. Цяпер на ўсім гэтым травяністым прасцягу з узлеска ішлі на іх густыя шэрагі чорных эсэсаўцаў. Яны не хаваліся, а спакойна, як на парадзе, плячо ў плячо ішлі па стракатай ад кветак траве – з падкасанымі рукавамі і нарыхтаванай зброяй.
I тады з-за вышыні глуха шчоўкнула ў паветры і цераз галовы байцоў з шархоткім фыркатам праляцела нешта тугое і важкае. Крыху далей эсэсаўскага шэрагу на лузе ў адно імгненне вырас шэры кучаравісты клуб пылу. Ён яшчэ не асеў у паветры, як цераз выспу нетаропка і важна пранёсся новы, гэткі ж шархоткі цяжкі снарад.
Сержант зірнуў на прыціхлых, насцярожаных людзей, на ўзрадаванага Жука і, бадай, упершыню з пачатку вайны замест страху адчуў у сабе спакойную, упэўненую сілу.
– Рота, слухай маю каманду! – голасна скамандаваў ён і, гучна лязгнуўшы, пхнуў у аўтамат новы магазін.
Васіль Быкаў
Васіль Быкаў (1924-2003) Нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 году ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёну Віцебскай вобласьці. Навучаўся на скульптурным аддзяленьні Віцебскай мастацкай вучэльні. Скончыў Саратаўскую пяхотную вучэльню. У 1942 годзе будучы пісьменьнік уступіў у шэрагі Чырвонай Арміі. Ваяваў на Другім і Трэцім Украінскіх франтах, прайшоў па тэрыторыі Румыніі, Баўгарыі, Вэнгрыі, Югаславіі, Аўстрыі, двойчы быў паранены.
Упершыню творы Васіля Быкава былі апублікаваныя ў 1947 годзе, аднак творчая біяграфія пісьменьніка пачынаецца з апавяданьняў, напісаных у 1951 годзе. Тэматыка раньніх апавяданьняў, дзеючымі асобамі якіх сталі жаўнеры і афіцэры, вызначыла далёйшы лёс Быкава, многія з твораў якога прысьвечаныя падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Бескампраміснасьць прозы Быкава стала прычынай нападаў савецкай крытыкі, якая абвінавачвала пісьменьніка ў ачарненьні савецкага ладу.