Выбрать главу

Жалі маўкліва. Сухія, ломкія, спелыя сцяблы жменя за жменяю спорна клалiся на перавяслы, дужымі, загарэлымі рукамі сціскаліся ў тугія, пругкія снапы. Вязалі снапы асцярожна: крохкая салома, калі модна закручваць перавясла, ірвалася.

Не было чуваць ні жартаў, ні песень. Стома напаўняла рукі i ногі цяжарам, скоўвала здрантвелую спіну. Але змора гэтая была прыемнай: людзі задаволена бачылі, як усё даўжэйшымі становяцца за імі рады бабак.

Толькі як скончылі разам той лапік, перадыхнулі крыху, выпрасталі спіны, прылеглі ў пярэстым цяньку пад галінкамі маладога частага асінніку, слухаючы лянівае лапатанне срабрыстых, знізу быццам падбітых белаватай байкай, лісточкаў.

На ўзлессі пахла апошнімі, пераспелымі суніцамі, вянучай духмянай травою, асіннікам.

Высока ў жнівеньскім небе зіхацела празрыстае воблака, падобнае на бліскучы камяк пены.

— Бусел, — пазіраючы на воблака, зачаравана прагаварыла Лізавета. Алена падняла вочы ў неба.

— Дзе ён?

— Вунь… Каля хмаркі. Справа.

Алена, прыплюшчыўшы вочы, стала ўзірацца, але доўга не магла яго ўбачыць. Воблачка сляпіла яе. Потым убачыла — бусел кружыў вакол воблачка ў бяздоннай глыбіні ясна-блакітнага паднябесся, з зямлі ён здаваўся ледзь прыметнаю, нікчэмнаю кропачкаю. Алена ляжала на траве i з замілаваннем сачыла за ім, захопленая вострым адчуваннем вялізнай вышыні. Цікава, якім здаецца адтуль наша поле, i гэты асіннік, i мы…

Адпачывалі нядоўга. Нельга было ляжаць, — ix чакала яшчэ вялікая паласа нязжатага поля.

У гэты дзень Гардзею Шкробату i Ігнату выпала сыйсціся яшчэ раз.

Каля свірна, на выхадзе ў поле, гаманіла некалькі чалавек, збіраючыся разыходзіцца на працу. Гардзей, пастарэчаму горбячыся, павольна падышоў да Марціна, паздароўкаўся за ручку з ім, з Насцяю, што забегла сюды, вяртаючыся з абеду.

— Ну, што я казаў, Насця? Тады на вуліцы… Не памойму хіба выйшла, а?.. А ты не хацела слухаць!

Насця насмешліва кінула на яго чорнымі непрыязнымі вачыма.

Гардзей па-прыяцельску i разам з тым з павагай узяў Марціна за локаць, папрасіў адысці, пагаварыць па важнай справе.

Марцін адышоў за ім крокаў сто.

— Марцін Пятровіч, — сказаў Гардзей, пазіраючы ў вочы старшыні. Шыя ў Гардзея, нягледзячы на жнівеньскую гарачыню, была абвязана пярэстым шарсцяным шалікам. Гардзей раскруціў яго i сказаў, апраўдваючыся: — У горле нешта душыць. Глынуць нічога не магу. Прастыў недзе, відаць… Адным словам, старасць, старасць — не радасць!.. Марцінка, я, тое самае, наконт маёй заявы. Я хачу спытацца, ці разбірала яе праўленне?

Марцін знарок марудзіў адказваць. Ён маўкліва пазіраў убок, паглыблены ў нейкія свае думы.

— Разглядала, — сказаў ён, нарэшце. Шкробатаў твар выцягнуўся, у вачах бліснула штосьці. — Рашылі пачакаць пакуль. Пажыві сумленна, каб людзі паверылі.

— А-а, — адразу абвяў Шкробат. — Колькі-ж можна правяраць. Ці-ж бацька адказвае за сына. Я-ж не вінен, Марцінка, што дзіця такое непуцяшчае пайшло…

Тут размова перарвалася. Увагу Марціна захапіла дзіўнае відовішча. З калгаснага двара ў акружэнні дзіцячага гуртка выйшлі дзве дарослыя постаці: адна, было відаць, упэўненая, прамая, другая — згорбленая, нясмелая. «Малання з Ігнатам», — пазнаў Марцін i стаў з цікавасцю сачыць за імі. Ігнат панура азіраўся на дураслівае акружэнне ды час-ад-часу пагрозна замахваўся дручком, што трымаў у руцэ.

— Такі спраўдзіла сваё слова, — задаволена прасіпеў Шкробат, падміргваючы Марціну. — Яна, Маланка, а-а? Сіберная баба, не дай бог… A дзеці? Падшыванцы…

Ніякавеючы пад уважлівымі людскімі позіркамі, акружаны неадчэпным дзіцячым гуртам, Ігнат насцярожана наблізіўся да Марціна.

— От я прыйшоў…

Ён азірнуўся навокал — усе, хто быў поблізу, сачылі за ім i Марцінам.

— Я сам прыйшоў, — дадаў ён голасна, з абыякавасцю пазіраючы на гузік на Марцінавай гімнасцёрцы. У голасе Ігната вострая назіральнасць Марціна пачула прыдушаны боль i адчай, схаваны пад выглядам наўмыснай абыякавасці. — Словам, Марцін, назначай на работу.

— Катаржнік! Абібок ты! Колькі я за цябе сараматы прыняла! — не ўтрывала, залемантавала цётка Малання.

— Ціха ты, палямёт! От-жа язык!.. Мне хіба прыемна перад людзьмі?! У мяне-ж таксама жывая душа, а не, к прыкладу, сказаць…

— А бо — жывая душа! — перабіла нецярпліва Малання. — Гарэлка, от што твая душа, п’яніца ты прапашчы!

Нечакана Малання страціла ўсю сваю гнеўнасць i строгасць i расплакалася, як дзіця малое. Людзі ад гэткага павароту спрэчкі сумеліся: мала хто чакаў такую маладушнасць з боку цёткі Маланні.