Выбрать главу

Няхай-бы тая ноч была не такая светлая, не такая прыгожая! Каб не было мігалак-зорак, каб не зіхацеў месяц! Можа, не паліла-б так сэрца скруха па шчасцю, па маладосці, што непрыкметна прайшла за вайну, па няшчоце…

У суседзяў закрычалі пеўні, а Алена ўсё думала пра сваё жыццё — згадвала маладыя гады, таварышаў па партызанскай роце, Марціна, калі ён быў камандзірам роты. «Трэба-б заснуць. Хутка світанне, хоць-бы на гадзінку заплюшчыць вочы перад работай!»

Але сон, як i раней, не ішоў. Сталі варушыцца неспакойныя думкі пра брыгаду, пра жніво, з якім трэба як мага хутчэй управіцца. У цішыні бяссоннай ночы ёй зноў успомніліся ўсе абставіны той размовы, балючай i несправядлівай, паўтарылася кожнае слова, якое сказала Насця, яна ўбачыла ўважлівы позірк Марціна, пачула запытанне: «З твае брыгады?» I ў сэрцы зашчымела крыўда, сціснула горла…

— Дзень добры, Насця!

Насця азірнулася на Гардзея, які сказаў гэтыя словы, i прыпынілася.

— Дзень добры, кажу, — паўтарыў Гардзей i кіўнуў галавою.

— Добры дзень, — неахвотна адказала жанчына i насцярожана паглядзела на Шкробата. Яны ніколі не віталіся раней, хоць жылі адзін ад аднаго непадалёк i часта даводзілася бачыцца.

— А ты ўсё спяшаешся… Пачакай хвілінку, — сказаў Гардзей, адчуваючы, што Насця вось-вось падасца прэч. Ён падышоў да Насці, ад сваіх веснічак, дзе стаяў, калі Насця ішла па вуліцы. Наблізіўшыся, ціха, з дакорам прамовіў: — Чуў я. Усё чуў ад людзей. Нядобра зрабіла, Насця…

— А табе… што да гэтага?! — Яна не любіла Гардзея i ніколі не хавала сваёй непрыязнасці да яго.

— А ты цішэй. Чаго лемантуеш на ўсю вуліцу, — спакойным тонам парадчыка адказаў той. — Як гэта — што мне да гэтага? — зрабіў здзіўлены твар Гардзей. — Хіба я чужы чалавек? Хіба я не з Каранеўкі? Не з аднаго сяла з табою?.. Вось вы раздзяляеце сваіх людзей, а я вам аднаго дабра жадаю. — Насця нецярпліва кінула ўпартымі чорнымі вачыма, скептычна ўсміхнулася. Заўважыўшы гэты позірк, ён паўтарыў: — Аднаго дабра… Нядобра ты зрабіла, нядобра…

— Ведаеш што, стары… Не суй носа не ў сваё проса! Сама ведаю, што рабіць.

— Мала ты ведаеш, зелень ты, — па-бацькоўску прамовіў Гардзей. — Мала. А пыху трымаеш — не падыходзь блізка. Я табе гавару на глум, а ты вазьмі на розум.

Спакойны павучальны лад гаворкі Шкробата распякаў Насціну ганарыстасць. Твар яе паступова бялеў, але яна стрымлівалася.

— Не суй носа, стары… Не вучы, я цябе ўсё роўна не паслухаюся.

Гардзей паківаў галавою, плюнуў пад ногі.

— Неслухмянка ты! От што. Не думаў я, што ты такая. Не чакаў… Куды табе да Алены! Да яе табе, як зямлі да сонца. От то разумная жанчына. I сталая, i разважная. Другой такой, пэўна, па ўсяму свету не знайсці!.. Не дарма Марцін так паважае яе. Я ўчора быў у канцылярыі, дык акурат бачыў, як ён яе сустракаў, сваю Аленку. Аж вочы ў Марціна запаліліся! А яна… А пра яе i гаварыць не трэба. Увогуле, справа ў ix, як той казаў, — як па-маслу… Ну i няхай — харошая жанчына! Дай бо’ ёй шчасця.

Насця, апусціўшы галаву, штосьці абыякава разглядала на дарозе. На яе чорных густых валасах, што выбіліся з-пад выпрасаванай шоўкавай хусцінкі, глянцавіта паблісквалі сонечныя водсвіты. Цяпер у Насці пярэчыліся цікавасць i ганарыстая ўпартасць, — хутка цікавасць адолела, i Насця, пагардліва ўсміхаючыся, запыталася:

— Дык ён вельмі радаваўся, калі тая прыйшла?

— Ну як табе сказаць? Я-ж казаў ужо. Радаваўся. Нібы не бачыліся дзесяць гадоў…

— Брэшаш ты, стары? — недаверліва сказала Насця, пранізваючы Гардзея вострым позіркам.

— Ну, вядома, брашу… Усё выдумаў! — абыякава адказаў Шкробат. — Гэта я ўсё расказаў, каб цябе падражніць… — Гэтая абыякавасць Гардзея зусім збіла Насцю. Яна падумала, што ўсё тое, што ён расказаў пра ўзаемную прыхільнасць Марціна i Алены, — праўда, тым больш, што яна ўчора i сама прыкмеціла. Яна тады падумала, што ёй проста здалося, але, выходзіць, усё гэта чыстая праўда.

Насця памкнулася ісці.

— А насуперак нашай указцы ты не зробіш. Не дазволім…

Насця азірнулася.

— Хто не дазволіць? Ты?

— I я… i ўсе. I Марцін, i Алена.

— Мне ніхто не ўкажа таго рабіць, чаго я не захочу.

— Мы ўкажам!

— Укажаце? Ты? Алена? — Насця з пагардай акінула Гардзея, ганарліва засмяялася. — Указчыкі!.. — яна рэзка павярнулася i, не азіраючыся, хутка пайшла па вуліцы.

Гледзячы на яе парывістую хаду, Гардзей падумаў: «Агонь-баба… Зачапі яе, усю Каранеўку раскідае. Не тое, што Алена: тая ўсё ў сэрцы трымаць будзе». — Унутры соладка варухнулася радасць.