— Дзядзька Скорык, куды вы так рана?
— А-а? — прахапіўся той. — Хто-ж гэта? — жмурыў блеклыя слепаватыя вочы стары, узіраючыся ў твар вайскоўца:
— Паўлік Абуховіч?! — пазнаў ён, нарэшце, i жоўтыя яго бровы слаба дрогнулі. — Мне казалі, што прыехаў, учора… Ды вось, на працу… Марцін сказаў, што трэба канчаць свіран… цеслярам сказаў.
— Вы ў цяслярнай брыгадзе?
— Што кажаш? Ага, цясляр, Паўлік… Дык я i іду…
— Рана-ж яшчэ, дзядзька Скорык! Хто-ж у такую рань пачынае працу?
— Э, чаго там рана, Паўлік. От дацягнуся памалу, вазьму сякеру ды буду цюкаць памаленьку…
«Колькі-ж яму цяпер год?» — падумаў са здзіўленнем Павел, пазіраючы ўслед старому, які паволі брыў па вуліцы. Яшчэ калі Павел ішоў у армію, Скорыку было каля сямідзесяці, ужо тады ён быў ледзь не самы стары чалавек у Каранеўцы. Яго аднагодкі або спалі ў зямлі, або сядзелі на печы, а стары Скорык яшчэ быў моцны, амаль штодня хадзіў са сваёю сякераю на калгасныя будоўлі…
Сонца пакуль недзе спала, але на вуліцы пачынала днець. На траве ляжалі буйныя мутныя кроплі расы. Павел павярнуў з вуліцы на дарогу, што паўз калгасны двор вядзе ў поле.
На дварэ, як i на вуліцы, было яшчэ пуста, адно каля кароўніка ішлі дзве жанчыны з цынкавымі вёдрамі, напэўна, даяркі. Раптам да Паўла дайшло спакойнае, прадяжнае — му-у, му-у-у, дыхнула салодкім пахам цёплага сырадою.
Ен акінуў шэрымі, крыху стомленымі вачыма спачатку прыземістую даўгую будыніну кароўніка, на якой яшчэ не паспелі пасівець бярвенні, потым канюшню, што цягнулася насупраць, з другога боку двара. За канюшняй тырчэў яшчэ адзін даўгі зруб, але няскончаны; пляскаты яго верх, без крокваў, нагадаў Паўлу хаты, якія ён бачыў, калі ваяваў на Каўказе.
Паўлу ўспомніліся Марцінавы словы: «Горка было спачатку. Hi каня, ні каровы. Толькі вол, дый той гол, як у прымаўцы… Мяхі з насеннем плішчылі аж на „Кругі“ на ўласным гарбу. Зямлю дык жалязякамі калупалі…»
За калгасным дваром на выхадзе ў поле яго дагнала Насця.
— Лёг-бы, падрамаў трохі! Нібы не паспееш пабачыць заўтра. А то вочы, як медзякі, — папракнула Паўла i, гарэзна ўсміхнуўшыся, дадала: — Калі яшчэ я гадзінку пабуду з табою адна? То жніво, а то госці — нацалавацца як след няма калі…
Павел засмяяўся. Да спадобы была яму Насціна задзірыстая шчырасць i вясёласць…
— Што-ж гэта вас ні свет ні зара прынесла сюды, — такімі словамі спаткала ix Алена, калі яны прыйшлі на ток.
— А ты вось запытайся яго, — Насця з папрокам зірнула на свайго чалавека. — Хіба-ж яго, упартага, стрымаеш?.. Ат, няхай, не перарвецца… Паспіць яшчэ, хопіць часу.
Алена засядзелася на вечары ў ix у гасцях нядоўга. Павел, для якога яна была вельмі дарагім госцем, з самага пачатку вечара заўважыў, што ёй сярод гэтага вясёлага тлуму i гаворак нялёгка. Павел непрыкметна сачыў за ёю i стараўся развесяліць. Алена то смяялася разам з усімі, то раптам хмурнела, пухкія, як у дзяцей, губы дрыжэлі, i Паўлу здавалася, што яна вось-вось зарыдае. Яна першай паднялася i пачала было развітвацца, але Насця ўгаварыла яе застацца. Усё-ткі Алена села за стол неахвотна. Не мінула, напэўна, i поўгадзіны, як устала зноў…
На мастку стаіць Вольга. Як заўважыла Паўла, кінула ўсё, саскочыла. Усміхаючыся шырока, папраўляючы рукою запыленыя бялявыя валасы, што выбіліся з-пад хусткі, падышла да Паўла.
— Дзень добры, Павел! Паглядзець хочаш на нас тут… Шумна тут, пыльна — бачыш — чорная якая? I няёмка паказвацца такой госцю.
— Ну, скажаш. Самы прыгожы выгляд! Пазайздросціць можна!
— Не смейся, Паўлік!
— Ад шчырага сэрца, Волечка!..
Каля Паўла хутка збіраўся натоўп. Пра тое, што ён вярнуўся з арміі, ведала, мусіць, усё сяло, але бачыць яго давялося мала каму, бо людзі ўвесь дзень былі на полі. Ад сцірты, ад трактара, ад вазоў, на якіх вазілі снапы i мяшкі са збожжам, падыходзілі i падыходзілі жанчыны, мужчыны, падлеткі. Віталіся з земляком.
Шмат каго з моладзі Павел не пазнаваў, бо тыя, калі ён ішоў у армію, былі дзецьмі i за гэты час вельмі змяніліся.
— Чый-жа гэта? — не раз пытаўся ён, падаючы руку якому-небудзь доўгаму загарэламу падлетку з віхрастаю чупрынаю.
Людзі лавілі кожнае слова, якое казаў Павел. Усе чакалі, Павел зараз пачне расказваць пра баі, пра заграніцу. А Павел нічога не адавядаў, a ўсё распытваў—пра ix клопаты, пра малацьбу, пра жніво.
Цікаўныя вочы маладых найбольш пазіралі на пагоны з трыма зорачкамі i маленькімі танкамі, на тры ордэны i на медалі, што зіхацелі на грудзях. Яны глядзелі на земляка з гордасцю, і, напэўна, не адзін з ix пазайздросціў Паўлу… Старым больш кінулася ў вочы, што Павел вельмі змяніўся за гэтыя гады з аблічча. Па краях шырокага добрадушнага рота глыбока ўеліся два раўчакі маршчын. На шчаках i на шырокім, з надброўнымі дугамі, ілбе бялела некалькі плям, якія асталіся пасля аднаго бою, калі Паўлаў танк згарэў ад нямецкага снарада.