Выбрать главу

— Цыркуляр, Майсеевіч!.. — іранічна прамовіў старшыня i таямніча на вуха шапнуў старому: —Дзяўчына ў мяне ў горадзе ёсць… Абяцала пісаць i — хоць-бы слова!..

— А, вер ты цяпер дзяўчатам!..

Тым часам у гэтыя дні Баклана ўсё больш апаноўвала няўпэўненасць, невядомая раней гэтаму чалавеку.

Ён пачынаў у глыбіні душы адчуваць, што як ні прыкра, трэба прызнацца, што ён памыліўся, што мае рацыю не ён, a іншыя — якія галасавалі за вымову.

Сумненне пачало змяняцца непакоем. Цяпер Васіль стаў часам пабойвацца прыезду Кавалевіча.

Кавалевіч яшчэ, чаго добрага, дадасць да ўсяго. Партыйнага сходу, — скажа, — не паслухаўся. Распусціўся… Забыў пра абавязак перад комсамолам, перад партыяй…

Цяпер, пасля сходу, бачылі, ён стаў нейкім стрыманым, паглыбленым у сябе. Пачаў больш прыглядацца да жыцця ў калгасе. Праверыў, як трымаюць у свірне насенне, i выявіў, што ў ім многа вільгаці. Ну i дасталося кладаўшчыку ад старшыні: доўга будзе помніць нядбалец. Некалькі дзён пасля гэтага Баклан зноў заходзіў сюды, сачыў, як ідзе прасушка. Выклікаў да сябе ў канцылярыю ўсіх людзей, якія мала хадзілі на працу, пагаварыў з кожным…

Часам, аднак, непакой адыходзіў. Да яго вярталася ранейшая ўпэўненасць i бесклапотнасць. «Не, Кавалевіч не можа забыць таго… — думаў ён. — Кавалевіч ацэніць…»

Аднойчы, так i не дачакаўшыся ліста, Баклан запрог каня i паехаў на Прыпяць да знаёмага рыбака, куды ён любіў часта наязджаць i раней. Васіль вельмі любіў, як сам казаў, «ласавацца рыбкаю», — бывала, цэлымі тыднямі прападаў з рыбакамі на ціхіх прыпяцкіх водах. Прыемна, спакойна на рацэ, асабліва, калі багаты ўлоў, але не менш падабаліся Васілю вечары на беразе — вясёлы агонь, на якім булькоча-кіпіць у катле юшка…

Пад вечар у той самы дзень прыехаў Кавалевіч… Яго сустракаў Гаўрыльчык, Бакланаў намеснік.

II

Як толькі пачало займацца на дзень, Кавалевіч прахапіўся. Першае, што ён пачуў, — недзе непадалёк аб дрэва бразнулі вядром, услед за гэтым працягла зарыпеў журавель. Кавалевіч адкінуў коўдру, пачаў апранацца. Можна было-б яшчэ спаць: ноччу яны з Гаўрыльчыкам доўга гаварылі i разышліся толькі а чацвёртай гадзіне. Да таго-ж спяшацца сёння няма куды — ён прыехаў у госці, Але Кавалевіч ведаў, што ляжаць больш не зможа, гэта быў той час, у які ён заўсёды падымаўся. Кавалевіч у змроку вобмацкам знайшоў боты, хутка абуўся i выйшаў у другі пакой, дзе спаў Гаўрыльчык.

Таго ў хаце ўжо не было. Арына, Гаўірыльчыкава жонка, завіхалася пры печы, у якой лютавала прагнае полымя. Яна якраз, пазіраючы ў печ, ставіла на вілках чыгун, накрыты скавародкаю. Паставіўшы чыгун, яна кісцю рукі выцерла лоб i лагодна прывіталася з госцем. Гэта была невысокая, але статная, маладая жанчына, вельмі спакойная i павольная. На яе пухлых дзіцячых шчочках, каля кірпатага носіка, пунцавелі ад спёкі, якая патыхала з печы, два кругі. Арына сказала, што Рыгор ужо гадзіну, напэўна, як на калгасным дварэ.

— Па сена людзей, бачыце, трэба паслаць. Дык Рыгорка падаўся, непакоіцца, каб якой замінкі часам не было… — яна вілкаю прыгарнула жар да чыгунка, уздыхнула. — Ой, гора мне з ім… Цэлыя дні, бывае, не загляне ў хату…

Арына падала госцю мыла ў мыльніцы з зялёнай пластмасы, стала паліваць з мядзянай конаўкі на вялікія бледныя рукі госця. Пры гэтым, не сціхаючы, увесь час гаманіла.

— …Ну, што-б яму — рабіў-бы за сябе i хопіць. Гэта-ж столькі людзей у калгасе, столькі клопату ў кожнага. Хіба за ўсякім даглядзіш? Дык не-ж, ён да ўсяго мае дачыненне. Усюды сваё слова ўставіць!.. Баклан не глядзіць сам нічога, дык ён i за яго, за старшыню, стараецца… А як-жа, ён, бачыце, намеснік.

Кашлатыя чорныя бровы Кавалевіча насцярожана падняліся — зараз яшчэ што-небудзь скажа пра Баклана. Не, усё пра адно, пра Рыгорку свайго…

— Баклан — што-ж, выходзіць, не глядзіць? — запытаўся, здавалася абыякава, Кавалевіч, далонню сціраючы з шырокага зямлістага твару ваду.

Яна адказала не адразу. Вынесла з пакоя, дзе спаў Кавалевіч, чысты з вышыванымі пеўнікамі ручнік, падала госцю. Потым махнула рукою…

— Кепска, скажу я вам, калі тваім начальнікам заслужаны чалавек. Яму хочацца то на Прыпяць, то ў горад ехаць, — ліха яго ведае, чаго захочацца чалавеку на выгодзе! — a калі што трэба, то ты рабі, Рыгорка… Прыедзе хто з райза ці з эмтээса — усе да Рыгоркі.

Яна накіравалася была да печы, але раптам спынілася і, павярнуўшы да Кавалевіча поўны, круглашчокі твар, бліснуўшы весела вачыма, дадала:

— Тут у нас пра яго, пра Баклана, жартуючы, кажуць: харошы старшыня — трынаццаць нямецкіх эшалонаў спусціў!