— Горды ты, Ігнатка. Не даешся ў крыўду, — гэта па-мойму! A чаго-ж дараваць крыўду, праўда? Толькі ты не бойся, не дрыжы, як заяц.
— А я i не дрыжу.
— I правільна. Я не скажу. Толькі ты мала, Ігнатка, даў ёй, Насці гэтай, i Марціну. Учора зжалі гэты рэкордны ўчастак, копы склалі, дык ты вазьмі ды раскідай ix. I ўсё! Глупства адно… Шкоды няшмат, але затое — эфект, о!.. Як яны закіпяць!
Кожнае слова, якое кідаў Гардзей, важка асядала ў Ігнатавай душы. Ігнат яшчэ ніколі не бачыў Гардзея такім дзіўна-ўпэўненым, такім нязвычным i неразгаданым, i яму рабілася млосна.
Ён з натугай праглынуў цвёрды камяк, выціснуў:
— Ты што м-мяне хочаш… пад суд?!
— Ды не, што ты, глупства адно толькі! Ніхто бачыць не будзе… I падазрэння на цябе не будзе. Насця падумае на другога чалавека… Ніякага падазрэння.
— Т-ты што гэта… смяешся? — не знайшоўся нічога іншага сказаць Ігнат.
— Смяюся я ці не? Гм… Як табе сказаць? не ведаю. Не ведаю, Ігнатка. Ты ўжо сам кумекай, смяюся ці не?
Ігнат рэзка адпіхнуў шклянку, ускочыў.
— Не хачу!
— А ты не кіпяціся, не кіпяціся. Жыццё табе надакучыла? Я-ж табе не вораг, хоць ты цяпер увесь у маіх руках. Я скажу толькі адно слова, i цябе ўпякуць на дзесяць гадоў. На дзесяць гадоў, як піць даць… А тут — глупства адно — раскідаў копы… Дробязь… ніхто i ведаць не будзе…
Упершыню з таго дня, як знялі Ігната, апанаваў яго непакой за мінулае.
— Трымайся мяне, Ігнат, не прападзеш!..
Гардзей узяў шапку, устаў, падышоў да Ігната i сказаў, блізка ўпяўшы ў конюха нерухомы позірк i нервова падміргваючы. — А пра тое я нікому не скажу!
Гардзей выйшаў. Ігнат узрушана абхапіў рукамі галаву i стомлена асеў на ўслон, паныла задумаўся. У яго душы, змяняючы адно другое, сталі варушыцца то непакой, то шкадаванне, то одум.
Спека
Перад полуднем некалькі жней з Насцінай брыгады вярталіся з поля. Жанчыны ішлі бязладна — па адной, па дзве, зморана, з радасным гоманам. За імі паводдаль, узбіваючы пыл, коні павольна валаклі жняярку.
Аленіна брыгада яшчэ жала. Алена адразу, як убачыла жанчын на дарозе, здагадалася, што яны скончылі жніво, — учора ўвечары Алена чула, што ў ix на сёння заставалася мала. «А ў маёй брыгадзе яшчэ такое поле нязжатае, што i за два дні не адолець. Пазней за ўсіх скончым», — шчымлівы непакой сціснуў сэрца.
— Насціны ідуць палуднаваць… — сказала, перавязваючы хусцінку i пазіраючы на дарогу, Лізавета.
— Не палуднаваць, а з работы, — паправіла яе хмура цётка Малання. — Не бачыш, ці што, — жняярку за сабой валакуць…
Жнеі выпрасталіся i пачалі паглядаць на дарогу, на жанчын, што падыходзілі ўсё бліжэй i бліжэй. «Толькі-б не прыйшлі дапамагаць, — з непрыязнасцю падумала Алена. — Калі не з добрай душой людзі прыходзяць. то не столькі дапамогуць, колькі стануць пасля выхваляцца. Сажнуць жменю, а нагавору таго на год наробяць…»
Пасля здарэння ca жняяркай, пасля несправядлівых i крыўдных Насціных слоў, якія кінула тая перад Марцінам, між Аленай i Насцяй лягла мяжа недавер’я. Алена мімаволі стала глядзець на Насцю i калгаснікаў з яе брыгады з нейкай насцярожанасцю. Гэты настрой, заўважыла яна, перадаўся таксама многім яе жнеям…
— Што-ж гэта вы, суседкі, адстаеце?! Сорам! — крыкнула з дарогі худая, востраносая маленькая жанчына. Гэта была Ганна Лаўрэйчыкава, у сяле яе часта называлі яшчэ Піскуніхай за незгаворлівы характар. У насмешлівым ладзе яе сухога, пісклявага голасу Алене пачулася знявага.
Цётка Малання выпрасталася і, упёршыся рукамі ў бакі, паклікала:
— Заходзь, Ганна, няма чаго гультаяваць!
Маленькая Піскуніха пры гэтых словах спынілася, з’едліва адказала:
— Дай, божа, каб вы так гультаявалі, як я. Каб вы ўсе хоць палову так пастараліся, як я, вы даўно-б ужо зжалі. А то стаяць ды на неба пазіраюць, — ці хутка абед.
— Бач ты, адна, якая шчырая! Ідзі, куды ідзеш! — не ўтрывала, параіла спакойна Алена. — Чаго ты тут стала? Ніхто цябе i не просіць сюды, не бойся…
Жнеі сціхлі, сталі моўчкі жаць.
Алена задумалася i жне, не гледзячы, левай рукой забірае жмут шапаткіх сцяблін, звыклым поцягам правай рукі адразае ix ад зямлі. Брыгадзіра поўняць, хвалююць крыўдныя думкі: «Каб-жа гультаявалі, не крыўдна было-б. А то так шчыруем i ўсё роўна пасля ўсіх». Потым пачынае разважаць: «Людзей мала. Чатыры чалавекі захварэла якраз у такую пару. Ганна ды Васіліна не сягоння, заўтра народзяць… А што Ігната дадуць, то хіба дапамога. Толькі адна назва, што новы работнік, а карысці ад яго, як воўны з воўка…»
— А мой чалавек недзе па дварэ швэндаецца, — быццам адгадваючы Аленіны думкі, гаворыць Малання. — Крыўдзіцца, што з конюха знялі. Скажы ты, ганарлівы які. Проста дзіўлюся, адкуль у яго столькі гонару?.. Я цябе навяду на розум, абібок! Чакай, я табе, даражэнькі, не дарую!..