Выбрать главу
3. Серафімка

Адчуўшы благое, Серафімка прыбегла на свой паруйнаваны, аброслы быльнягом падворак і адразу ўбачыла расчыненыя дзьверы ў сенцы. Усё ж дзьверы яна зачыняла, як ішла раніцай, значыць, тыя там пабывалі. Серафімка кінула на падворак рыдлёўку, убегла ў цемнаватыя сенцы і адразу кінулася да кубёлка, дзе ў зрудзелым слаі солі яна з зімы ашчаджала два кавалкі сала. Ды дзе там! Побач на зямлі валялася счарнелае вечка, а ў кубёлачку было пуста — адна соль на сподзе. Значыць, пабралі, каб іх пабрала крываўка.

Серафімка ўскочыла ў сваю цесную сьцюдзёную хатку, бразнула засланкай. Чыгунок стаяў на ранейшым месцы ў выстылай печы, бульбачку яны не ўзялі. Тады яна звыкла тузанула са шкафчыка шуфлядку — акрайчык таксама быў там, — значыць усё ж будзе чым пакарміць чалавека. Таропка пачала зьбірацца ў поле: завязала ў старую хусьцінку міску з вывалянай у яе бульбай, зьверху на якую паклала акрайчык і два салёныя гуркі з гарлача, — паесьці галоднаму чалавеку пакуль што хопіць. А там будзе відаць. Яна дужа сьпяшалася, нібы баючыся, што спозьніцца, не ўратуе небараку, паправіла хустку на галаве і выбегла на падворак. Піліпёнкаў ужо нідзе не было відаць, — можа, пайшлі на свой хутар, а можа, дзе яшчэ сноўдаюць па пажарышчах. Тут яна ўпершыню падумала, што пра яе чырвонаармейца ніхто не павінен ведаць, тым больш гэтыя злыдні, ад якіх усяго чакаць можна. Яшчэ дакажуць немцам, тады хто ведае, што будзе. І яму, і ёй таксама.

Зноў усчынаўся дробны сьцюдзёнаваты дожджык з заходнім ветрам, у полі было холадна, але яна ня дужа адчувала сьцюжу, яна таропка бегла сьпярша дарогай, пасьля цераз перакапаную снарадамі касагорыну да тарфянішча. Варонкі ў нізкіх мясьцінах ужо сталі набірацца вадой — мутна-чорнай вадой на дне; у адной яна ўбачыла нешта падобнае на адзежыну, хоць гэта мог быць чалавек, які нібыта плаваў там увесь у вадзе, і толькі ягоная сьпіна вытыркалася на паверхні. Спалохаўшыся, яна шаснула ўбок, выбегла да траншэі і доўга блыталася там у траншэйнай крапанцы, пакуль знайшла знаёмы, з пабляклай дзярніны пагорак. Мусіць, гэта быў той самы бліндаж. Але цяпер яе ніхто не сустракаў, зеўраў чарнатой нізкаваты ўваход у яго, і яна ціха паклікала:

— Ці вы тутака?..

Не адразу ў адказ пачуўся стрыманы стогн, які яшчэ болей устрывожыў яе, і Серафімка, ледзьве адольваючы страх, палезла ў цемрыва.

— Казалі, есьці… Дык во прынесла бульбачкі…

Чалавек пластом ляжаў у кутку на разасланым шынялі, у прыцемках трохі бялеў яго ўхутаны бінтамі твар.

— Вады мне…

— Вады?..

Серафімка вінавата зьдзівілася: пра ваду яна і не падумала, яна несла есьці. Але, мусіць, калі хворы, паранены, дык трэба вады, як жа яна не даўмелася адразу?..

Вандзэлачак з міскай яна пакінула ў бліндажы, а сама выпаўзла ў траншэю, згадваючы, дзе ж тут узяць вады? Апроч лужынаў у варонках ды на тарфянішчы іншай вады тут не было, трэба бегчы дамоў.

Дзе крокам, а дзе і подбегам яна адолела страшную касагорыну, дабегла да бульбянішча, тут стала спакайней. Дожджык усё сыпаў — дробны, але несьціханы, яна ўжо нямала абмокла — і куртка, і спадніца; босым нагам дождж быў ня страшны, горш, што намокла хусьцінка — другой такой цёплай хусьцінкі ў яе не было. Яшчэ здаля яна ўгледзелася ў свой падворак за вішаньнікам — не, здаецца, цяпер там не было нікога. Суседская хата ўся згарэла да тла: і будынкі, і сьвіран, хляўкі, засталіся толькі платы ды чорная аграмадная Ахрэмава печ з закапцелым комінам, нейкія патарчакі ў варыўні. На гародзе, аднак, ціха пагойдвалася на ветры почапка старога пахілага асьвера над іх сумесным калодзежам. Там павінна быць і вядро, гарлач жа Серафімка ўзяла свой у сенцах і па сьцежцы пабегла да суседскага пажарышча, на якім яшчэ дзе-нідзе слаба дымела на кучах вугольле нават у дождж, зблізку відаць стала крушня каменьня на месцы былой асеці, ды ў варыўні закіданыя галавешкамі на ранейшым месцы стаялі Ахрэмавы жорны, на якіх і яна нямала памалола збожжа. Сваіх жорнаў у яе не было. Жорны толькі абгарэлі трохі з ражкоў драўлянага жолабу, а так камяні былі цэлыя і гатовыя да работы. Серафімка наліла жбан вады з калодзежу і па-над плотам зноў пашыбавала ў поле.