— Так ён i баіцца вас, — падбухторыла Маланню насмешніца-суседка Лізавета.
— Што? Мяне не баіцца?!
Цётка Малання падняла галаву i так паглядзела на дзяўчыну, нібы гэта была не жняя-суседка, a Ігнат. Твар у Маланні зрабіўся цвёрдым, у вачах бліснулі пагрозныя зялёныя агеньчыкі. Лізавета ажно сумелася i зірнула на Маланню з асцярогай.
— Мяне, рыбка, не паслухае?!
— Каб-жа слухаў, цётка Малання, на працу прыйшоў-бы… А то-ж не відаць яго нешта…
— A заўтра прыйдзе!
Якраз пад’ехала блізка жняярка, i Алена пабегла на дарогу, каб узяць яе ў сваю брыгаду. На сядзенні, знарок зморана згорбіўшыся, падрабляючыся пад дарослага, сядзеў Пятрусь, той хлопец з кірпатым аблупленым носам, што спрачаўся з Аленай каля кузні. Калі Алена падышла да яго, ён, не мяняючы паставы, паважна, як сталы, прыпыніў коней i запытаўся нездаволена:
— Ну, што?
— Выпражы коней. А жняярку нам пакінь.
— Як гэта, па-акінь?! А хто за жняярку адказвае? Ты ці я?
— Я буду адказваць.
— Ты будзеш адказваць! — з насмешкай свіснуў Пятрусь. — Шмат вас знойдзецца, такіх адказчыкаў!
I, даючы знак, што размова скончана, ён тузануў лейцы. Коні крануліся.
— Чакай-жа! Я скажу Марціну, што жняярка палову дня цераз цябе стаяла без работы…
— Кажы! Без загаду брыгадзіра я не аддам. Скажа Насця аддаць, я i аддам, а без яе i не прасі.
— Дык яна-ж у горадзе…
— А мая справа маленькая.
— Ты хочаш паддобрыцца да Насці. Ну глядзі-ж. Я ўсё скажу старшыні! — крыкнула ўслед Алена.
Яна вярнулася да жней. Хвілін праз дзесяць ішла другая — большая група жанчын з Насцінай брыгады. Жанчыны, відаць, адсталі, каб назбіраць травы ці пустазелля для кароў i свіней: хусткі, якія жанкі неслі за плячамі, як клункі, былі туга набіты травою. Параўняўшыся са жнеямі, жанчыны раптам збочылі i падаліся да Алены.
— Дзень добры, Аленка! Дзень добры, жанкі!.. А мы да вас…
Яны сталі скідаць клункі з плеч. Жнеі весела прывіталіся, з цікаўнасцю пазіраючы на ix.
— Мы да вас, суседачкі, памагчы… От, хочам разам з вамі пашчыраваць… Ці прымаеце?
— Дзякуем, — не разгінаючыся i не гледзячы на жанчын, прабурчэла Малання. Яна яшчэ нешта хацела сказаць, але Лізавета, быстра кінуўшы зірк на старую, перабіла:
— А чаму не прыняць! Памагайце… Мы з радасцю, калі да нас з добрай душою.
Шмат якія жнеі з Аленінай брыгады клікалі ix да сябе, каб жаць поруч. Жанчыны адразу разышліся, уладзіліся, дзе каму падабалася, i, не марнуючы часу, сталі жаць.
…Цішыня. Толькі сярпы пераклікаюцца: ж-жык! ж-жык! Духмень. У неагляднай глыбознай далечы ні адной хмурынкі.
Нерухомае спякотнае сонца.
На калгасным дварэ, дзе, прыехаўшы з горада, Марцін распрагаў каня, было пуста i ціха, — толькі ў другім баку канюшні конюх пакрыкваў на хворых коней.
З канюшні выйшаў стрыжаны хлапчук у майцы i зрэбных, закасаных да кален штанах — конюхаў сын. Ён вёў за лейцы гнедага нязграбнага каня, што ляніва тупаў маслакаватымі нагамі, звесіўшы гарбаносую галаву. Хлапчук стаў запрагаць каня ў пажарную бочку.
— Ты куды? — запыніў Марцін хлапчука.
— Па ваду на рэчку.
— A хіба тут у калодзежы ўжо няма вады?
— Няма. Уся высахла ад гарачыні… Бацька нядаўна набіраў, дык адзін глей.
Марцін ужо ведаў пра тое, што здарылася. Яшчэ на дарозе, не даязджаючы да сяла, ён спаткаў агароднага вартаўніка Васіля Скорыка, i той яму падрабязна расказаў пра спрэчку за жняярку. Васілю Марцін не вельмі верыў, бо той, расказваючы што-небудзь, заўсёды любіў многа дадаваць сваёй выдумкі. Тым не менш словы вартаўніка ўстрывожылі Марціна, i ён спяшаўся хутчэй распрэгчы каня i даведацца пра ўсё больш дакладна.
Занёсшы ў кладовую вупраж i выходзячы з канюшні, ён акурат убачыў Вольгу, што вярталася з поля.
— Пачакай трошкі! — паклікаў Марцін i хутчэй пакульгаў услед.
Яна спынілася, стомлена пераступіла з нагі на нагу, чакаючы, калі ён падыйдзе.
— А дзе Алена?
— Алена на полі. Уся брыгада яшчэ на полі… Я прыйшла раней, бо дзіця малое нешта нядужае… Цэлы дзень рабілі. На абед не хадзілі нават. Там i палуднавалі — толькі я хадзіла, дзіця пакарміць.
Яна зморана перагнулася назад i выпрасталася, светлы, не чарнеючы ад загару твар перасмыкнуў боль.
— Спіна, як чыгунная… Але i зрабілі многа.
— Колькі зжалі?
— Я — шаснаццаць сотак. Авёс быў густы, спорны. I болей зжала-б, каб не хадзіла ў сяло. Малання сягоння больш за дваццаць сажне…