Выбрать главу

— Ячмень, — простадушна адказала Алена.

Насця кпліва ўсміхнулася краямі тонкіх насмешлівых губ:

— Няўжо ячмень? А я i не ведала!

— Ячмень, правільна… Пятнаццаць каласоў! Я знарок падлічыў… Мы не ўпраўляемся жаць. Нам трэба скарыстаць кожную хвіліну, пакуль стаяць сухія дні… Вы — мае лейтэнанты, на вас i Коржыка першая мая надзея. Ён са сваёй брыгадай упраўляецца… A y вас што — учора ў адзін дзень адразу два факты! Ігнат самавольна пакінуў работу. Два кані ўгрузлі… Прыйшоў жняяр узяць каня, за-прэгчы ў жняярку, а конюха i блізка не відаць, недзе ў вёсцы… I вы ўзнялі сварку… брыгадзіры!

— Не раўняй мяне з Ігнатам, — перапыніла яго Насця.

— Я i не раўняю. У вас розныя ўчынкі, але атрымліваецца так, што Ігнат i вы аднолькава сарвалі работу. Сем чалавек прыйшлося зняць з работы, каб выцягнуць коней… А вы на гадзіну затрымалі жняярку без працы. А яна ў нас адна… i людзі марнаваліся праз гэта…

Жанчыны маўчалі. На пераносіцы між брывей у Марціна напух працяты маршчынай бугорчык.

— Я Ігната сёння зняў з работы i перадаю на праўленне. У яго гэта не ўпершыню, такое нядбайства, i з ім у нас будзе асобая, суровая размова. А вас на першы раз перасцерагаю. Добра падумайце пра гэта… — Марцін жорстка зірнуў ва ўпартыя вочы Насці. — Асабліва цябе папярэджваю — ты ўсё гэта пачала… Па чарзе, якую ўстанавіла праўленне, жняярка павінна была быць у Алены…

Насця прыкінулася пакрыўджанай.

— Чаму толькі ў Алены? Жняярка-ж агульная. Чым Аленіна брыгада лепшая за маю?

— Ты перад кім прыкідваешся? Я хто табе, старшыня ці які выпадковы госць? На пшаніцы жняярка была ў цябе?

— Хіба яна пасаромеецца? То такая хітрая, прывыкла ўсё вяршкі збіраць, — не ўгрывала Алена.

— Гэта хто прывык вяршкі збіраць? Я прывыкла?.. Ды калі-б у мяне коні былі такія, як у цябе, я i гаварыць-бы не стала нічога.

— Коні ў нас аднолькавыя, не выдумляй. Затое ў цябе людзей больш. Табе-ж i жаць асталося мала, а я i не ведаю, калі скончу…

Спрэчка зноў ажывала…

— Эх, якія вы ў мяне ахвочыя да дыскусій!.. Ці не можна i мне сказаць?.. Прычыны шукаеце? Шукайце, шукайце — не адну знойдзеце. Так, у нас мала коней — у тры разы менш, чым да вайны! I машын таксама мала. Яшчэ менш, чым коней. А самае галоўнае — людзей не хапае… Усё гэта, вядома, часовыя прычыны: людзі хутка вернуцца з арміі… Праз год-два машын у нас будзе столькі, што ўсё станем рабіць машынамі… Але цяпер пакуль мы гэтага не маем… От, колькі прычын!

Марцін выцягнуў з кішэні вышыты капшук, скруціў цыгарку. Шырокія, спрацованыя, у цвёрдых намулінах далоні цяжка ляглі на стол.

— I ўсё-ткі хоць многа прычын нам замінае, мы павінны зрабіць усё. Няхай сабе мала людзей, мала машын, мала коней, а мы сажнем i змалоцім! Пабачыце… людзі выручаць. За дваіх, за траіх будзем рабіць, а зробім… Вы толькі, прашу, памагайце мне.

Ад гэтай упэўненасці ён здаваўся Алене нібы дужэйшым i вышэйшым, чым звычайна. Такое самае пачуццё было раней, калі Марцін, маўклівы, вёў ix на прарыў варожай блакады каля Лапатаўскага шляху. Тады ішлі зараснікамі лазняку, i хоць не ведалі, што ix там наперадзе чакае, жыццё ці смерць, усе слухаліся яго. У той дзень Алена яшчэ раз адчула, што ён мацнейшы за яе, i стала яго асабліва паважаць.

Марцін узняўся з-за стала, па-вайсковаму статны, i, накульгваючы, падышоў да ix.

— Ну, от! Пачубіліся — хопіць!.. Хто на старым спатыкнецца зноў — не пашкадую ні вока, ні бока. Ну, але — хопіць… Заўтра да вас прыйдзе дапамога. Я сказаў, каб усіх, каго можна зняць са сталай работы, паслалі на поле. Усяго здымаем шаснаццаць чалавек. Цэлае аддзяленне! Мне здаецца, што ix лепш за ўсё паслаць на сціртаванне. Што вы скажаце пра гэта?

— Правільна, трэба сціртаваць! — Алена кіўнула галавою. — Сціртаванне ў нас зусім спынілася…

Насця таксама не пярэчыла:

— Хай будзе па-твойму, Марцін…

— Я баюся, каб не было разрыву паміж сціртаваннем i жнівом. Трэба i тое i другое разам.

У гэтую хвіліну дзверы расчыніліся, i ў пакой увайшла хударлявая чорнавокая жанчына.

— Насця тут? — запыталася яна ўзрушаным голасам, ледзь толькі адчыніла дзверы, i ўсе здагадаліся, што здарылася нейкае няшчасце. — Ага, ты тут.

Насця ўстрывожылася, усхапілася з лаўкі:

— Што?!

— Ячмень наш патравіў нехта.

— Які ячмень? Дзе?

— На «Далёкім полі». Жанкі вось толькі адтуль прыйшлі, гавораць — коньмі… сляды там капытоў конскіх…

— На «Далёкім полі»? На рэкордным участку?! — перапытала Насця, быццам не верачы.

— На рэкордным, Насця… Кажуць, сотак, можа, пяць. Коласу там нацярушана — страх…