Ix спаткала на ганку Васілёва маці, прыветлівая жанчына ca светлымі, ледзь прыкметнымі, як у сына, брывамі. На галаве ў яе была новая пярэстая хустка з махаркамі. Старая чакала гасцей, — дачуўшыся ад хлопца, якi прывёз рыбу, што прыехаў сынаў камандзір, яна пачала адразу смажыць i пражыць, напякла цэлую гару дранікаў.
Пакуль збіралі на стол, Кавалевіч разглядваў фотакарткі, што віселі над сталом. Карткі амаль усе былі новыя, пасляваенныя. Некалькі маленькіх захавалася i з партызанскага часу: гэтыя былі памятыя i невыразныя, — відаць, ix рабіў неспрактыкаваны чалавек. На адной картцы, устаўленай у рамку вішнёвага колеру, пад шкло, Кавалевіч убачыў сябе: ён, седзячы пры камлі, слухае партызана, які стаіць на кукішках i нешта паказвае на памятым лісце паперы. Партызан зняты са спіны, але па абрысах постаці не цяжка пазнаць, што гэта Баклан.
Поруч другі здымак, таксама ў рамцы, але на ім зняты Баклан адзін. На грудзях бялеюць ордэны i медалі. Картка зроблена пасля вайны, можа, пасля атрымання апошняга ордэна. Вось яшчэ два такія самыя здымкі, толькі што без рамак; яны пажоўклі. А вось тут Баклан зняты ў адных штанах, закасаных вышэй кален, — ён стаіць у вадзе i, весела ўсміхаючыся, трымае за галаву вялізнага шчупака. Шчупак бездапаможна расчыніў востры драпежны рот, — напэўна, калі здымалі, ён быў яшчэ жывы. На другой сняне здымкі з газет. «Уся біяграфія ілюстравана», — падумаў мімаволі Іван Савіч.
Баклан дастаў са скрыні дзве літровыя пляшкі. Паставіў на стол, падміргнуў таварышам:
— Хопіць гаручага?.. Усё роўна як чуў, што госці прыедуць, прызапасіў.
Ён задаволена акінуў вачыма стол. Кавалевіч не можа пакрыўдзіцца, што сустрэў яго не так, як трэба. Вось хіба нядобра, што не спаткаў адразу. Але-ж ён не ведаў, што камандзір прыедзе; а каб ведаў, то падводу нават паслаў-бы насустрач, на станцыю.
Перш выпілі за спатканне, потым за Бакланаву маці. Трэці тост паднялі за атрад «Смерць фашызму». Бакланава маці, якая таксама выпіла чарку за спатканне, устала, пакінула таварышаў адных.
— Бывала, ноч. Месяц, як знарок, каб ён быў няладны… — пачаў Баклан, — а ты дзяжурыш дзе-небудзь каля «жалезкі», цікуеш. Падабраўся да рэек, хутчэй разгроб шчэбень, падставіў скрыначку, адбег… I вось, паравоз— чы-чы-чах, чы-чы-чах… Вагоны адзін за адным ляцяць — гарматы, заваёўнікі. На ўсход спяшаюцца, па «сусветную прастору»… I раптам — г-га-ах! Усё к чорту, адразу, р-работка.
Баклан, ахмялелы ад віна, ад успамінаў, не гаварыў, a грымеў—«г-га-ах», «р-ра-а-ботка». Ён ад узрушання прыўзняўся, на грудзях, нібы ў пацверджанне яго слоў, зырка бліснулі два ордэны i тры медалі.
Цяпер, калі Баклан зноў убачыў перад сабою камандзіра атрада, калі з такой хвалюючай яркасцю ажыло былое, трывожныя думкі i няўпэўненасць пакінулі яго. У іхніх з Кавалевічам адносінах, здалося яму, нічога не змянілася: камандзір атрада быў такі, як i раней, блізкі, «свой». Да Баклана зноў вярнуліся звыклыя прыемныя думкі, якія адна за адной пачалі знікаць пасля партыйнага сходу. Тая слава, якой Баклан ганарыўся, цяпер зноў заззяла ў яго вачах, засланіла сабой усё іншае.
Падрыўніка захапілі ўспаміны. Ён стаў прыгадваць баі, паходы на «жалезку».
Аднак Кавалевіч, які, бывала, сам любіў успомніць i пагаварыць пра «тыя дні», на гэты раз слухаў успаміны абыякава. У яго быў сёння багаты новымі, яркімі ўражаннямі дзень, яго думкі ўвесь час кружыліся вакол таго, што ён бачыў на іржышчы, каля малатарні, каля зруба. Думкі гэтыя не давалі спакою, нецярпліва біліся вонкі.
Гаўрыльчык здагадваўся, аб чым хочацца гаварыць госцю, i спрабаваў змяніць гаворку, але Баклан не заўважаў нічога. Ён у другі раз стаў апавядаць пра тое, як падарваў мост на Тур’і, па якому праходзіла захопленая ворагам чыгунка.
— Досыць ужо, Васіль, пра гэта… Мы-ж ведаем усё i самі… — перапыніў, нарэшце, Іван Савіч старшыню. — Ды i чаго там хваліцца столькі!
Ён падумаў, што гаварыць так таварышу, з якім даўно не бачыліся, нядобра, але не хацеў крывіць душой. Баклан ад нечаканасці асекся, не адразу знайшоўся, што сказаць.
— Новым пахваліцца? — прамовіў ён пасля. — Чымжа пахваліцца? От лінькоў, бачыце, прывёз з Прыпяці… Сам налавіў, сваімі рукамі! — паспрабаваў Васіль звесці гаворку на жарт.
Кавалевіч ад гэтага жарту спахмурнеў.
— Лінькоў, кажаш, з Прыпяці прывёз? Сам сваімі рукамі налавіў? Што-ж, лінькі смачныя — не ганю. За лінькі, Васіль, дзякую!..
Ён змоўк. Баклан толькі цяпер заўважыў, што Кавалевіч нібы чымсьці незадаволены. «Відаць, я вельмі выстаўляў аднаго сябе», — вытлумачыў па-свойму Баклан i рашыў паправіць памылку.