Выбрать главу

Увесь дзень Ігнат сланяўся па дварэ, не знаходзячы сабе прытулку. Koнi пасвіў цяпер іншы калгаснік. Ісці працаваць у поле Ігнат не хацеў, бо гэта азначала уступку яго «крыўдзіцелям» — Насці i Марціну. («Не пайду я да ix кланяцца!»)

Але працаваць карцела. Ен любіў працаваць. Два гады з таго часу, як у вызваленай Каранеўцы зноў стаў жыць калгас, Ігнат з дня ў дзень спяшаўся на працу, яго галава была напоўнена рознымі думкамі пра коней.

I раптам сёння Ігнату не трэба ні аб чым рупіцца, ні пра што дбаць. Спі, колькі зажадаецца, гуляй, як табе хочацца. Раней часамі ён думаў, што не мець клопатаў прыемна, а цяпер выяўляецца, што такое становішча вельмі дакучае. Асабліва, калі вакол гарачая жніўная пара i ўсе людзі, нават горкія падлеткі, з рання да позняга вечара не сыходзяць з поля…

Учора, перадаўшы коней другому конюху, у сваяка-суседа Ігнат выпрасіў пляшку гарэлкі. Цяпер даводзілася пакутаваць ад няўтольнай смагі, аднак, пахмяліцца не было чым. Малання, у якой ён прасіў «хоць кроплю» гарэлкі, сярдзіта накінулася на яго: «Трасцы табе, а не гарэлкі, абібок!.. I ёсць, а не дам», — дадала яна напаследак, каб болей дапякчы. I праўда, Ігнат ведаў, яна мае гарэлку, але болей не прасіў, ведаючы Маланніну ўпартасць. Хоць памірай, калі сказала: не дам, — не дасць. Вылаяўся ціха i паплёўся ляніва з хаты ў агародчык. Там каля хлява стаяла некалькі вішанек; пад вішнямі была густая аксамітная траўка, цень, прахалода. Ён разваліўся ў траве, спадзеючыся заснуць, але сон неішоў. Ігнат некалькі разоў перавярнуўся з боку на бок, — дарэмна, смага не давала спакою.

Вось ужо Малання пайшла на работу: Ігнат чуў, як заскрыпелі вароты. «Праклятая баба, шкода ёй гарэлкі!» Нейкі час увага былога конюха была занята мураўём, што рупліва поўз па травінцы, несучы паклажу. Потым пачуў ён дзіцячы плач, дзіця плакала недзе непадалёк, нехта яго супакойваў. Хутка яно сціхла, i над сялом запанавала непарушная цішыня.

Ігнат падняўся i паклыпаў у хату. Толькі знайшоў у сенцах пляшку з гарэлкай, — пачуліся на ганку крокі. Ен борзда схаваў бутэльку i ўскочыў:

— Хто там?

У сенцы ўвайшла Вольга. Са святла яна некаторы час нічога ў змроку не бачыла, як сляпая, пазірала не на Ігната, а ў бок ад яго. Потым вочы спакваля звыкліся з прыцемкам.

— Дзядзька Ігнат, — яна парывіста дыхала, напэўна, хутка ішла. — Дзядзька Ігнат, вам трэба ісці на работу У нас не хапае возчыка… — Вы-ж цяпер не працуеце, — цішэй дадала яна.

«А-а, прыйшлі прасіцца! — з непрыязнасцю i радасцю падумаў Ігнат. — Патрэбны стаў! Учора скінулі з работы, а сёння клічаце… думаеце, Ігнат не помніць крыўды…»

— Ну i што, калі не працую, — цвёрда i цяжка выціснуў Ігнат i сціх. — Не працую… i не пайду працаваць!

Жанчына ад такога адказу збянтэжылася.

— Дзядзька, там не хапае возчыка… Паўлік захварэў, ліхаманка яго трасе.

— А табе што за клопат да гэтага?

— Мяне жанкі паслалі сказаць…

— Жанкі!.. Не пайду!

Ён павярнуўся i, не спяшаючыся, ляніва паплёўся ў хату. Як толькі жанчына выйшла, Ігнат вярнуўся да пляшкі.

Толькі Ігнат сабраўся быў пацягнуцца да вішанек, зноў бразнула клямка. «Каго гэта нячыстая носіць?» — нездаволена варухнулася ў яго галаве. Прынесла Гардзея Шкробата.

— Наведацца прыйшоў, Ігнатка. Думаю, зайду, пабачу сваімі вачыма, як ён маецца адзін.

Азірнуўся вакол, левае вока ўвесь час торгалася, падміргвала загадкава. Гардзей зняў шапку, сеў за стол.

— Пляшачку гарэлкі прынёс табе, думаю, пакаштуем, па-сяброўску разам, па даўняй памяці, аж, бачу, ты ужо прылажыўся да горлачка. Не стаў чакаць… Ах ты, нецярпячка гарачы!

Сядзеў так, плявузгаў пра розныя дробязі, нервова падміргваючы вокам, Ігнату слухаць апрыкрыла, потым такім-жа дзіўным голасам, не паварухнуўшы брывом, загаварыў такое, што Ігнат, хоць п’яны быў, пахаладзеў:

— А я да цябе, Ігнатка, можна сказаць, па справе прыйшоў. Не па сваей, праўда, а па тваёй. Аб табе непакоюся, смелая ты галава. Храбры ты, Ігнатка, храбры!.. За такія справы менш за дзесяць гадоў не дадуць. Дзесяць гадоў, не менш! О! А ты што думаеш, гэта табе смешкі! I ты не пабаяўся, адвага!

У сярэдзіне ў Ігната нешта адарвалася. «Адікуль ён ведае?!» — сумеўся Ігнат. Паспрабаваў апраўдацца:

— То коні самі ўлезлі. Не даглядзеў…

— Кінь ты, Ігнат! Я-ж не маленькі! Нібы хто паверыць?

— Не паверыць? Дык гэта-ж праўда! Заснуў, ну, коні i ўбіліся…

— Павераць? Ну i дурань ты, Ігнат! Дай шклянку.

Ігнат паслухмяна прынёс шклянку. Гардзей наліў сабе, выпіў, наліў другую, падсунуў Ігнату. Той узняў шклянку, але піць не стаў, — ён быў збянтэжаны i разгублены.