Насця падалася насустрач ім i пайшла поруч.
Уперадзе нейчы ласкавы голас журботна, цягуча заспяваў:
Некалькі жаночых i мужчынскіх галасоў падхапілі дружна, суладна.
— Прыходзь сягоння ўвечары да мяне, — сказала Насця Алене. — Толькі не баўся вельмі дома. Павел прыехаў. I ты, Марцін, не спазніся…
— Я ўжо чула, што прыехаў… —Алена схапіла Насцю за руку. — Які ён цяпер?
— Усё такі-ж… — спакойна адказала Насця. — Учора, позна ўвечары, прыйшоў. Спазніўся на пасажырскі, дык ён да таварнага прычапіўся!
— Прыехаў!.. радуешся?
Сказала i падумала: якое глупства пытацца пра гэта. Вядома, радуецца. I раптам радасць Алены патухла. Сэрца апаліў боль. Павел прызываўся ў армію разам з Андрэем, у адзін дзень, на адной машыне ехалі яны ў горад. I служылі поўгода ў адной часці, пакуль не раніла Андрэя на фінскай вайне. Ca шпіталя ён вярнуўся ў другую часць, — i з той пары таварышы не бачыліся.
«Мой Андрэй не прыедзе…» Навеяны Паўлавым зваротам, у яе памяці зноў яскрава i жыва паўстаў вобраз Андрэя, шчаслівыя дні замужжа. Яны на час выцеснілі радасць, што прынёс Марцін.
— Дык чаго-ж ты прыйшла на работу? — з дакорам i здзіўленнем ускрыкнула Алена. — Сем-жа год не бачыла.
— Ну дык што? Цяпер-жа ён нікуды не дзенецца. Праўда, Марцін? — Вочы яе, было відаць, хітра заблішчэлі. — Дома будзе, яшчэ i надакучыць, хопіць часу… Я ўчора, як даведалася пра жняярку, раззлавалася на хлапчанё тое. Праз яго, нягоднага, цэлага поўдня страцілі. Раззлавалася на яго, а сама думаю — хіба я лепшая? Сабрала людзей сваіх — ды на выручку. Пашчыравалі разам, нібы адлягло ад сэрца…
Яна сціхла на хвіліну, а потым проста, нібы гаворка ішла пра нешта самае звычайнае, сказала з усмешкаю:
— Разышліся, як чорныя хмары, a сышліся, як ясны дзень.
— Я не рабіла таго, што ты на мяне ўзвяла…
— Ты гаворыш, нібы вінаватая… А я не люблю каяцца. Каянне, кажуць, позна ходзіць…
— Ты верыш, што не я?
— От якая ты. Не веру, а ведаю.
— Як гэта ведаеш? Ты ведаеш — хто?
— Ведаю. Не ты! — задаволеная жартам, засмяялася Насця.
— Ты ўсё рагочаш! А мне не смешна…
— Каяцца позна, а падумаць пра гэта можа i не лішне, — сказаў Марцін. — Трэба дбаць не толькі пра сябе. Не адна ты ў калгасе. Даражыць трэба, адным словам, сям’ёй нашай…
Наперадзе ў дзіўным месячным прыцемку шырокі i модны голас усіх жней, падтрымаўшы ласкавы задумлівы альт, журыўся:
Насця таксама заспявала ціха, легка, але без пачуцця. Раптам яна сціхла:
— Пра сям’ю ты правільна гаворыш, Марцін… Каб думала я пра яе, не стала-б я ўзводзіць на Алену такое без доказу… i жняярку не ўзяла-б…
Яна абняла сяброўку.
— Шчаслівая ты, Настуля, — прамовіла раптам з тугою i задуменнасцю Алена. — У сарочцы нарадзілася. I прыгожая, i ўдачлівая. I чалавек жывы… Усюды ты шчаслівая!..
— От нашла што казаць! Дык ты прыйдзеш, Алена…
— А як-жа, прыйду…
1946 г. Глінішча
Павел прыехаў
Насця толькі што вярнулася ў хату, правёўшы кагосьці з гасцей. У пакоі стала прасторна i ціха, — пайшлі госці i панеслі разам з сабою i шум, i крыкі. За сталом сядзелі адны Павел ды Марцін.
Насця зморана апусцілася на лаўку, паклала абедзве рукі на ўскрай стала, нібы ёй самой цяжка трымаць ix, спакойна акінула чорнымі, зацененымі бяссонніцай вачыма таварышаў. Марцін хрыплым пасля песень i гарэлкі голасам апавядае пра нейкую партызанскую засаду. Правая Марцінава рука ляжыць на Паўлавым плячы, пальцы трымаюцца за пагон; здаецца, што Марцін толькі што абымаў таварыша. Павел слухае з цікавасцю, у вузкіх шэрых яго вачах час-ад-часу ўспыхваюць неспакойныя агеньчыкі…
Колькі-ж гэта яны будуць апавядаць адзін аднаму пра свае баі i засады, напэўна, канца не будзе іхняй размове, а на дварэ пачынае світаць. Насця знарок шырока пазяхнула i сказала:
— Пілі, елі, маладую бачылі? Пара i чэсць ведаць…
— Як тэта? — нібы не зразумеў Марцін. У кутках яго вуснаў затрапятала затоеная ўсмешка.
— А так — трэба ўставаць з-за стала.
— А-а, вунь што, загадваеш, значыцца, эвакуіравацца…
Марцін падняўся, падзякаваў Паўлу i Насці за пачастунак.